Выбрать главу

Неяк па-простаму, рыхтык даўно знаёмы, падаў Уладзіміру руку, паціснуў моцна, усміхнуўся, вышчарыўшы роўныя і на дзіва белыя зубы:

— Здароў быў! Ты хто? Што робіш?

— Ды... вось, дровы шчапаю. Вучуся, сесію здаю, пад'ехаў, — трохі разгубіўся Уладзімір ад такога напору.

— Зразумела: студэнт! Мяне Антосем завуць. А прозвішча Зубель. Ведаеш такое?

— Дзе там...

— І добра, адкуль табе Зубеляў ведаць? — рассмяяўся мужчына, падышоў да старога, парукаўся з ім.

— Што, дзед, яшчэ перазімаваць хочаш? Адпачываў бы, калі ёсць каму сякерай махаць. Ці на клодаўе не пара?

— Будзе пара — прыйдзе гара, — адказаў без крыўды Уладзя. — Там і адпачну, як рукі складу. Я табе травы на гарбату назбіраў, гэта будзе на ранне піць. Не паблытай, а то пап'еш увечары — спаць не будзеш.

— Дзед, ды табе трэба сваю фірму арганізаваць! — пасмейваўся мужчына, пакуль Уладзя выносіў з сянец мяшэчак, відаць, з сушанай травой. — То ж найэфектыўнейшы энергетык, ды яшчэ натуральны! Мы б з табой такія грошы паднялі!

— Мне маіх досыць, — адмахнуўся стары. — Ты свае пазбірай па палёх.

— Пазбіраю, — без усмешкі адказаў Зубель, узважыў на руцэ мяшэчак. — Во, заўтра з раніцы пачнём новае жыццё. Надакучыла заморская кава, аж у роце смягне. Ганначка пыталася, ці ўсё добра? Калі нядобра, то яна сёння яшчэ кропельніцу паставіць.

— Добра, дзякуй ёй. Чаго ёй клопат лішні трэба. Што, зноў ты па яе паедзеш?

— Вядома ж, паеду, — упарта кінуў галавой мужчына. — Я ёй сказаў, што да яе асабіста падпушчу на крок таго, хто мне самому спадабаецца. А то бач, ездзяць, пачулі каты мяса. Гэй, студэнт, — павярнуўся Зубель да Уладзіміра, — ты таксама нашу Ганначку пабачыў і прыкмеціў? Глядзі, пакрыўдзіш — будзеш мець справы са мной, — ці то жартаваў, ці то казаў сур’ёзна.

— Бачыў і прыкмеціў, — крыху задзірыста адказаў Уладзімір, бо гутарка на двары падалося яму прыязнай, калі можна было і пажартаваць, і сказаць праўду. Ад Антося Зубеля прамянілася не адна ўпэўненасць, але і сімпатыя, хваля зычлівасці, што так знітоўвае людзей. І потым: Уладзімір раптам адчуў тое, пра што казаў яму Уладзя: ад Зубеля не ішла трывога, ля яго было спакойна, быццам у сярэдзіне ў Уладзіміра запрацаваў апазнавальнік “свой-чужы”, а ад Зубеля ціўкаў сігнал “свой”. Таму і дадаў Уладзімір нават з лёгкім гонарам: — Мы з ёй на сцяжынцы сустрэліся. Я дык і разгубіўся быў: падалося, сястру сустрэў, з якой шмат гадоў не бачыўся. Такое вось было...

— Ну, калі як сястра — гэта добра, — ухваліў Уладзіміравы словы Зубель. — Бо мы тут па-старому жывем: прыгожых дзевак і добрых кароў з сяла не выпускаем... Слухай, студэнт, а ты дзе жывеш і што робіш?

— У горадзе пакуль што... Вучуся. Думаю, уладкуюся на працу.

— Во, на халеру табе ўладкоўвацца? Хочаш, я табе работу дам? — адразу прапанаваў Зубель. — Ці пакуль твая работа знойдзецца, у мяне папрацуеш.

Уладзімір усміхнуўся з такой практычнасці. Ніяк не чакаў падобнай прапановы, але, трымаючы ў свядомасці “круты” аўтамабіль Зубеля, падумаў, што работа яму можа быць прапанаваная самая розная. Можа, і цікавая. Але надта неяк усё хутка...

— Што за работа? — усё ж спытаў ён.

— Крутая работа! — запэўніў Зубель. — Акурат для разумнага студэнта. Я прыдбаў новы кампутар, во вязу дадому. Яшчэ там рознага начыння. Карацей, трэба мне ўдома сваю бухгалтэрыю наладзіць. Сеціва зрабіць, каб можна было і з ноўтбукам працаваць лежачы, а то, халера на яе, спіну за дзень натруджу, падаю пад вечар, а трэба ж ведаць, што ў свеце робіцца, з сябрамі перакінуцца, а то ваўком завыю. Там у мяне яшчэ розных дамоўленасцяў з сувяззю — падлучаць тое сеціва. Тэлефон я нядаўна правёў. Ты як, валачэш у такой справе?

— Ну, кампутар устанавіць не праблема, праграмнае забеспячэнне ўкінуць — таксама не цяжка. Але ж я бухгалтарскія праграмы не ведаю.

— Дык я ведаю! Курсы прайшоў. Ты мне рэшту пастаў, каб запрацавала. Ну, бярэшся?

— Дык... — разгублена павярнуўся Уладзімір да старога: — Дзед Уладзя, што спадару Зубелю адказаць?

— Дык калі можаш, чаму б не зрабіць добраму чалавеку? — усміхнуўся ў вусы Уладзя. — Пытай з яго за работу болей.

— Усё, я цябе забяру, — радасна пацёр рукі Зубель. — То я паехаў па Ганначку, дзед, ідзі сядзь, няхай сэрца супакоіцца, каб яна не выгаворвала, — загадаў ён і пашыбаваў з двара да веснічак.