Аўтамабіль мякка завуркатаў, потым голасна пікнуўшы, развярнуўся і знік.
— От, чалавек, як віхор, — не з асуджэннем, а болей з захапленнем сказаў услед Зубелю Уладзя, але паслухаўся, прысеў на доўгую і шырокую лаўку пад сцяной сянец. — Сядзь і ты, пакуры. Не паспеюць згніць дровы, у Бога дзён многа, пашчапаем і прыбярэм.
— А хто ён? — запытаў Уладзімір, кіўнуў у той бок, дзе стаяла машына Зубеля.
— Ды наш, мясцовы. Вёска тут недалёка, а ля яе хутар. Ягоных дзеда і бацькі. Доўга яго тут не было, кажа, у Сібіры быў, грошы ўсё зарабляў. Адно што наязджаў. Аж калі бацькі памерлі, тады прыехаў надоўга. Перш хацеў хату прадаць... Але ж нешта перадумаў. Зямлі ўзяў ля хаты — там іх зямля была заўсёды, а калгасу ад той зямлі карысці мала было — няўдобіца, пад'езду няма. Вось ён і стаў па-цяперашняму фермерам. Адзін жыве...
— Зразумела.
Антось Зубель праз чвэрць гадзіны зноў пад'ехаў да Уладзявай хаты. Гэтым разам ён, выскачыўшы са свайго месца, кінуўся да супраціўнага боку машыны, адчыніў дзверцы і з выразнай галантнасцю, з вясёлым форсам падаў руку пасажырцы.
Уладзімір пазнаў у жанчыне Ганну. У руках яе была невялікая сіняя торба з белым медычным крыжам. Спаднічка амаль такога ж сіняга колеру высока адкрывала калені, блакітная саколка шчыльна аблягала цела, і таму такімі выразнымі былі яе грудзі. Недзе ў падсвядомасці ў Уладзіміра варухнулася думка, што гэтыя грудзі засумавалі... па дзіцячым раточку. Ганніны валасы былі заплеценыя ў няшчыльную касу і перакінутыя наперад, на плячо.
— Студэнт! Чуеш, студэнт! — ад веснічак закрычаў Антось. — Да мяне заўтра едзем, а сёння табе задачка — паправіць Ганначкін кампутар.
— Дабрыдзень! Я ж казала — сустрэнемся.
Жанчына ўсміхалася ветла, зусім як роднаму — не мог Уладзімір пазбыцца гэтага пачуцця.
Адказаў на прывітанне як мог цёпла.
— І ў вас кампутар сапсаваўся?
— Ды, мабыць, падхапіла нейкую заразу — малюначкі малюе на экране, розныя надпісы, праграмы не працуюць. Потым пра яго, — адмахнулася Ганна і падышла да Уладзі. — Як маецеся, спадар Уладзіслаў? Бачу, твар ружовы, пульс, — яна ўжо трымала старога за руку, — крыху часціць. Памахалі сякерай? Ну, я ж казала, каб шанавалі сябе ад такой справы хоць на колькі дзён. За пляшку чарніла я вам такіх работнікаў найду — пашчапаюць і складуць.
— Не трэба сюды алкашоў ніякіх, тут во студэнт за парабка дае рады, — рагатнуў Антось Зубель, прысеў на калодку побач з Уладзімірам.
Ганна, як зразумеў яшчэ раней Уладзімір — фельчарка акушэрскага пункта, прысела да Уладзі на лаўку, борзда дастала апарат для вымярэння ціску, праверыла ў старога двойчы. Уважліва глядзела на стрэлку манометра, аж хмурыла свае густыя бровы.
— Ну, як быццам усё добра. Раніцай забягу яшчэ праверыць. Кропельніцу не ставіць? Як сэрца? П’яце пігулкі?
— Усё добра, дачушка, — падзякаваў Уладзя. — П’ю твае пігулкі. Праўда, добра. То нешта во хапіла было, прыціснула...
— Меней тэлевізар глядзець трэба, — дакончыў нечакана Антось Зубель. — Я вунь таксама як паглядзеў апошнія навіны, дык не спаў тры дні.
— А што за навіны? — засаромеўся, але ж спытаў Уладзімір. — Нешта нічога не чуваць было такога.
— От заўтра мне сеціва падлучыш і сам усё даведаешся. А зомбаскрыню глядзець — адно потым сліна цячэ, плявацца хочацца.
Ужо звечарэла, сонца за блізкі лес схавалася цалкам. Уладзімір ішоў з Ганнай ціхай пустой вуліцай вёскі. Ён наагул першы раз ішоў Карчавахай — за тыя прыезды адно даходзіў да крайняй з лесу Уладзевай хаты.
— Вось такая стала наша Карчаваха, — невясёла казала Ганначка. — Пустая і сумная. Некалі на дваццаць двароў было паўсотні дзяцей. А потым раптам усё знікла, за адно маё жыццё. Цяпер во пяць хат засталося жывых.
— І ў мяне на радзіме гэтаксама, — падтрымаў тэму Уладзімір. — Хто на цэнтральную сядзібу падаўся, хто ў горад з'ехаў.
Вуліца была шырокай. На месцы колішніх хат буяла зелень. Высачэзныя ліпы і бярозы паказвалі сабой былыя месцы сядзібаў. Дзе-нідзе ў гародах стаялі яблыні. Платоў амаль не было. Ад самой дарогі, ужо добра ўтравелай, высокая някошаная расліннасць падымалася ўверх, пад платы. Жывы двор пазнаваўся адразу, па траве — яна была скошаная ад плота і да самой дарогі на шырыню ўсяе сядзібы.
— Не сумна тут адной жыць? — запытаў Уладзімір.
— А чаго мне сумаваць? Не дадуць, — усміхнулася Ганна. — Тут мне спакайней — не так даймаюць бабулькі з рознымі балячкамі. Хоць і падымуць сярод ночы, але ж тое рэдка. А былі мне далі кватэрку ў аграгарадку, дык за дзень два дзясяткі гасцей перабыло...
— І вы адтуль уцяклі?