Выбрать главу

— Кажы мне ты... Не, не ўцякла. Кватэра зімой так прамярзала — нішто не ратавала. Дом збудавалі паводле прэзідэнцкай праграмы, каб як хутчэй, дык вецер праз сцены свістаў. Вада перамерзла, каналізацыя. Я і кінула той дом. Яго адзін механізатар узяў, надумаўся сам усё дарабляць, калі калгас яму заплаціць. А я ж не ўмею...

— І мужа няма, я чуў. А чаму не замужам? — задаў пытанне Уладзімір і сам здзівіўся таму, як проста яно прагучала. — Вы... ты не крыўдуй за такое нахабства, я без усякага падтэксту пытаюся. Кажу ж, мы сустрэліся, а мяне рыхтык хто мехам з мякінай па галаве выцяў: вось ведаю цябе і ўсё тут!

— Так бывае, — лёгка згадзілася Ганна. — Так бывае... А не замужам, бо мужа надта строга выбіраю, — усміхнулася амаль гарэзліва і трошкі сумна.

Вёска выцягнулася на паўкіламетра — хаты стаялі некалі па адзін бок вуліцы і далёка адна ад другой. Ганна жыла на супраціўным ад Уладзі канцы.

— А во тут баба Маня жыве, — Ганна кіўнула на жоўтае акно невялікага старога дома. — Калі мае бацькі загінулі, мне ўсяго шаснаццаць было, то яна мне і за бабулю была, і за маці, і за бацьку. Не ведаю, як бы я без яе і выжыла...

— А як... здарылася? — асцярожна спытаў Уладзімір і здумаў адразу расказаць пра сябе: — У мяне... бацька загінуў таксама. Малады яшчэ быў, бойка была п’яная, нагу яму парэзалі, крывёю сцёк. А маці захварэла на менінгіт, як напілася моцна, застудзіла галаву. І брат во сёлета п'яны згарэў... Разам з бацькоўскай хатай. То я без анічога — пакацігарошак...

— Мае загінулі разам... Неяк так выйшла... страшна. Ехалі на возе сена, надвячорак быў. Далёка адсюль, сена набылі ўвосень, свайго не змаглі накасіць, не даў калгас, бо карова ацялілася, і цялятка здохла. Не даў цяля — не далі сена. Там рэчка цячэ вялікая, глыбокая. І мост цераз яе стары, драўляны, парэнчаў няма. На сярэдзіне мосту, людзі бачылі, конь раптам упудзіўся, спужаўся нечага і кінуўся ўбок. Воз і кульнуўся... проста ў рэчку. Там і глыбока, і плынь хуткая, ды яшчэ і воз упаў на людзей, і конь. Жудасна было... Ну, вось і прыйшлі, мой дом!

Уладзімір адразу і не заўважыў хаты — такія вялікія два кусты язміну раскінуліся шырока, засцілалі сабой сцяну дома.

Гэта быў звычайны вясковы дом: першая палова і другая, большая і светлая. Грубка справа дзяліла пакой на дзве часткі — адна частка была завешаная ад Уладзіміравых вачэй доўгімі і шырокімі шырмамі. У другой палове стаяў сучасны кампутарны стол, на такой жа сучаснай тумбачцы — тэлевізар, стаяла вялікая кутняя канапа, невялікая шафа з кнігамі. Усё разам размяшчалася так, што ўтваралася і рабочая частка, і частка для адпачынку. Уладзімір не змог стрымаць захаплення:

— Як у цябе тут нечакана па-сучаснаму і ўтульна! О, тут бы я хацеў жыць!

І асёкся, бо гэта выглядала, як няўклюдны намёк. Але Ганна зрэагавала толькі на тое, што менавіта і меў на ўвазе Уладзімір:

— Нічога, некалі ў цябе будуць жонка і свой дом, і будзе ў ім усё так, каб было прыемна і папрацаваць, і адпачыць.

— А не баішся, калі заўтра пачнуць казаць што якое пра цябе? — запытаў Уладзімір, умыкаючы кампутар. — Увечары некага ў госці прывяла.

— Не, не баюся, — адмахнулася жанчына. — Яны мяне за гэтыя гады добра вывучылі. Што гатаваць: гарбату ці каву? Ой, ты ж галодны, мабыць? Ад абеду нічога не еў, так?

— Не еў, — не стаў хлусіць Уладзімір. — Так што калі мяне сястрычка пакорміць, буду лячыць ёй кампутар задарма!

— Добра, брацік, — адказала задуменна Ганна. — Мне таксама дужа хацелася б, каб быў у мяне вось такі брат...

Уладзімір адчуў, як лёгкая гарачыня чапіла ягоныя вушы.

Увакнуў кампутар і свой ноўтбук.

Калі Ганна прыгатавала вячэру, ён аж успацеў ад хвалявання, трывогі і клопату: кампутар быў так заражаны вірусамі, што “вылечыць” яго без кардынальных захадаў было немажліва. Так і сказаў быў Ганне, на што яна махнула рукой: рабі, як ведаеш. Дзеля ўсяго (раптам давядзецца фарматаваць дыск) зрабіў поўную рабочую копію сістэмы, скінуў сабе на ноўтбук. Але, дзякуй Богу, абышлося: адна з сцягненых антывірусавых праграм змагла запрацаваць, крыху расчысціла месца, потым і іншыя пайшлі. За гадзіну кампутар ажыў.

— Ну, вось, можна працаваць! — з палёгкай павярнуўся да Ганны Уладзімір. — Нават нічога не перастаўляў. Антывірус усталяваў, але будзь уважнай: не клікай на розныя прывабныя фотаздымкі, спасылкі.

— Дык мне і даслалі здымак адзін, — успомніла Ганна. — Паспрабавала адкрыць — нешта незразумелае пачалося. Сюрпрыз... Ну, добра, еш, зарабіў, — са шчырай усмешкай запрасіла яна.

Уладзімір не мог пры стале пазбыцца пачуцця, што ён — дома. Гэта было як чарговае насланнё, але Уладзімір песціў яго, асцярожна прыслухоўваючыся, баючыся напалохаць, каб не знікла. Бо так цёпла і ўтульна было ад таго пачуцця...