Кухня была таксама цалкам сучасная, як у кожнай кватэры, утульная, аднак, адразу кідалася вочы — няма тут гаспадыні, не прыкладвала сюды руку жанчына. Нейкі строгі парадак, як казармавы, усё на месцы, быццам і ўтульна, але ж не тое і не так. Вось тых самых кветак у вазонах няма. Якая гаспадыня абыдзецца без кветкі на кухні?
З высокай лядоўні Антось дастаў каўбасу, масла, паставіў чайнік на пліту.
— Сядай, студэнт, пачувайся вольна, рэж батон. Гаспадыні ў мяне няма, будзем самыя... Каб не ты — ляжаў бы Міцька са зламанай сківіцай, далібог. Ты выбачай, раніцай ніколі не п’ю, але цяпер вып’ю, даўно так не калаціла. Ты як, вып'еш?
— Крышку, за кампанію, — адказаў Уладзімір. — Зранку піць...
— Ведаю, дружа, ведаю, — уздыхнуў Антось, дастаў з шафкі пачатую пляшку, кілішкі. — Ува ўсякім правіле ёсць выняткі. Сёння нікуды не паеду...
Уладзімір зрабіў канапкі, запарылі гарбату. Антось выпіў кілішак, адламаў кавалачак хлеба.
— Ты бачыш, што з людзьмі стала? Гэта ж як трэба было над іх галавой папрацаваць, каб на мяне як на ваўка глядзець? У мяне трактар свой, цяпер во аддаў аднаму хлопцу з вёскі. Той мне ўсё поле абрабляе, адзін, а трактар цалкам у ягоным распараджэнні. Кожнаму, хто ні папросіць — ніколі з трактарам не адмаўляю. Дровы дык дровы, узараць — калі ласка, сена прывезці — няма пытанняў. У бальніцу каго закінуць — бягуць да мяне, хоць не блізка. З горада лядоўню прывезці ці тэлевізар — да мяне. А восень прыйдзе, адразу ж чарга, ці не б’юцца, каб дзялку буракоў выдраць, пачысціць і здаць. І патрабую ж вельмі добра чысціць, каб не спісвалі потым вагу, а бягуць навыперадкі. Бо грошы ў мяне зарабляюць. І ўсё адно я вораг ім. І спаляць жа некалі, думаеш, сумняюся? Спаляць. Можа, і жыўцом...
У Антосявых словах не было найгранай трагедыйнасці, і менавіта тое, што казаў ён пра вось такі свой лёс амаль абыякава, працінала Уладзіміра да дрыжыкаў на скуры. Каб неяк падтрымаць Антося, пачаў разважаць:
— Сам жа ведаеш: нельга быць усім добрым, пагатоў, калі наважыўся быць справядлівым. А сёння найменшая крыўда, калі яе на літры гарэлкі развесці, да дурнога падштурхне. Некалі... Некалі, мне бабуля казала, нашы вяскоўцы спалілі панскі дом. Першыя мужыкі напіліся для смеласці, пайшлі. Спалілі сядзібу, разам з панам і дзецьмі. Разрабавалі. Тады ці не ўся вёска была з Жабруноў. А сёння я — апошні. І дом мой згарэў... Праклён...
— Ды яны самыя сябе праклялі! Думаеш, той пан іх пракляў? Самыя! Як во Міцька. Гэта выкляты народ, разумееш? Выкляты. Няма ў яго будучыні, таму ён такі і ёсць: абыякавы да ўсяго, талерантны, як у тэлевізары кажуць. Чаму талерантны? Бо трываў і трывае. Усё трывае: здзекі з сябе, з родных, з дзяцей. Трывае. Чаму трывае?
— Не ведаю... — трохі разгубіўся Уладзімір — ён бачыў цяпер перад сабой не таго Зубеля, якога першы раз сустрэў на Ўладзявым надворку.
— А таму, маю пэўнасць, недзе там, у падсвядомасці, адчувае — яму канец. Ён выкляты. Міне колькі часу, яшчэ адно-два пакаленні — і вымруць. Нічога не застанецца.
— Слухайце... Слухай, Антось, калі ты кажаш, што ўсё дарэмна, што нічога не варта, дык на якую халеру табе зямля? — павагаўся і спытаў Уладзімір. — Дом? Ты, бачу, гэтулькі грошай сюды ўклаў. І ўкладваеш. Які сэнс?
— А куды мне тыя грошы было дзяваць? На дзевак? Чэрава гадаваць на курорце? Не маё. Я тут. А сэнс у тым, каб самому сабе давесці, што ўсё марна. Зразумеў? Не хачу з верай жыць, няхай знікне некалі разам з маім хутарам. От тады пайду ў белы свет і шкадаваць не стану. Але буду пэўны, што сваё зрабіў...
— Неяк надта ж змрочна.
— А што ім і мне застаецца? Ты ўспомні і палічы: колькі разоў прадавалі сябе, свае святыні? Паганства прадалі. Каталіцтва прадалі. Уніяцтва прадалі. Праваслаўе прадалі. Камунізм прадалі. Сябе і сваіх родных прадавалі, абы выжыць. Як чарвякі ў каравячым бліне: хай нядобра, затое цёпла і ёсць што есці. У людзей няма нічога за душой, нічога! Няма за што ўчапіцца ў гэтым жыцці. Стрыжня няма. Гэта не народ — гурт... Добра, потым, калі хочаш, пагутарым. Справа перш-наперш. Пад'еў? Хадзем, пакажу...
У вялікім прасторным пакоі стаялі скрынкі з розным кампутарным начыннем: сістэмны блок, манітор, калонкі, клавіятура і яшчэ ўсякая ўсячына. Ля сцен туліліся запакаваныя ў кардон пласціны ДСП — нешта з мэблі. Вялікая кутняя канапа, тэлевізар на падлозе. І ўсё.
— Карацей, з усяго трэба зрабіць утульны кавалерскі кабінецік, так? — са шчаслівым узбуджэннем запытаў Уладзімір. Яго вабіла такая работа: вось гара ўсяго, а тут прыклаў рукі — і ўвечары будзе шыкоўны пакой.