Выбрать главу

— Ты што, здурнеў? — ускочыла цетка Лёдзя.— Ты здзекуешея з нас!

— Нішто сабе жарцікі,— сказаў хлопец у дзвярах.— Я i ў школу не пайшоў.

— Адаме, кінь,— прасіў Стась.— Што, цябе жывога закопваць?

— Закопвайце!

— Але які з цябе Франко?! Хіба ты пішаш вершы?

— Закопвайце!!! — закрычаў нябожчык.

— До! Вылазь! — адзіным памкненнем усе кінуліся да труны i кульнулі яе.

Нябожчык вываліўся i цяпер нерухома ляжаў на падлозе. Яны штурхалі яго, казыталі, крычалі яму ў вуха. Потым нібы апамяталіся. Труп быў халодны. Не меў ні дыхання, ні пульсу. Дзеля пэўнасці Пятровіч нават адцягнуў павека, i ўсе ўбачылі, што зрэнка глыбока закацілася ўверх.

Яны паднялі цела, зноў паклалі яго ў труну. Потым сталі шукаць запавет. Пятровіч перагледзеў усе свае кішэні, баба Гунэфа зазірнула ў труну, Стась прысеў i абвёў вачыма падлогу, але марна. Паперкі нідзе не было.

— Насланнё якоесь,— змрочна паўтараў дзед Язахват.

— З-з-з,— вісела ў паветры муха.

— Трэба ж такому прымроіцца, ды каб усім,— сказаў Стась.

— Божа, божачкі, божухна,— паўтарала баба Гунэфа.

Цетка Лёдзя плакала, шчыльна затуліўшы вочы рукамі.

Усе сядзелі за вялікім сталом. У суседнім пакоі ляжаў нябожчык. Мама і цётка Лёдзя насілі розныя стравы, i над сталом падымалася пара. Але зусім не хацелася есці. Доўжылася цягучая пярэрва.

— Божа, як гэта ўсё нечакана,— сказала мама.

— Смерць заўжды нечаканая,— пацвердзіў Пятровіч з чаркай у руцэ.— Майму дзеду было дзевяноста тры гады. Мы нават ведалі дзень, калі ён памрэ. Так i здарылася. Доктар адгадаў. I ўсё адно нечакана.

— Страшна,— сказаў я.

— Што страшна? — завёўся дзед Язахват.— Нічога страшнага. Усё як мае быць. Чалавек прыходзіць i чалавек сыходзіць. Інакш не бывае. Кругазварот прыроды! Трэба цвяроза глядзець на рэчы. Наступны, відаць, памру я. Ці баба Гунэфа. Потым — твая маці, Лёдзя, Пятровіч, Стась. Нарэшце памрэш ты. I няма чаго наганяць страху! Калі добра ўдумацца, дык смерць бліжняга — гэта знамянальная падзея ў жыцці сям'і i суседзяў. А таму твой страх дрымучы. Ён яшчэ з тых часоў, калі людзі пня баяліся, бо не ведалі законаў прыроды! Чаму нараджэнне — свята, а скон — страх? Не разумею...

— Сапраўды,— сказаў Стась,— гэта не біялагічна раўназначныя з'явы i працэсы. Вось памёр дзядзька Адам. Гэта значная падзея ў нашым жыцці. Мы праводзім блізкага нам чалавека... Ды гэта проста здорава!

За сталом ажывіліся.

— Можа, мы i засумуем на хвілінку, але гэта будзе светлы смутак, радасны,— працягваў Стась, ставячы пустую чарку на стол.

— Як на Новы год,— уставіў я.

— Вось, вось. Мы трошкі сумуем, што адышоў яшчэ адзін год нашага жыцця, але гэта радасны смутак! Упэўнены, што i сам дзядзька Адам не жадае цяпер нашых слёзаў i гора.

— Ты маеш рацыю! — данеслася з суседняга пакоя.

— Але ж ен даваў даход сям'і,— сказала баба Гунэфа.

— Ён болей праядаў,— запярэчыў Стась.

— Стась! — сказала мама.

— Ён мае рацыю,— пачулася з суседняга пакоя.

— А ты маўчы,— крыкнула цётка Лёдзя ў расчыненыя дзверы i змахнула слязіну.

— Зялёная вішня,— зацягнула раптам баба Гунэфа, i жанчыны падхапілі,— з-пад кораня выйшла...

— Не, не, не,— запляскаў у ладкі Пятровіч.— Калі ўжо радасны смутак, дык радасны. Возьмем па чарцы i...

Мужчыны выпілі i бадзёра грымнулі старую ваяцкую песню.

Раставаў за вокнамі снег, лапкамі дагары ляжала на падваконні мертвая муха, a ў суседнім пакоі нешта сваё, тужлівае, спяваў нябожчык.

Што ж, няхай i сапраўды будзе знамянальная падзея. Калі-небудзь усе памрэм. Гэта я ведаю добра. Хто ў час, хто не ў час, але ўсе там будзем. Так што марна Стасік ходзіць на сваю аэробіку, марна дзед Язахват п'е сваю жывую вадзіцу. А па вялікім рахунку — нашто мне штодня цягацца ў школу? Раз-другі, вядома, яшчэ можна схадзіць, але кожны дзень... Усё адно паміраць. Усё памірае.

Вы паглядзіце на гэтую працэсію! Наперадзе, схаванае чырвоным крэпам, сутаргава сунецца лета. А за ім — маруднай чарадою, у чорных бастонавых строях, урачыста сыходзяць апошнія жнівеньскія дні...

1984

К-Х-Х!

Мы ішлі па старым бруку, праз стары лес. Адам нёс на плячы старую стрэльбу. Я трымаў у руцэ старую рыдлёўку. У старой Хадоры раз-пораз пачыналі млець ногі, яна адставала, прасіла не спяшацца.

Мы ішлі з самае раніцы, ад відна, а цяпер ужо бралася на вечар. Мы ніяк не маглі спыніцца i ўвесь час маўчалі. Усе — пра адно.

Адразу, як выходзілі з вёскі, мы думалі, што ўправімся хутчэй. «Тут?» — спытаўся я ў Адама каля першага крыжа. Але Адам моўчкі крочыў далей, нават не зірнуўшы на мяне. «Тут?» — пытаўся Адам, калі мы праходзілі другі крыж. I цяпер ужо я хаваў вочы, баючыся сказаць яму: «Так».