Выбрать главу

— Ды не, здаецца,— мне не хацелася строіць намёкі.

— Дык вось. Я зусім не прапаную вам стаць маей тайкай. Патрэба чыста утылітарная. Частыя хваробы падоўгу трымаюць мяне ў ложку. A неўзабаве лекары абяцаюць толькі пасцельны рэжым,— ен сумна ўсміхаўся.— Такім чынам, я крыху дбаю пра будучыню.

Ён прысеў на канапу, i твар ягоны зрабіўся шэры. Але ён працягваў казаць з усмешкай:

— Усе жыцце асцерагаўся кабетаў. А цяпер... Адным словам, пакідаючы жыццевую прастору, дбаю пра наступнікаў. Вы разумееце, пра што я кажу?

— Не зусім. Вам патрэбныя дзеці?

— Не, што вы! — ён сумеўся.— Можа, для вас усе гэта гучыць старамодна, але ж я й сам чалавек старарэжымны. Мне патрэбна клапатлівая гаспадыня, можа быць, i сядзелка, якая пасля майго адыходу да лепшага свету проста так не возьме ды не выкіне ўсё гэта на сметнік.— Ён паказаў рукамі на свае кніжныя паліцы, стосы папераў i тэчак.— Павінна быць пераемнасць. Тут усё мае жыццё. I я пасля смерці хацеў бы ў гэтым жыць. Больш мне проста няма на што спадзявацца. Той свет для мяне — тут. I таму я шукаю наступніцу, калі й не духовую, дык хоць бы клапатлівую. A які гаспадар з хлопца? Дый перапісаць на хлопца кватэру, самі разумееце, нашмат цяжэй. Усынаўлю я яго, ці што?

Прапанова была дзіўнаватая. Але гэты чалавек не выклікаў агіды ці страху. У рэшце рэшт, ён казаў вельмі практычныя рэчы. I мы працягвалі размову.

— Няўжо да вас зусім ніхто не заходзіць? — спыталася я.

— Бываюць... Пара гэткіх жа нямоглых прыяцеляў. Мы адвыкаем рабіць візіты. Есць тэлефон...

Аднак дзеля чаго я пыталася? Ужо ідучы сюды, была згодная на што горшае. А тут усё гэтак культуральна i ветла. Пісьменнік. Хіба можа гэты хворы самотнік жадаць каму ліхога?

— Давайце знаёміцца,— сказала я i падала руку.— Гражына, студэнтка.

6.

У семнаццаць гадоў я нечакана для сябе выйшла замуж. Зрабіла сабе гэткі «сюрпрыз».

Яго прывялі да нас у інтэрнат у дзевятым класе. I быў ён увесь ціхі ды аж занадта ва ўсім дасведчаны эрудыт i выдатнік.

Не, у мяне не было закладу з дзяўчатамі. Проста захацелася закахаць у сябе гэтага дзівака, i я села з ім за адну парту. А праз некалькі тыдняў ен ужо хадзіў ca мною, распавядаў пра свае планы.

О, гэта быў сапраўдны змоўнік! I свярбела яму арганізаваць які-небудзь палітычны бунт. Нават у мяне ён выпытваў пра тое, чым незадаволены народ. Але што я магла яму сказаць?

Шмат было розных ідэй. Ён усё мяняў гэтыя ідэі, а пасля кожнае змовы заставаліся сябры-ворагі, якія цягнулі ягоныя думкі далей. Мусіць, ён умеў пераконваць людзей. Але ніяк не мог даць рады самому сабе.

У рэшце рэшт усе ягоныя сілы ішлі ўжо толькі на варагаванне з былымі сябрамі. I тады ён прапанаваў мне выйсці за яго замуж. Маўляў, яму гэта трэба, каб ворагі падумалі, што ён цалкам аддаўся сям'і ды побыту, а ён тым часам...

Не ведаю, чаму я згадзілася. Бадай, мяне проста забаўляла магчымасць узяць шлюб без дай прычыны. Проста так. Я не кахала яго i зусім не дбала пра будучыню.

Яшчэ я думала, што гэты шлюб можа выратаваць дзіцёнак. Але ён раптам сказаў, што ўвесь час у яго адымае барацьба.

Я спрабавала зблізіцца з ім, але ён шыкаў i шыпеў, як змяя.

Праўда, спачатку ён патрабаваў, каб я дапамагала яму, каб таксама нешта пісала, якіясь вершы ці ўлёткі, ці хоць бы завяла дзённік. А я сказала, што нічога не ўмею i зусім мала ведаю. Ён тады крыкнуў мне, што ўсё ўмеюць ды ведаюць толькі хатнія гаспадыні... Гэта мелася быць найвялікшай абразай.

Нарэшце я стала чакаць, калі ён абвесціць, што нам тэрмінова трэба развітацца. Але час цягнуўся так доўга! I я ўсё больш разумела недарэчнасць нашае сямейкі. Я ўжо думала, што праз колькі гадоў, калі ён паразгубіць свайго змоўніцкага імпэту, увесь ягоны арганізацыйны запал перакінецца на мяне. Я ўжо бачыла ў ім гэткага сямейнага дыктатара, а ён раз-пораз даваў падставы для такога прадбачання. I тады пра тэрміновае развітанне абвясціла яму я.

Пасля мы не сустракаліся.

A клікалі яго ўсе Дзікам.

7.

— Гэта што ж за дзікі ды ўпарты нораў?

— Не. Проста так супала. У інтэрнаце ў яго была мянушка Рычард. Тады многія хлопцы называлі сябе рознымі Біламі, Джымамі, Томамі... Такая была хваля. Дык вось... А памяншальнае ад Рычарда — Дзік. Самому яму вельмі падабалася такое супадзенне: Дзік — Рычард, i дзік — лясны кабан...

— Прабачце, ма шэр... Я ж нават не прадставіўся вам. Ага. Клічце мяне... Я так не люблю ўсіх гэтых Канстанцінавічаў ды Феліцыянавічаў... Клічце мяне Настаўнікам. Зыходзячы з узростаў i з нашае дамовы, гэта зусім нармальна. Я спадзяюся, гэта не пакрыўдзіць вас?

— Ды не. Вы сталы чалавек. Як хочаце.

— Я, вядома, не вялікі літаратар. Так... дробны творца, газетны шрайбікус. Папісваю пасквілі на ўсялякія рамэны ды паамы. Хы-гы. Гэта называецца «літаратурная крытыка». Між іншым, занятак больш няўдзячны, чым складаць ты я ж раманы. Але на сваей ніве я, бадай, назапасіў сякі-такі досвед. Хутчэй за ўсё мне не прыйдзецца вучыць вас, дый вы гэтага, мусіць, не надта жадаеце, але, згодна з нашай дамовай, вы ўсё ж пераемніца. Таму няхай будзе Настаўнік. Дарэчы, вы, напэўна, не надта цікавіцеся сучаснай літаратурай?