Выбрать главу

— Так. Я ўсё адкладваю на потым. Збіраюся навучыцца плесці на прутках, пачаць хадзіць на коўзанку i прачытаць шмат-шмат кніг. Але — то часу не стае, то не хочацца. Я тут без вас пачала чытаць нейкія старонкі...

— Што-небудзь цікавае?

— Ды не асабліва каб... Пра малацьбітоў i...

— А-а, разумею. Нуднавата напісана. Гэта маё. Гэта мая апошняя кніга. Часам пісьменніку даводзіцца пісаць наўмысна нешта нуднаватае i не асабліва цікавае. Нават нешта i зусім не вартае ўвагі.

— Але навошта?

— Хочаце сказаць, што нудоту ніхто не прачытае? Так. Але тут ёсць прафесійны сакрэт нашае літаратуры. Сакрэт фірмы. Ці хочаце, я раскрыю яго вам?

— Так.

8.

Яна зацікавілася! Я бачу, што прабудзіў у гэтай дзяўчыне цікавасць да таго, да чаго ўвогуле цікавасці быць не можа. Ай, які банальны прыём! Хочаце, я адкрыю вам таямніцу: чаму гэтая кніжка зусім-зусім нецікавая?.. Зрэшты, для яе гэта, мабыць, i не банальна. Такая яшчэ маладзенькая, a ўжо з такім лёсам! Як сумуе па табе ненаежнае пісьменніцкае сэрца! Абавязкова запрашу каго-небудзь з празаікаў: Н. ці С., ці нават Ганоева. Няхай паназіраюць. Такі матэрыялішча! Такі рэалізмішча!

А яна крыху апрытомнела ад першае разгубленасці. Нават усміхаецца. Удае на жанчынку. I толькі пульхны твар ды ўсеагульная пяшчота выкрываюць ейную нясталасць.

О, ма шэр Гражына! Колькі яшчэ выпадзе на вашую абаяльную натуру ўсяго ўсякага неабаяльнага! З гэткай лёгкасцю кідаецеся вы ў віры! I вам, бадай, усё адно, што гэта — шлюб з Дзікам, стаматалагічны факультэт ці я. Дзеля вас гэта пункты аднаго шэрагу.

Як недарэчна, што да мяне прыйшла менавіта яна! Колькі я перадумаў, каго запрасіць, a запрасіў неабдумана. Адное, што апраўдвае мяне,— ейны сякі-такі досвед з нізоў гэтага жыцця. Але тое, што догляд за мною, за маёй ідыёцкай хваробай стане для яе чарговым бясколерным пунктам у шэрагу жыццёвых праяваў, мяне не апраўдвае зусім. Наадварот.

9.

З нейкай загадкавай усмешкай пісьменнік пазіраў на мяне, а я ўсё чакала, калі ён адкрые сваю «вялікую таямніцу».

— Вы будзеце жыць у другім пакоі,— сказаў ен.— Хадземце, пакажу.

Другі пакой выходзіў акном у той самы агромністы двор. Але панылы настрой не трапляў сюды. Мо таму, што сцены тут былі пафарбаваныя ў цёплы цнатлівы колер, ці таму, што мэбля i рэчы ўтваралі адмысловы ўтулак. Шафа, ложак, крэслы. Сялянская посцілка — добра хадзіць басанож. На століку — дапатопны магнітафон.

— Ці любіце музыку? — зазірнуў пісьменнік мне ў вочы.

— Люблю,— адказала я.

Мне тут падабалася. Мне ўжо нават хацелася, каб ён хутчэй пайшоў да сябе, каб застацца адной ды разгледзецца. I ён, мусіць, зразумеў гэта. Толькі пры дзвярах раптам спыніўся i сказаў:

— Паспрабуем жыць. Грошы я буду класці на століку ў вітальні, каля тэлефона. Колькі трэба — бярыце, добра?

— Добра,— адказала я. Я дагэтуль не ведала, хто з нас каму будзе плаціць: ці ен мне за догляд, ці я за жылле.

— Ага,— пагадзіўся з нечым пісьменнік.— Мяне вельмі цешыць вашая мова.

— Я вучылася ў краёвай школе.

— Я таксама. Колісь. А цяпер — дзе тыя школы i дзе тая мова! Хіба што выпадкова пачуеш,— чамусьці выгляд у яго стаў вінаваты.— Але няхай... Калі захочаце, мы яшчэ паразмаўляем пра гэта.

10.

Але ж схлусіў. Бадай што, i не паразмаўляем. Хіба на мігах ці як-небудзь шэптам. Але не ўголас, не пісьмова, не тут. Бо згадкі пра мову надта ж вытыркаюцца з агульнае плыні твора. Твор раптам абрываецца, i далей ідуць ужо чыста газетныя актуаліі. Чаму? Таму, што самое становішча мовы ў нас немастацкае, неэстэтычнае. А твор перадусім — гэта эстэтыка.

Кожнага разу кожны аўтар, які, напрыклад, збіраецца пісаць дэтэктыў паводле класічных законаў гэтага жанру, пачынае вагацца ды муляцца ад падсвядомае патрэбы неяк абмінуць, не згадваць, не замешваць міліцыю. А гэта зусім няпростая задача. Каб не атрымаўся газетны нарыс, даводзіцца выдумляць нейкага цывільнага ды надта ж нетыповага для нашае рэчаіснасці пінкертона або звяртацца да мінуўшчыны, або выносіць дзею за межы краю. Інакш без міліцыі проста не абыдзешся, а значыць, рызыкуеш разбурыць эстэтыку твора, тыя самыя класічныя законы жанру. Дык вось. Мова наша ў сённяшнім яе становішчы, як i міліцыя,— рэч чыста дакументальная. А сама моўная сітуацыя амаль не паддаецца вобразнаму пераўвасабленню...