Будзь ты дуж, як вада,
Як жалеза цьвярды,—
Калі найдзе нуда,
Ты ня зможаш нуды!..
Зноў... Пэўне, калі адкінуць нейкія чыста вонкавыя, намінальныя адрозненні, дык атрымаецца, што ўсе, што ёсць у «Аблаве», ужо было ў папярэдніх аповесцях Пісьменніка. Калектывізацыя-раскулачванне /«Знак бяды»/, уцекі з катаргі /«Альпійская балада»/, аблава /«Воўчая зграя»/... Нібы апошні твор — гэта папуры на тэмы ранейшых. Нібы ён падагульняе ix, як іхні апафеоз. I таму падзеі i героі ў «Аблаве» — падагульненыя. A галоўны герой Хведар Роўба не такі індывідуалізаваны i акрэслены характарам, як, скажам, ягоныя літаратурныя пабрацімцы — Грыбаед ці Пятрок Багацька. Роўба — зборны герой у зборнай аповесці, якая праз тое нагадвае пятнаццаты верш у вянку санетаў, па радку сабраны з 14-ці папярэдніх,— магістрал.
Прызнацца, я нават падлічыў, каторая гэта аповесць. Аказалася, васемнаццатая ці дзевятнаццатая. Але гэта ўжо магія падабенства, а не ягоная рэальная сутнасць.
Радкі магістрала сцягваюцца адзін да аднога, як апорныя слупы штыкетніку можна сцягнуць у крапасны маналіт. Дробныя цешкі пры гэтым адкідаюцца.
Яны — толькі тло. Гэтак у маленькай маналітнай «Аблаве» ўжо зусім няма мінулае вайны. /Што праўда, i міру ў ей няма. На шматлікія «прадчуванні» звароту Пісьменніка да сучаснасці ен адказаў зваротам да 30-х гадоў./ Але адсутнасць вайны надзіва незаўважная. Таксама i аўтарава вернасць сабе не выклікае сумлеву. Інакш кажучы, вайна i фашызм тут цалкам саступілі месца давайне i сталіншчыне, i падмена не цвеліць вока.
Між іншым, гэтую адпаведнасць ці паралель Пісьменнік акрэсліў i дакументальным словам, гаворачы ў «Литературной газете» пра раман В.Гросмана «Жыцце i лес»: «Менавіта з гэтага рамана мы зведалі страшэнных рэчаў што да дзіўнага падабенства дзвюх, як здавалася, цалкам процілеглых сістэм улады ў найбуйнейшых дзяржавах Еўропы. Высвятляецца, імперскі pyx у Германіі намінальна з'яўляўся таксама i caцыялістычным, ставіў на мэце збудаванне гарманічнае народнае дзяржавы, што праўда, на расавым грунце; гітлераўская партыя афіцыйна насіла назву «нямецкая нацыянал-сацыялістычная рабочая партыя»; фактычнай асновай улады i тут, i там быў адкрыта выяўлены аўтакратызм; абедзвюм дзяржавам, хоць, можа, i ў рознай ступені, былі ўласцівыя такія з'явы, як культурны нігілізм, улада ўсемагутнае тайнае паліцыі, разгалінаваная, беспрэцэдэнтная ў гісторыі зямной цывілізацыі сістэма канцлагераў, поўная знявага элементарных правоў чалавека».
Я дашчэнту расчалавечыўся,— думае пра сябе Хведар Роўба. А можа — лад?
Сапраўды ж, мы, здаецца, зусім пэўна ставімся да заходняга фашызму, прафашызму, нэафашызму. У адносінах да сталіншчыны i яе рэцыдываў такое пэўнасці яшчэ няма. Ці так даўно тое «дзецішча» было сваім, айчынным, крэўным? I ці перастала быць?.. Дык, можа, дзеля нагляднасці трэба падставіць гэтыя «пра» i «нэа», i тады адносіны да сталінізму, які спакваля адлучаецца ад дзяржавы, акрэсляцца? Як адносіны да любога рэваншызму. I можна будзе распазнаць, хто есць хто ў нашым доме i ў нашым жыцці. А то, бачыш, недзе ў ФРГ існуюць i прыватным парадкам падахвочваюцца нацысты старыя i маладыя! Вось дзіва дзіўнае...
Раскулачаны ды рэпрэсаваны Роўба ўцёк з катаргі i блукае па лесе ля роднае вескі. Гэта на яго аблава. Аблава, якую ладзяць з сабакамі фашысты на Леўчука ў «Воўчай зграі», паўтараецца аблавай на Роўбу, якую ладзяць з сабакамі сяляне ягонае вёскі з дапамогай раеннага кіраўніцтва, актыву i чырвонаармейцаў-пагранічнікаў. I Леўчука, i Роўбу заганяюць у балота. Фашысты абстралялі багну i сышлі. Леўчуку пашанцавала, i ен выбраўся на бераг. Роўбу — не пашанцавала. Не сышлі. Не выбраўся. «Шукалі яго доўга, паролі з берага i з куп'я». Нават калі ён даўно ўжо захліпнуўся i рынуў у балотную бездань. Зліўся з прыродай.
Вядома, шанцунак тут ні пры чым. I адказу на пытанне: «Якая аблава лепшая?» — проста няма. Як не можа быць i самога пытання. «Загоншчыкаў»-фашыстаў Пісьменнік назваў воўчай зграяй, a Роўба сам — «А божа ж мой, во дык воўк!» Гэткае пераўтварэнне дае багата матэрыялу для роздуму i параўнанняў /натуральны адбор, паляванне на вядзьмарак, гібель за ідэю i гібель ад ідэі/, аж да таго, што ці не Леўчукі тут «загоншчыкі». Хоць гэта ўжо, магчыма, перабор.