Выбрать главу

Праўда «Дзвюх душ» — у бескампрамісннм выкрыцці прыстасаванцаў, якія кампраметавалі сваім удзелам ідэю сацыяльнага i нацыянальнага вызвалення народа. Менавіта з такімі жорсткімі ў сваей недалекасці i амаральнасці людзьмі сутыкаецца Іра Саковічанка, яшчэ зусім юная, толькі абуджаная, для якой па-над усім — Справядлівасць i Народ. У словах яе — вялікае расчараванне i вялікая надзея, рашучы намер процістаяць хлусам.

«— Праўда, мне i з тым i з тым матывам /Інтэрнацыянала.— С.Д./ аднолькава ўяўляецца тое трагічнае i нялепае для нас, адраджоных беларусаў, што чужыя для нас людзі, не заўважаючы на сабе яшчэ не скінутай імі сваей нацыянальнай прапітанасці, прыйшлі да нас з інтэрнацыяналам толькі на вуснах, з яго толькі фікцыяй у сваіх мазгох, i з фанатычнай безміласэрнасцю ўзяліся рабіць з беларускай нацыі толькі гной на градкі для ўзрошчывання сваей фікцыі інтэрнацыянала. О, будзь яны прокляты! — узварушоным голасам, з горам крыкнула яна.— Яны хочуць зрабіць адзнакі сваей нацыянальнасці інтзрнацыяналам для нас,— дык дзякуй за ласку... Можа, патрапім увайсці ў інтэрнацыянал як роўныя з усімі, без гэтай дадатковай формы развіцця!»

Думка гэтая, безумоўна, належыць самому аўтару, Максіму Гарэцкаму. Яна сугучная тагачаснаму выказванню У.І.Леніна:

«Пры такіх умовах зусім натуральна, што «свабода выхаду з саюза», якой мы апраўдваем сябе, акажацца пустою паперкай, няздатнай абараніць расійскіх іншародцаў ад нашэсця таго ісцінна рускага чалавека, велікароса-шавініста, а па сутнасці, падлюгі i гвалтаўніка, якім з'яўляецца тыповы рускі бюракрат. Няма сумлеву, што мізэрны працэнт савецкіх i саветызаваных рабочых будзе патанаць у гэтым моры шавіністычнай велікарускай набрыдзі, як муха ў малацэ» /ПСС. Т. 45. С. 357/.

Хіба гэта — не жывая, драматичная рэальнасць, актуальная i сёння, калі адкрыта загаварылі пра прыстасаванцаў усіх часоў i гатункаў, для якіх — абы ціха i цёмна? Можа, на пару гадкоў паспяшаўся з выхадам 4-томнік i вось ужо трохі спазніўся...

Што тычыцца сюжэтнаеці «Дзвюх душ», дык не менш сюжэтнае апавяданне «Рускі», i многія іншыя творы, якія атрымалі станоўчую ацэнку А.Адамовіча. «Рамантызм» аповесці можна ўбачыць, бадай, толькі ў падмене дзяцей i наступным выкрыцці гэтай падмены. Але i гэтая сітуацыя магла быць перанесеная аўтарам з «жывое рэальнасці». Галоўнае тое, што нетыповасць яе кампенсуецца рэалістычнай манерай пісьма. У цэлым жа «Дзве душы» па-свойму арганічна ўпісваюцца ў тэзіс каментатараў 4-томніка, паводле якога вяршыняй творчасці Гарэцкага i ўсей ягонай творчасцю ёсць «Камароўская кроніка».

«Камароўская кроніка» — пры самым агульным, абцякальным вызначэнні — гэта паўнакроўны нацыянальны эпас, які лучыць у сабе аднайменны твор, апавяданні, драматычныя абразкі, аповесці — бадай усе, што напісаў М.Гарэцкі, а яшчэ шырэй — Гарэцкія. «Лінгвістычная захопленасць» /М.Стральцоў/ вылучыла беларускую мову Гарэцкага спаміж рэгіянальных моўных прывязанасцяў іншых аўтараў. Апірышча на нацыянальнай гісторыка-дакументальнай аснове, факльклоры, вопыце сваёй i іншых літаратур адрознівае яго ад сучаснікаў, якія абапіраліся пераважна на два апошнія падмуркі. Нарэшце, інтэлектуалізм. Усё гэта, між іншым, зрабіла «Камароўскую кроніку» новым ці нават вечна новым словам у літаратуры. «...настолькі лёгка сягае праз гісторыка-літаратурную дыстанцыю яна, гэтая проза, i пацвярджаючы сённяшнія нашы пошукі i задзірыста падбіваючы на новыя» /М.Стральцоў/. Ці ж гэта не вызначэнне ўсяго, што ёсць лепшага, вечнага, вечна дзіўнага i плённага ў літаратуры? Вечна неразгаданага, «няпэўнага», нестэрэатыпнага...

«Камароўская кроніка» ўключае ў сябе ці не ўсе магчымыя жанры, сюжэты, характары, настроі, якія ўрэшце i губляюцца ў вялікім целе твора, страчваюць сваю пэўную акрэсленасць, ператвараючыся ў адбітае на паперы жыццё. Гэтак Гарэцкі пазбягае тае абмежаванасці, пра якую ягоны сучаснік Акутагава пісаў: «Талент таксама абмежаваны рамкамі. Адчуванне гэтых рамак навявае лёгкі смутак».

Рэч у тым, што ў падборы i падачы матэрыялу «няпэўны» Гарэцкі кіраваўся не трафарэткай уласнага светабачання i не рэжымам творчага падыходу, а толькі выключным i спакойным адчуваннем меры. Ва ўсім. Меры эстэтычнай, маральнай, інтэлектуальнай, нацыянальнай, сацыяльнай... Меры важнасці i абавязковасці ўласнага занятку. Іронія i самаіронія Гарэцкага — як лязо, па якім аўтар ідзе, балансуючы між умоўнасцю літаратурнай гульні i драматызмам самога жыцця, між вытанчаным i пачварным, між дазволеным i недазволеным... Нездарма да сёння Гарэцкі — востры i... можа, самы неартадаксальны з рэалістаў. Мераю ён дасягае пэўнага ідэальнага стану, калі ўсё ёсць i ўсяго няма. Як неба. Які ў неба стэрэатып? Ёсць мастакі, што пішуць толькі лес ці толькі мора, а такіх, каб толькі неба — не сустракаў. Бо неба ёсць, i яго няма. I яно ёсць. Нішто ў ім не канчатковае, нішто не завершанае, усё мае працяг. Аж да бясконцасці. Бясконцасць жа не змяшчаецца ў завершаных тэрыторыях вобразу, жанру, метаду. Бясконцасць вымагае фактычнага матэрыялу, дакумента, дакументалізму. Бо мастацкая праўда — праўда вобразаў — ёсць штучны заменнік духу твора. Яна, як дух, «нерассудочная» /В.Брусаў/. A праўда факта — гэта заўсёды толькі цела твора, яна зусім не прэтэндуе на тое, каб падмяніць дух. Між тым пры згаданым выключным адчуванні меры факты маюць уласцівасць «самазагарацца» /А.Адамовіч/. Магчыма, гэта i есць «звышлітаратура», жывы арганізм з рэальнага цела i рэальнага духу, з мовы i жыцця. Тады й найлепшы арэол для Гарэцкага — рэальнае, дакументальнае неба.