Выбрать главу

Але гэткім чынам мы рызыкуем зноў жа «сфармуляваць» Гарэцкага, завяршыць яго ў ілюзорным стэрэатыпе. Таму заўважым: Гарэцкі не заўсёды такі, як пададзена вышэй. Ён пераважна такі. Нельга таксама прызнаць абсалютнасць сфармуляванага падыходу. Відаць, не вычарпаны яшчэ ўсе магчымасці вобразнага, сюжэтнага, жанравага пісьма. Варта толькі мець на ўвазе канцовасць, вычарпальнасць яго. Тым часам як магістраль Гарэцкага — бясконцая. З іншага боку, праца аўтара тут не дае тых гарантыяў, якія дае завершаная форма.

Не жадаючы аформіцца ў стэрэатып, што было б парушэннем меры, Гарэцкі асцерагаецца ўсялякай літаратурнай акрэсленасці, фармальнае дасканаласці.

«Бываюць творы: усе лініі ў ix строгай правільнасці,— піша ён,— яны прыгожы, а нас не цягнуць.

I другія творы: нейкі недахват у ix невялікі, але гэты недахват такi любы i прыгожы, што магнэсам цягне».

М.Мушынскі піша пра асцярожнасць Гарэцкага-крытыка ў абыходжанні з эстэтычнымі, мастацкімі катэгорыямі, з паняццямі сацыяльна-класавай ацэнкі.

Праўда, асцярожнасць гэтая — безаглядная, як асцярожнасць першапраходца, сама задача якога — рызыка.

Безагляднай асцярожнасцю, або, як сказаў мысляр, «пленным ухіленнем», можна характарызаваць i дачыненні Гарэцкага з сусветнай літаратурнай традыцыяй. Аўтар «Камароўскае кронікі» ўсе рабіў упершыню. Перад ім ляжалі дзесяткі шляхоў, адэкватных ягонаму паходжанню, абкатаных іншымі літаратурамі. А ен па ix не пайшоў. Як заўважае М.Кенька, «у Гарэцкага не было перыяду вучнеўства, не было твораў пераймальных». Таму, калі іншым нашым пісьменнікам мы знаходзім устойлівыя кананічныя паралелі ў сусветнай літаратуры, дык «няпэўнага» Гарэцкага, здаецца, можна параўнаць з кожным старым i новым пісьменнікам свету. Вось жа параўноўваюць яго з Дастаеўскім i Рэмаркам, з Талстым i Андрэевым... Напэўна, Гарэцкі ўлічваў прачытанае, але простага наследавання пазбягаў. «Вось прыклад смелага, невучнёўскага абыходжання з жанрам,— піша М.Стральцоў,— які жыве не толькі на ўзроўні падзеі ці героя, але i як бы з аглядкай, з пасміханнем на літаратурную традыцыю, на сюжэт то авантурны, то куртуазны /памятаеце дачушку Юзю?/, на ідылічную сямейную хроніку з добрымі «бацюшкамі» i «матушкамі», а наогул жа вы адчуваеце, што аўтару ў мастацкай свабодзе ягонай карціць пагарэзіць дзенідзе то з маскай якога-небудзь Тома Джонса-знайдыша, то беднага Вапрэ, які, як вядома, у айчызне сваёй быў цырульйікам, пасля ў Прусіі салдатам i г.д. А эпіграфы, эпіграфы літаральна ледзь не да кожнага малога раздзельчыка! Чаго тут толькі няма! Ад Гарацыя да партыйнага дакумента, ад Купалы, Коласа, Багдановіча да нейкага адному богу вядомага доктара Рубінштэйна...» Наколькі трэба не шанаваць канон, каб напісаць такое: «Гарадскі брат яго быў у манішцы, такі чысценькі, да А.В.Кальцова з твару падобны»! Але ж які вычарпальны партрэт больш чым эпізадычнага героя «Камароўскае кронікі»!

Формы твораў Гарэцкага мееш літаратурныя, а пераважна будзёшшя, бытавыя — дзённікі, лісты, аўтэнтычкыя расповеды людзей. Звычайны жыццевы факт, не сказаны літаратурным канонам i диктатам аўтара, набывае рысы прыпавесці, «самазагараецца».

«Прывезлі яго, паміраў у дварэ. Казаў: «Як чорная хмара найшла — i забіла мяне... Раней я еў горш i ў горшай адзежы хадзіў, а цяпер усе лепшае i паміраю»... I калі ўцяшалі яш, казаў: «Не ўцяшайце, ведаю, што памру»...

Вось чаму здаецца правамерным параўнанне «Камароўскае кронікі» з Баркулабаўскім летапісам або з Бібліяй. Вось чаму ва ўсёй сусветнай літаратуры мы знаходзім не толькі мноства папярэднікаў Гарэцкага, але i мноства ягоных патэнцыяльных наступнікаў, якіх Гарэцкі «ўгадаў сваімі творамі» /А.Адамовіч/. Можна прыгадаць тут творы Мележа, Караткевіча, Стральцова, Быкава, Разанава, Арлова... а можна — літаратуру плыкі свядомасці, драму абсурду ці новы раман. ГІамылкі не будзе. Надта ж «няпэўны» Гарэцкі. Яны, наступнікі, прыйшлі, пакуль ён адсутнічаў, пакуль адлежваўся ў тым капітале «добра забытага старога», які па волі, ашукваючы сябе, або міжволі ствараюць людзі, каб невычэрпны быў запас новага, новае цікавасці да жыцця.