Бона. Між іншым, Польшча…
Жыгімонт (перапыняе). Польшча нішто без Вялікага княства! Нішто!..
Бона. Санта Мадонна! Але і Вялікае княства без Польшчы…
Жыгімонт (перапыняе). А гэта яшчэ як сказаць…
Бона (занепакоена). Вы наважыліся пагадзіцца з прыняццем гэтых законаў?!.
Жыгімонт. Прымаць законы — яшчэ не азначае выконваць іх. Пісаць на мове Радзівілаў і Алелькавічаў — яшчэ не азначае паважаць іх мову і іх саміх. Абяцаць Гаштольду — яшчэ не азначае выконваць абяцанкі…
Бона (з падвохам). А як жа з сяброўствам?..
Жыгімонт. Такі падслухоўвалі?!.
Бона. Можна падумаць, што вы на гэта не разлічвалі…
Жыгімонт. Бо хацеў, каб яснавяльможная ведала, што кароль не толькі сабе знайшоў сябра, але і саюзніка каралеўству, пра якое каралеве варта было б думаць больш, чым пра свае амбіцыі.
Бона. Канцлер абвядзе нас вакол пальца, як рабіў гэта ўжо не раз!..
Жыгімонт. Канцлер Гаштольд непакоіцца за Вялікае княства, як і я непакоюся за Каралеўства Польскае. I мы, калі бывае трэба, водзім адзін аднаго не толькі вакол пальца, але і за нос. Тым не менш я давяраю Гаштольду, бо менавіта ён, Гаштольд, шукае збліжэння з Аўстрыяй і з Прусіяй, а не з Масковіяй. I не хто іншы, як ён, Гаштольд, у свой час схіліў вялікі сейм, каб той яшчэ пры маім жыцці зрабіў нашага сына Аўгуста маім пераемнікам. Такога яшчэ не ведаў свет!
Бона. Баста! Баста! Гэта я зрабіла Аўгуста наследнікам караля!
Жыгімонт (пасля паўзы, не слухаючы). Пад рукой Гаштольда дзяржава, паны-рада, вальнадумная шляхта. Іх пальцы на маёй шыі! I пра гэта яснавяльможная каралева таксама чула! I рана ці позна яны не толькі прымуць, але і надрукуюць свае законы. Лепш было б зрабіць гэта з нашае волі, з нашае ласкі і нашага блаславення.
Бона (катэгарычна). Ніколі! Ці пасля маёй смерці! Баста!
Жыгімонт. Кароль ці нават каралева могуць памерці. А каралеўства павінна жыць! Польшча павінна жыць! I яна будзе жыць. I добра, каб у міры і згодзе з Вялікім княствам…
Бона. I з Масковіяй…
Жыгімонт. I з Масковіяй, і з Турцыяй, і з Аўстрыяй, і з Венгрыяй, і з Чэхіяй, і з Прусіяй, і з імператарам Вялікай Рымскай імперыі. Інакш — пагібель! Каралеўская казна пустая, войска непаслухмянае, у дзяржаве разарэнне і мор, якіх яшчэ не было. I вам, яснавяльможная, варта было б памаліцца на Вялікае княства, якое стаіць заслонаю і ад маскавітаў, і ад татараў, і ад турак. I карона не зваліцца, калі каралева хоць для прыліку схіліць галаву перад тымі ж Радзівіламі, Гаштольдамі, Сапегамі ці Алелькавічамі. Дзякуй табе, Божа, што яны яшчэ не адмаўляюць Ягелонам у сваёй дружбе і падтрымцы.
Бона. Але якой цаной вы купляеце іх дружбу?!.
Жыгімонт. Калі ўсё цаніць на грошы, можна чорту душу прадаць…
Бона (паднімае ўверх рукі). О Санта Мадонна! О Польшча?! О Rzeczpospolita?!
Жыгімонт. He трэба заломваць рукі. Трэба раз і назаўсёды засвоіць, што ў Польшчы, не кажучы пра Вялікае княства, не прынята, каб камандавала жанчына.
Бона. А калі жанчына — каралева?..
Жыгімонт. Тым больш. Тут нават караля выбіраюць, які не заўсёды па сваёй волі выбірае каралеву… Усё! Баста!
Бона. Санта Мадонна…
Сцэна зацямняецца.
Дзея другая
IV
Познань. Скарына ў вязніцы. Грымяць запоры, уваходзіць Вартаўнік.
Вартаўнік. Лічы, братачка, што табе пашанцавала: мальцы гатовы, Анэлька згодная, другога каня купіў, хоць і не такога, як канакрады звялі, але ехаць можна. (Вымае з-за пазухі свечку, запалкі, бутэлечку чарніла, гусінае пяро і аркуш паперы.) У самога пракурора пазычыў. Хацеў падзякаваць, ды пабаяўся, каб не дагналі. Напішы ім на памяць, каб шукалі ветру ў полі. А да раніцы наш і след прастыне.
Скарына. Рызыкоўны ты мужык, як я бачу!!.
Вартаўнік. У нас у Полацку амаль усе такія: за дружбу — што ў вір, што ў балота!.. А Анэлька дык мяне яшчэ і разумным лічыць. А ёй можна верыць, як мне!
Скарына. Тады канешне… А мальцам тваім — колькі?