Вартаўнік. Што — колькі?..
Скарына. Гадоў колькі?..
Вартаўнік. Семнаццаць.
Скарына. На двух?
Вартаўнік. Чаму на двух? Кожнаму па семнаццаць. Мне Анэлька адразу двойнечку прэзентавала. А пастараешся, кажа, то мне і трох не цяжка. У Познані, маўляў, на гэта кожная здатная. Я табе, братачка, шчыра, па-зямляцку скажу, калі яшчэ не жанаты, то лепей жонкі за польку не знойдзеш. Без мух бабы! I калі ты да яе з ласкаю, то яна за табою…
Скарына (перапыняе). I ўсё ж уцякаць з Познані не будзем…
Вартаўнік (разгублена). А што ж мы тады будзем?..
Скарына. «Насилию силою отпрение!»
Вартаўнік (не разумее). Ты мне прасцей як-небудзь…
Скарына. За насілле адлуп дадзім. Змагацца будзем, каб перамагчы і Познань пакінуць паважанымі людзьмі, а не беглымі даўжнікамі.
Вартаўнік. Ды разлічыўся я з усімі сваімі даўгамі!
Скарына. Ты разлічыўся, а я сваё з Лазара і Мойшы спагнаць хачу.
Вартаўнік. З Лазара і Мойшы даўгі?.. Дык з іх жа яшчэ ніхто ніколі не спагнаў.
Скарына. Тады я першым буду! Дапамажы толькі — адзін не ўпраўлюся.
Вартаўнік. Палачанін я ці не палачанін?!.
Скарына. Тады давядзецца табе, палачанін, паслаць аднаго сына ў Вільню, а другога ў Гданьск.
Вартаўнік. I пашлю — не раз былі і не маленькія ўжо…
Скарына. У Гданьску трэба знайсці купца Рамана Скарыну — ён мне пляменнік, а ў Вільні епіскапа Яна — я на службе ў яго быў сакратаром і лекарам. Расказаць абодвум, дзе я і што са мною. Толькі епіскап можа дапамагчы Раману сустрэцца з каралём.
Вартаўнік. Не возьмецца епіскап. Я іх натуру ведаю.
Скарына. Ян возьмецца. Ён каралю пазашлюбны сын. I любіць каралеву, як кот сабаку…
Вартаўнік. Хіба што…
Скарына. Мяне ж можа выратаваць толькі кароль, бо ўсе цянёты, як мне здаецца, сплецены на мяне за яго спінаю.
Вартаўнік. I кім жа?
Скарына. Думаю, што каралевай.
Вартаўнік. Во курва!
Скарына (заціскае рот Вартаўніку). Т-с-с!.. Мы дагаварыліся адзін аднаму да канца…
Вартаўнік. Тады менш размоў! Пішы, што трэба, а я тым часам мальцаў папярэджу, каб коней у дарогу рыхтавалі. Мой яшчэ нічога, а куплены не вельмі… (Выходзячы.) Канакрады — пся крэў!..
Грымяць запоры. Скарына запальвае свечку, ставіць яе на лаўку, прымошчваецца на падлозе, каб напісаць пісьмы.
Сцэна зацямняецца.
V
Кракаў. Чалавек у чорным і Бона.
Чалавек у чорным. Гаварыце. Там чакаюць. (Паўза.) Што кароль?
Бона. Кароль без улады — не кароль…
Чалавек у чорным. Дакладней!
Бона. Ён не можа распараджацца казною. Ён сядзіць у Кракаве, а ў Вялікім княстве верхаводзяць канцлер, гетман, ваяводы, кашталяны, маршалкі. Ён не можа адмяніць рашэнні сейма і паноў-рады. Канцлер у Вялікім княстве — большы кароль за караля ў Польшчы. Пад яго рукой сілы, якія маюць… усе магчымасці маюць…
Чалавек у чорным (перапыняе). Што шляхта?
Бона. Непадуладныя каралю магнаты душаць шляхту, шляхта душыць мяшчан і сялян, а тыя шукаюць паратунку і бягуць з вёсак і маёнткаў у гарады. Шляхта бунтуе ў сеймах і судах, якія судзяць па асобных указаннях, па «сумленні» і «мудрасці», але толькі не па закону. Але калі шляхце даць закон, яна знясе самога караля… А на гэты раз яна, здаецца, атрымае закон. Як ні дзіўна, але кароль гэтага хоча. А хутчэй за ўсё не мае сілы супрацьстаяць канцлеру.
Чалавек у чорным. Што лютаране?
Бона. У Вялікім княстве іх адзінкі, у каралеўстве множацца, як саранча. Папскія эдыкты супраць ерэтыкоў ігнаруюцца. Умяшанні рымскай курыі выклікаюць выбухі нянавісці да каталіцкіх духоўнікаў. Тут і магнаты і шляхта яднаюцца. I тыя і другія гатовы адмяніць дзесяціну, павялічыць свае ўладанні за кошт царкоўных зямель і пазбавіцца залежнасці ад каралеўскай улады.
Чалавек у чорным. Каму кароль не давярае і з кім у згодзе?
Бона. Не давярае ў першую чаргу мне…
Чалавек у чорным. Мы не дзеля гэтага зрабілі Бону Сфорцу каралеваю…
Бона. Санта Мадонна! (Пасля паўзы.) У згодзе кароль з пасынкам Янам — епіскапам віленскім, пляменнікам Альбрэхтам — герцагам прускім, з Гаштольдам — канцлерам Вялікага княства і ваяводам віленскім. Менавіта ён і хоча наблізіць да двара нейкага палачаніна Францыска Скарыну — у навуках вызваленых і лекарстве доктара. Праз яго канцлер і хоча надрукаваць Статут Вялікага княства пасля яго зацвярджэння сеймам.