Гаштольд. Вы былі б несправядлівы, доктар, калі б западозрылі мяне ў абыякавасці да роднай нам мовы. Тое, што сёння беларуская мова — мова вялікай дзяржавы і што сам кароль вымушаны звяртацца да нас на нашай мове, а каралева трымае пры сабе перакладчыка з італьянскай на беларускую, не ў малой ступені мая заслуга і заслуга маёй канцылярыі. Сёння менавіта яна, канцылярыя канцлера Гаштольда, яе заканадаўцы і пісары надаюць пэўную накіраванасць развіццю мовы народа Вялікага княства. Паны-рада, сейм, мая канцылярыя ствараюць, пішуць і рэдагуюць безліч папер, дакументаў, заканадаўчых актаў і грамат. Мае пісары, як ніхто, ведаюць цану выразнаму слову народа. Ім пакланіся, доктар Скарына! Гэта яны стварылі перадумовы таго, што наша мова стала дзяржаўнаю. I пакуль жыве наша дзяржава, будзе жыць і яе мова.
Скарына. Але ж вы не будзеце пярэчыць, што, пакуль жыве мова, будзе жыць і дзяржава. Будзе жыць дзяржаўнасць!
Гаштольд. Не буду пярэчыць. Я толькі, бадай што, не здолею дапамагчы вам надрукаваць Статут у межах нашай дзяржавы. Дакладней, каб і здолеў, то мне, як і вам, перашкодзяць зрабіць гэта.
Скарына (у роспачы). Але ж гэта наш Статут, а не каралеўскі!
Гаштольд. Улічыце, доктар, што Гаштольд толькі канцлер у караля і вялікага князя, а не вялікі князь…
Скарына. Шкада.
Гаштольд. Шкада.
Абодва смяюцца.
Скарына. Што вы параіце мне, шаноўны канцлер?
Гаштольд. Я парадуюся разам з вамі, шаноўны доктар, калі вам удасца надрукаваць Статут за межамі нашай Айчыны.
Скарына. Бедная Айчына…
Гаштольд. Не будзем губляць надзеі пабагацець…
Скарына. Не будзем.
Развітваюцца.
Сцэна зацямняецца.
VII
Кракаў. Гаштольд і Жыгімонт прагульваюцца па прасцэніуму.
Гаштольд. Ваша вялікасць, мы не можам не лічыцца з доктарам Скарынай. Яго непараўнальны розум, дасведчанасць, глыбокія веды ў многіх навуках, яго працаздольнасць і працавітасць на карысць сваёй дзяржавы і свайго народа, нарэшце, яго…
Жыгімонт (перахоплівае). …яго упартасць…
Гаштольд. I яго ўпартасць. Яна робіць яму гонар, але можа каштаваць і жыцця… I тут у вас, у Польшчы, і там у нас, у Вялікім княстве…
Жыгімонт. Што вы яшчэ ад мяне хочаце?..
Гаштольд. Доктар Скарына другі ў Еўропе, пасля чэхаў, пераклаў Біблію на мову свайго народа і надрукаваў яе. Гэта падзея незвычайная, гістарычная падзея! Ад яе нельга адлучыць Скарыну, між іншым, як і ад Статута Вялікага княства, у які ён уклаў і сваю душу і свой розум. Друкарня Скарыны ў Вільні, працу ў якой ён прыпыніў, бо быў заняты Статутам, магла б пакласці пачатак…
Жыгімонт (вельмі агрэсіўна). Я не дазволю друкаваць ерэтычныя кнігі на тэрыторыі (падкрэслена) майго каралеўства!
Гаштольд. Скарына мяркуе надрукаваць толькі каралеўскі Статут…
Жыгімонт (крыху мякчэй). Я не магу адмяніць папскія эдыкты на забарону друкавання ўсіх кніг, акрамя богаслужэбных лацінскіх. I вы добра ведаеце, як гэтаму ўзрадаваўся біскуп Ян.
Гаштольд. Я яшчэ ведаю і тое, як ваша вялікасць настойліва вывучала і прыстойна ведае беларускую мову. Біскуп Ян мог бы ў гэтай справе пайсці за бацькам…
Жыгімонт (амаль па-свойску). Ён, як і я, баіцца каралевы і не хоча сварыцца з рымскай курыяй. А дакладней, ён падае сябе большым католікам, чым сам Папа Рымскі, толькі дзеля таго, каб насаліць каралеве. Любасць у іх узаемная і глыбокая.
Гаштольд. I ўсё ж я не думаю, што вы лічыце за лепшае пасварыцца з праваслаўнымі князямі Вялікага княства Літоўскага. А сярод іх нямала міласнікаў асветы і друкаванай кнігі на роднай мове. Возьмем хоць гетмана Канстанціна Астрожскага, хоць князёў Алелькавічаў. Адзін Юрый Слуцкі чаго варты ды і іншыя…
Жыгімонт (злуецца). У вас, канцлер, дурная звычка палохаць.
Гаштольд (аж хрысціцца). Даруйце! Я толькі хацеў папярэдзіць вашу вялікасць, што доктара Скарыну з яго яснай галавою, добрым сэрцам і ўмелымі рукамі можа прыбраць Масковія, як прыбрала ўжо многіх нашых майстроў і мастакоў, што аздобілі іх храмы на зайздрасць усяму свету.