Просім, каб вышэйназваны доктар Францыск, наш падданы і слуга, не быў пакінуты на волю лёсу, але, згодна з нашым пажаданнем і дзеля неабходнасці і нашага цеснага сяброўства, няхай Ваша слаўная Вялікасць будзе добры да яго, параіць і дапаможа ў яго справе з бесстароннасцю і справядлівасцю як чалавеку дастойнаму, рэкамендаванаму. За гэта мы Вам як сябру вельмі прыязнаму і ўсім Вашым з усякай рупнасцю і дбайнасцю аддзякуем…
Дадзена ў Кёнігсбергу 16 мая 1530-га». (Перадае грамату Скарыне.)
Скарына. Мне толькі і застаецца, што шчыраю і сумленнаю працаю пацвердзіць усё вамі сказанае.
Альбрэхт. Такое ж пасланне Віленскаму сенату я перадам вам перад ад’ездам.
Скарына схіляе галаву.
Сцэна зацямняецца.
X
Кракаў. Чалавек у чорным і Бона.
Чалавек у чорным. Што ўдалося ў Кёнігсбергу?
Бона. Доктар зрабіў памылку, якую яму ніколі не выправіць.
Чалавек у чорным. Дакладней!
Бона. Паверыў хлусні нашага выведніка і не паверыў каралю.
Чалавек у чорным (настойліва). Дакладней!
Бона. Пры адным слове нашага выведніка, што яго жонка раптоўна захварэла, а сваякі накінуліся на спадчыну яшчэ не памерлай, доктар пакінуў Кёнігсберг і памчаў у Вільню.
Чалавек у чорным. Пры чым тут кароль?!.
Бона. Не так даўно кароль па просьбе доктара ўдзельнічаў у разглядзе судовай справы па абароне спадчыны яго жонкі. Суд вынес рашэнне, якім уся рухомая і нерухомая маёмасць замацоўвалася за жонкаю і дзецьмі доктара на вечныя часы, а яе родзічам было загадана «ў тым вечнае маўчанне меці».
Чалавек у чорным. А як доктар раскалупае правакацыю і вернецца да герцага?..
Бона. Не вернецца… Як толькі герцаг даведаўся, што доктар нахабна абакраў яго, тут жа напісаў абуральнае пісьмо канцлеру Гаштольду.
Чалавек у чорным (амаль урачыста). Францыск, сын Скарынін, у навуках вызваленых і лекарстве доктар — злодзей! Не блага! Далібог, не блага! Пры такім спрыце шаноўная Бона Сфорца магла б быць і французскай каралеваю…
Бона. А тут ужо ваша прамашка… На карысць вашага ордэна я магла б паслужыць і іспанскаю і англійскаю каралеваю…
Чалавек у чорным (грозна). Язык!..
Бона. Я яшчэ не сказала, што ёсць усе падставы зрабіць доктара Скарыну беглым даўжніком і вечным бадзягаю…
Бона знікае. Чалавек у чорным глядзіць ёй услед і ціха, злобна смяецца.
XI
З успамінаў Скарыны
Вільня. Да Гаштольда ўваходзіць Скарына.
Гаштольд. Не скажу, доктар, што я рады вас бачыць…
Скарына. Я і сам сябе не люблю з самае раніцы. Нехта разыграў такі дурны жарт.
Гаштольд. Вы так думаеце?..
Скарына. А што ж яшчэ думаць? I жонка здаровая, і каралеўскае рашэнне адносна яе маёмасці ніхто не парушаў, а я кінуў усё на свеце і прыляцеў у Вільню, як той хлапчук… Такога стрэлянага вераб’я на мякіне злавілі.
Гаштольд. Відаць, нядрэнныя лаўцы. Чытайце. (Падае пасланне з пячаткай.) Уголас чытайце, доктар!
Скарына (чытае). «Да пана Гаштольда. Альбрэхт, Божай міласцю герцаг прускі.
…Не вельмі даўно, калі мы былі ў Кракаве, звярнуўся да нас нейкі іудзей, заяўляючы, што займаецца медыцынай, і дакучлівымі просьбамі прыставаў, каб з нашай згоды і волі дазволілі яму паўсюдна ў нашым уладанні практыкаваць яго гаючае лекарскае мастацтва для карысці нашых падданых, прыгнечаных хваробаю. Палічыўшы яго просьбы небескарыснымі для нашых падданых, мы міласціва падпісалі іх і дазволілі, і ён разам з намі прыехаў у наш горад Кёнігсберг, уладкаваўся і шмат хворых і іншых занядужалых узяў там жа пад свой дагляд. Між тым прыбывае таксама доктар, нейкі Францыск Скарына, якога мы прынялі ў наша прыдворнае акружэнне. Ён, адпраўляючыся адсюль з нашымі лістамі да Вашай Вялікасці па сваіх справах, якія меў у Вільні, дзе ён спадзяваўся затрымацца, зводніцкім сваім нагаворам гэтага чалавека, іудзея і нашага друкара тайна забраў з сабою, пакінуўшы тым часам тут без дапамогі мноства знясіленых і недалечаных… Нарэшце, з не меншай стратай і для нашых спраў, якія ён меў намер здзейсніць і надрукаваць у друкарні. Гэты дзёрзкі ўчынак чалавека выклікае ў нас прыкрасць з-за крыўды, нанесенай як нам, так і нашым падданым». (Адрываецца ад аркуша і збянтэжана глядзіць на Гаштольда.)