Выбрать главу

Гаштольд. Чытайце. Чытайце, доктар…

Скарына (чытае). «Таму мы ветліва просім Вашу слаўную Вялікасць, няхай гэтага доктара Францыска Скарыну павучыць аб недарэчнасці тайнага вываду нашых людзей і асудзіць і зазначыць, што мы адносімся да яго з незадавальненнем і непрыхільнасцю і што мы ад яго не чакалі такога незаслужанага ўчынку, як гэты. I няхай чым хутчэй адашле ад сябе вышэйназванага іудзея да сваіх, тут пакінутых і недалечаных хворых, і верне нам сюды нашага друкара. Гэтага, лічым, мы заслугоўваем за нашу прыхільнасць да Вашай слаўнай Вялікасці, каму найлепш з жонкай і мілымі дзецьмі жадаем жыць у здароўі.

Дадзена ў Кёнігсбергу 26 мая».

Скарына разгублены і прыгнечаны.

Гаштольд (пасля доўгай паўзы). Як усё гэта разумець, доктар Скарына?

Скарына. Гэта загадка… Я і ў вочы не бачыў ні лекара, ні друкара герцага Альбрэхта. I загадка…

Гаштольд (перапыняе). Ніякай загадкі, доктар. Вас проста справакавалі і тым самым назаўсёды адрэзалі шлях да вяртання ў Кёнігсберг.

Скарына (горача, усхвалявана). Я пераканаю герцага! Хіба ў такое можна паверыць — доктар Скарына звёз лекара ад хворых?!. Я ж клятву Гіпакрата даваў!..

Гаштольд. Не пераканаеце. Тыя, хто звёў ад герцага лекара і друкара, пры неабходнасці лёгка іх знойдуць, і можаце не сумнявацца, што «ўкрадзеныя» пацвердзяць вашу несумленнасць і здраду герцагу… Нас перахітрылі, доктар. Друкарня Скарыны за межамі Каралеўства і Вялікага княства некага вельмі напалохала…

Скарына (зусім разгублена). Што ж мне цяпер рабіць?..

Гаштольд. Чакаць нечага новага яшчэ больш брыдкага і каварнага. Здаецца, мы з вамі недаацанілі каралеву і тых, хто за ёю… I выйсце ў вас цяпер толькі адно: з’ехаць калі не ў Масковію, то ў Чэхію. Хоць і тое і другое мне не даспадобы.

Скарына. У Чэхію я яшчэ паспею…

Сцэна зацямняецца.

Дзея трэцяя

XII

З успамінаў Скарыны

Валакаламскі манастыр. Манаская келля нечым падобная да Скарынавай вязніцы. Адрозніваецца ад яе хіба тым, што чэсаныя палаці прыкрытыя мешкавінаю, а на покуці вісіць абраз. Перад ім пры святле свечкі моліцца Максім Грэк, адбіваючы нізкія паклоны. Колькі яму год — не скажаш, твар пад густой барадою. Ціха ўваходзіць Скарына ў манаскім адзенні.

Максім Грэк (адчуўшы, што нехта стаіць за плячыма, не паварочваючыся). Хто ўзяў грэх на душу, перашкодзіўшы малітве?..

Скарына. Я, Максім… Я…

Максім Грэк (уздрыгнуўшы ад незнаёмага голасу, але не паварочваючыся). Калі ты не прывід, то хто, грэшны?!.

Скарына (амаль шэптам). Францыск, сын Скарынін, са слаўнага горада Полацка, у навуках вызваленых і лекарстве доктар…

Максім Грэк таропка, але цяжка паднімаецца з каленяў, Скарына спрабуе дапамагчы яму.

Максім Грэк (уважліва разглядае Скарыну, не пазнае, вагаецца). Гэтага не можа быць!..

Скарына. Як жа не можа, калі вось ён — я. А не верыш, патрымай за бараду.

Максім Грэк бярэ Скарыну за бараду. Яна застаецца ў яго руцэ. Дакранаецца да вусоў.

А вусы маé. (Смяецца, адкідае манаскі капюшон — пад ім доктарскі берэт.)

Максім Грэк (у жаху). Ты загубіў сябе, Францыск! (Хрысціцца.)

Скарына. Што-што, а да самагубства мне яшчэ далёка.

Максім Грэк. Да мяне яшчэ ніхто не заходзіў незаўважаным…

Скарына. У нас кажуць: чорт не выдасць, свіння не з’есць. Даруй за чорта ў святым месцы.

Максім Грэк. Якраз ад свінні і не ўратуешся!

Скарына. Не бойся, Максіме, мае сябры купілі свінню з усімі вантробамі. Будзе маўчаць і толькі рохкаць.

Максім Грэк. А яны адсюль далёка?..

Скарына. Лічы, за дзвярыма.

Максім Грэк (абдымае Скарыну). Францыск!!!

Скарына. Максім!!!

Разглядаюць адзін аднаго.

Максім Грэк. Колькі год! Колькі ж год?!. Скарына. З 1512-га. Сустрэча ў Венецыі. Друкарня слаўнага кніжніка, настаўніка нашага Альда Мануцыя…

Максім Грэк (цытуе па памяці). «Падуя. Універсітэт. Вышэйшая калегія. Прычына склікання Вашых дастойнасцей наступная: прыбыў нейкі вельмі вучоны малады чалавек, доктар мастацтваў, бедны, родам з надзвычай далёкіх краёў… для таго, каб узвялічыць славу і бляск Падуі, а таксама красуючай супольнасці філосафаў гімназіі і святой нашай Калегіі. Ён звярнуўся да Калегіі з просьбай дазволіць яму ў якасці дару і асобай міласці падвергнуцца з ласкі Божай выпрабаванням у галіне медыцыны пры гэтай святой Калегіі».