Выбрать главу

Скарына. Пры ўсім пры гэтым я не здраджваю свайму дэвізу: рабі іншым так, як ты хацеў, каб іншыя рабілі табе.

Максім Грэк. Рабі, дружа, як хочаш і як ведаеш, толькі не папракай Максіма Грэка. Чысціня намераў маіх не заплямлена. А тое, што аднялі волю… (Надоўга замаўкае.)

Скарына. Хіба мне папракаць цябе…

Максім Грэк. І не шкадуй. Раскажы лепш, што задумаў, з чым едзеш у гэты непрадказальны край.

Скарына. Дрэнь справы друкарскія ў родным краі, дружа Максіме. Кнігі мае пражскія нядобразычліўцы адносяць да лютэранскіх. Пераклады Святога Пісання на родную мову лічаць ерэтычнымі. А нядаўнія папскія эдыкты і наогул забараняюць друкаваць на якой бы то ні было мове, акрамя лаціны. Каралева Бона бачыць наша Вялікае княства паланізаваным і акаталічаным — якая тут ужо свая мова? Кароль Жыгімонт, праўда, глядзіць на рэчы больш цвяроза і ў такі поспех каралевы не верыць, хоць канцлера свайго Гаштольда ўсяляк стрымлівае ад друкавання кніг у княстве на роднай людзям мове. Сын караля, епіскап Вільні Ян, у якога я служу пісарам і лекарам, толькі і хацеў бы, каб я нічым іншым не займаўся. А я хачу рабіць кнігі! Я ведаю іх вартасць для людзей!

Максім Грэк. І з гэтым ты едзеш у Маскву…

Скарына. З гэтым, Максім! З гэтым… Стагоддзямі ліецца кроў на межах народаў-суседзяў. Асвета, духоўнасць, узвышэнне, роўнасць перад адзіным Богам — толькі яны могуць спыніць братазабойствы, з’яднаць народы супраць татарскай, турэцкай, нямецкай навалы, ад якой могуць загінуць і тыя і другія. Канцлер Гаштольд шукае саюзнікаў на захадзе. Кароль Жыгімонт імкнецца прыбраць да рук Белую Русь. Малая Русь яднаецца супраць Русі Вялікай.

Максім Грэк. Алелькавічы і паслалі цябе да маскавіцян?..

Скарына. Некалі яны фундазалі мае пражскія выданні. Сёння я бедны і голы, як царкоўная мыш. I ўсе мае спадзевы на Алелькавічаў.

Максім Грэк. Мне падабаецца ваша прымаўка: на спадзевах яешню не спражыш.

Скарына. Ёсць і яшчэ адна магчымасць. Князі Шамячыч і Старадубскі павінны былі майму другу і фундатару купцу Багдану Онкаву 900 коп шырокіх грошаў.

Максім Грэк. Ці не той самы Шамячыч, якога не так даўно загубіў вялікі князь з дапамогай мітрапаліта Данііла?..

Скарына. Той самы. I доўг яго Онкаву перайшоў на самога вялікага князя.

Максім Грэк. I ты задумаў спагнаць гэты доўг.

Скарына. Менавіта так. I кароль Жыгімонт на нашым баку.

Максім Грэк. Пара б табе, доктар, калі не памудрэць, то хоць бы пасталець.

Скарына. У крайнім выпадку мы пагодзімся дараваць доўг вялікаму князю, калі ён пагодзіцца на адкрыццё ў Маскве друкарні, у якой бы я мог рабіць кнігі як на патрэбу княскага двара і рускай праваслаўнай царквы, так і на вываз у свой беларускі край.

Максім Грэк. З паршывай авечкі хоць воўны касмыль.

Скарына. Хоць бы сабе і так…

Максім Грэк. Шчаслівы той, хто веруе. Толькі вера — гэта адно, а веда — другое. I раней, чым на Маскву ехаць, тое-сёе трэба было б пра яе норавы ведаць. А норавы тут трохі іншыя, чым, скажам, у Венецыі ці Празе, у Кракаве ці Вільні. З гэтае прычыны мушу засцерагчы, бо само асяроддзе Маскоўшчыны, якая ледзь паспела вылузацца з татарскага ярма, рызыкоўнае і небяспечнае для чужынца, асабліва калі ён яшчэ чалавек у нечым дасведчаны. Край гэты пакуль пазбаўлены ўсякае асветы і асяродкаў яе. Тутэйшыя духоўнікі і дзяржаўцы перакананы, што асвета тут не толькі непатрэбная, але можа і пашкодзіць. Дзяржава бытуе пакуль па-за еўрапейскім духоўным светам. У кожнай галіне свайго бытавання пануюць звычкі, перанятыя ад татарскага складу і ладу жыцця. Тут яшчэ ніколі не пахла і сёння не пахне талеранцыяй, верацярпімасцю. Тут нязменна пакуль пануюць дагматызм і нязноснасць. Ні ідэя крытыкі, ні ідэя талеранцыі, ні ідэя духоўнага хрысціянства не даступны ні двару, ні духоўнікам, я ўжо не кажу пра іншых. Для аграмаднай большасці пасяленцаў дзяржавы ідэі гэтыя проста незразумелыя. Тут шукаюць «хулу», «герась» у кожнай дробязі. Ты проста не ўпішашся ў рамкі артадаксальнага маскоўскага дагматызму і жорсткага дэспатызму маскоўскага самадзяржаўя.

Скарына. Я быў бы рад, калі б ты памыляўся, Максім.

Максім Грэк. Не абяцаю ўцешыць — я многае тут пабачыў, а колькі яшчэ пабачу… Не так ужо даўно ў грубай жорсткасці тутэйшых звычаяў трагічна пераканаліся два заходнія лекары. Лекар Антон Немчын па загаду вялікага князя лячыў татарскага князя Каракучу. Лячэнне не ўдалося, хворы памёр. Тады вялікі князь загадаў лекара забіць. Татары-сваякі завялі Немчына пад маскварэцкі мост і там, як сведчыць летапісец, «зарезали ножом яко овцу». А пазней захварэў на ламоту ў нагах сын вялікага князя Іван. А ў Маскве быў гэтым часам лекар Лявон Жыдовін з Венецыі. Лячыць сына князь загадаў яму. Ды стан хворага горшаў, а хутка ён і памёр. Тады князь кінуў лекара ў цямніцу. Калі ж ад смерці князевага сына мінула 40 дзён, лекара Лявона завялі на плошчу Балванаўку і там адсеклі яму галаву.