Выбрать главу

Скарына. Ты мяркуеш, што і мне давядзецца лячыць некага з велікакняскай сям’і?..

Максім Грэк. А я не толькі пра лекараў, я табе і пра друкара скажу. Прыехаў неяк на Маскву вядомы любецкі друкар Барталамей Готан, каб друкарню наладзіць і кніжкі рабіць. За справу ўзяўся. А праз нейкія паўтара гады яго немаведама за што звінавацілі, абрабавалі і ўтапілі. Так што сам мяркуй…

Скарына. I ўсё ж я паеду да вялікага князя Васілія Іванавіча.

Максім Грэк. Вольнаму — воля, здаецца, так у вас гавораць.

Скарына. Так! Так, мой дружа Максіме! А за перасцярогу — дзякуй. Спадзяюся, што вялікі князь не пасмее затрымаць мяне хоць бы з тае прычыны, што за мною перамірныя гарантыі пра незачэпнасць купцоў Літвы ў Маскоўшчыне, а маскоўскіх у Літве.

Максім Грэк. Які ж ты купец?

Скарына. На гэты раз у першую чаргу купец. Друкаром адкрыюся толькі пасля таго, як добра прадам, як тавар пойдзе, як вялікі князь маімі кнігамі зацікавіцца.

Максім Грэк. Мітрапаліт Данііл імі першы зацікавіцца… Скажу шчыра, Францыск, баюся я за цябе. Вельмі баюся…

Скарына. Будзем спадзявацца. А пры добрым ладзе я за цябе перад князем пахадайнічаю. Не гніць жа такому разумнаму і слаўнаму чалавеку ў гэтай яме.

Максім Грэк. Ратуй цябе Божа, Францыск!

Ціхі стук у дзверы.

Скарына. Пара мне, Максім…

Абдымаюцца.

Максім Грэк. Ратуй цябе Божа…

Скарына выходзіць.

Сцэна зацямняецца.

XIII

Кракаў. Бона набліжаецца да Чалавека ў чорным.

Чалавек у чорным. Сёння не пытаюся, але сам паведамляю навіну радасную: пасля няўдач у Кёнігсбергу доктар Скарына прыбыў да маскавіцян з намерам стварыць на Маскве друкарню. На шчасце, вялікі князь папярэдне пазнаёміўся з кнігамі ерэтыка і загадаў спаліць іх на кастры. Сам жа доктар уратаваўся ўцёкамі.

Бона. Санта Мадонна! (Хрысціцца.)

Чалавек у чорным. Будучы самі невукамі, духоўнікі-схізматыкі імкнуцца ўсімі сродкамі перашкодзіць распаўсюджанню асветы, баючыся, што выявіцца іх уласнае невуцтва і несумленнасць. З гэтай прычыны яны пераконваюць сваіх князёў, што ўсялякі поспех у адукацыі можа выклікаць пераварот у дзяржаве і, такім чынам, павінен быць небяспечным для іх улады.

Бона. Выходзіць, і нам ёсць чаму павучыцца ў маскавітаў?

Чалавек у чорным. У гэтым выпадку яны маюць рацыю, таму што чалавеку разумнаму і ўзвышанаму ведамі і свабодным выхаваннем цяжка пераносіць тыранічны лад…

Бона. Няўжо вы і там, у Маскве, дасталі беднага Скарыну?

Чалавек у чорным. Што не, то не. Ён сам сябе ледзьве не ўзвёў на касцёр. Не ўлічыў небарака і падараваў вялікаму князю Апостала з пасляслоўем: «…при держаніи наіласкавшего господаря Жикгымонта Казімировича, короля полского, и великого князя литовъского, и рускаго, и жомоитьскаго и иных во славном месте Виленском. Выложена и вытиснена працею и великою пилъностию доктора Франциска Скорины с Полоцка…» Хіба ж мог сцярпець вялікі князь маскоўскі «караля рускага», калі ён сам сябе лічыць і рускім, і жамойцкім.

Бона. Сапраўды, прамахнуўся доктар…

Чалавек у чорным. I нам пара браць яго за шчэлепы, пакуль ён не збег у Чэхію ці яшчэ куды.

Бона. З нашае ласкі на доктара даўно ёсць каралеўскі ўказ аб затрыманні яго як беглага даўжніка і бадзягу.

Чалавек у чорным. I ў каго ж ён пазычыў, каб збегчы?..

Бона. У варшаўскіх ліхвяроў-іудзеяў.

Чалавек у чорным. I кароль ведае?..

Бона. Дай Бог каралю ведаць тое, што яму трэба ведаць…

Сцэна зацямняецца.

XIV

Познань. Грымяць запоры. У вязніцу ўваходзяць біскуп Ян, Войт і Раман.