Выбрать главу

Чалавек у чорным. Да гэтага часу…

Бона. Вы палохаеце мяне, майстар?!. Пры чым тут доктар Скарына? Епіскап Ян не так ужо рэдка пакідае Вільню і прыязджае ў Кракаў…

Чалавек у чорным. Кучар епіскапа сказаў, што яны прыехалі з Познані, дзе святы айцец наведаў бурмістра, суд і турму!

Бона. Санта Мадонна! Калі ў вас кучар ведае больш, чым каралева, наступны раз пытайцеся ў кучара і пра караля!

Чалавек у чорным. У біскупа свой кучар, у караля свой, а калі каралева не давярае свайму кучару, то няхай ходзіць пешкі. (Знікае.)

Бона доўга глядзіць услед Чалавеку ў чорным.

Сцэна зацямняецца.

XVI

Познань. Гарадскі суд — бурмістр Скаргардыян, Войт, радцы і лаўнікі. У пакоі епіскап Ян, павераны Скарыны Мацей Лонгій і пляменнік Францыска Скарыны Раман. Вартаўнік прыводзіць Скарыну. Ён усё ў тых жа лахманах.

Скаргардыян. Падыходзьце бліжэй, падсудны…

Скарына. Я не падсудны, хоць і закаваны, а таму пратэстую!..

Скаргардыян (Вартаўніку). Здыміце кайданы з падсуднага!

Скарына. Са зняволенага і невінаватага…

Вартаўнік здымае кайданы.

Скаргардыян. Якія будуць хадайніцтвы?..

Скарына. Вы, пан бурмістр, як абодвух праў і медыцыны доктар, відаць, разумееце, што ў сваёй доктарскай мантыі я адчуваў бы сябе перад вамі гэтак жа ўпэўнена, як і вы сябе перада мною. А таму прашу…

Скаргардыян (перапыняе). Будзем зыходзіць з таго, доктар, што яго святая Каралеўская Вялікасць патрабуе судзіць вас згодна з законамі, да складання якіх вы мелі непасрэднае дачыненне.

Скарына. Кароль памыляецца! Караля завялі ў зман! Караля маглі проста абысці!

Скаргардыян. Падсудны, пазбаўляю вас слова. А за абразу святой Каралеўскай Вялікасці вы адкажаце асобна.

Скарына. У такім разе за мяне скажа мой павераны магістр Мацей Лонгій. Што да абразы караля, то яе дапусціў той, хто злосна і беспадстаўна агаварыў яго падданага, які мае ўласны герб.

Скаргардыян. Падсудны, суд улічыць і вашу дзёрзкасць!

Скарына. Лепш бы суду ўлічыць маю невінаватасць…

Скаргардыян. Яшчэ раз папярэджваю, што суд можа разгледзець справу і без адказчыка… Ваша слова, магістр Лонгій.

Лонгій (пакланіўшыся суддзям). Мушу зазначыць, шаноўныя суддзі, што, не выклікаўшы істца і пазбавіўшыся ад даўжніка, суд пазбавіцца законнай падставы разглядаць справу, не кажучы пра справядлівасць рашэння. З гэтае прычыны і я і мой прынцыпал доктар Скарына настойваем на абавязковым выкліку ў суд варшаўскага іудзея Майсея.

Скаргардыян. Даводжу высокаму суду, што я, выконваючы свае абавязкі, даручыў служку Іаану Кракоўскаму яшчэ ў мінулую суботу выклікаць у суд вышэйназванага іудзея. Тады ж, у суботу, ён з’явіўся да мяне асабіста і спаслаўся на суботняе свята, у час якога яму не можна нічога рабіць або распачынаць. I папрасіў, каб тэрмін, вызначаны яму ў позве, быў прадоўжаны да панядзелка. Сёння зноў субота, і ён, на жаль, зноў не з’явіўся. А ўказ караля — гэта ўказ караля! I тым больш што ён дае суду ўсе падставы абвінаваціць беглага даўжніка і спагнаць з яго тое, што спагнаць належыць.

Лонгій. Маю гонар запярэчыць пану бурмістру і давесці суду, што каралеўскі ўказ якраз і не дае падстаў звінаваціць шаноўнага доктара Скарыну, бо суд павінен кіравацца законам і справядлівасцю, а не пажаданнямі, калі яны нават каралеўскія, у чым я і мой прынцыпал сумняваемся. А таму прашу занесці дзіўныя тлумачэнні пана бурмістра ў кнігу судовых актаў. Што да наўмыснага нез’яўлення іудзея ў суд, то ад імя свайго прынцыпала доктара Скарыны і сябе асабіста заяўляю вусна і ў паперах пратэст. (Перадае паперу бурмістру.)

Скаргардыян. Пратэст адхіляецца! На стале ў суддзяў указ святой Каралеўскай Вялікасці.

Скарына. Скажыце, калі ласка, як вы, доктар абодвух праў, паводзілі б сябе, калі б на стол суддзяў лёг указ святой Каралеўскай Вялікасці, скажам, у абарону таго ж доктара Скарыны?..

Скаргардыян. Апошні раз папярэджваю: не задавайце пытанняў суддзям, пакуль яны не пазбавілі вас магчымасці прысутнічаць пры разборы справы!.. Прадаўжайце, пан магістр.

Лонгій. Паважаны пан бурмістр, пан войт, паны лаўнікі і радцы! Я, Мацей Лонгій, — заступнік выдатнага мужа пана Францыска Скарыны, мастацтваў і медыцыны доктара, сакратара і лекара найяснейшага і найдастойнейшага пана і гаспадара епіскапа віленскага Яна, які прысутнічае тут і дапамагае ў справе супраць хлуслівага іудзея Майсея, заяўляю, што гэты хлуслівы іудзей разам з саўдзельнікам цяжбы лжывым расказам, зробленым перад святой Каралеўскай Вялікасцю, у якім ён ілжыва заявіў, што Скарына пасля смерці свайго роднага, вечная яму памяць, брата быў і ёсць вінен яму, Майсею, дзвесце шэсць коп і што з-за гэтага доўгу Скарына нібыта ўцёк з Вільні і блукае ўсюды, і падманам дамогся ўказа, які звычайна пашыраецца толькі на злачынцаў і яўных бадзяг або на абвінавачаных даўжнікоў, якія не могуць выплаціць доўг, што з’явілася найбольшай несправядлівасцю для майго прынцыпала. У сілу патрабаванняў гэтага ўказа ён, іудзей, дамогся заключэння доктара Скарыны, абвінавачанага як злачынца без усякага на тое грамадзянскага іску і раней, чым законным чынам зроблена гэта абвінавачанне, у гарадскую турму, а таксама спагнання вялікай пені з найвялікшай шкодай, цяжарам і стратамі як для самога доктара, так і для найяснейшага і найдастойнейшага пана і гаспадара епіскапа віленскага, у якога знаходзіўся на службе як прыбліжаны і слуга сам доктар.