Бона. О, Санта Мадонна! Можа, прачнемся, ваша вялікасць?!. Прэсто! Прэсто!
Жыгімонт (падхапіўшыся, перапалохана і таропка абувае чаравікі). Такі быў сон!.. Такі сон…
Бона (надзявае каралю карону, дае ў рукі «дзяржаву»). Ноччу, ноччу, ваша каралеўская вялікасць, будзеце сны глядзець…
Жыгімонт. Ноччу, мая слаўная каралева, як і заўсёды, я буду глядзець на вас, і не ў сне, а наяве…
Бона (сур’ёзна). Жартаваць, між іншым, таксама будзем ноччу…
Жыгімонт (не расшалопаў здзеку). Была б ваша воля…
Бона (смяецца). Мая воля будзе… была б ваша моц.
Жыгімонт (разгублена і вінавата). Ну… тут ужо, як выпадзе…
Бона. О, Санта Мадонна! (Садзіцца на свой трон, звоніць у званочак.)
З’яўляецца канцлер Гаштольд, схіляе галаву.
Яго вялікасць хоча бачыць доктара Скарыну і епіскапа Яна. (З’едліва.) Не лішнімі і вы будзеце, шаноўны канцлер…
Пакланіўшыся, канцлер выходзіць і вяртаецца зараз жа са Скарынай і епіскапам Янам. Запрошаныя вітаюць караля і каралеву нізкімі паклонамі. Усе апрануты згодна сваіх пасад і званняў. Скарына — у доктарскай мантыі і берэце, які не здымае нават перад каронай.
Жыгімонт. Мы хацелі б прасіць нашых шаноўных канцлера і епіскапа даць магчымасць многавучонаму і знакамітаму мужу Францыску, сыну Скарыніну, пазнаёміцца з канчатковым тэкстам Статута Вялікага княства Літоўскага, да якога б ён прыклаў сваю руку і розум, які мы высока цэнім, і менавіта да таго, як вынесці названы збор законаў княства нашага на зацвярджэнне сейма.
Скарына (нечакана). Калі ваша вялікасць дазволіць, я скажу, што гэта справа мною ўжо зроблена ў межах маіх здольнасцей…
Бона (здзіўлена). О-о!
Жыгімонт. Але ж Статут, распрацаваны пад апякунствам нашага канцлера (глядзіць на Гаштольда), быў толькі ў нас (глядзіць на каралеву) і ў епіскапа Яна.
Скарына. Я не быў бы Францыскам Скарынай, калі б упусціў магчымасць пазнаёміцца і ўнесці сваю лепту ў святую справу вашай вялікасці, якая робіцца на карысць маёй Айчыны.
Бона (з’едліва). На карысць нашага каралеўства і нашага княства, хацеў сказаць слаўны доктар.
Скарына. Менавіта так, мая слаўная каралева…
Жыгімонт. Вы наважыліся зараз жа і выказаць свае заўвагі?..
Скарына. Менавіта так, ваша вялікасць… I, з вашага дазволу, не столькі заўвагі, колькі прапановы…
Бона (паспешліва). Мы слухаем вас, доктар…
Жыгімонт. Так, слухаем…
Скарына. Пры ўсёй важнасці і каштоўнасці зробленага па абагульненні законаў і прывілеяў нашага княства, Статуту, як мне здаецца, неабходна надаць пэўную стройнасць, як усякаму твору высокай навукі і мастацтва. I перш-наперш прымяніць строгую сістэму і структуру размяшчэння прававых нормаў. А таксама ўключыць тыповыя і абагульненыя нормы, якія ў першую чаргу тычыліся б дзяржаўнай юрысдыкцыі і дзяржаўнага кіравання.
Бона. Даруйце, але мяне здзіўляе, як вы маглі не заўважыць сістэмы і структуры?!.
Скарына. Справа ў тым, што я хацеў бы прапанаваць сваю…
Бона. Наш доктар не памрэ ад сціпласці…
Скарына (весела і прыязна). Мая слаўная каралева, сапраўды, я, відаць, памру ад нечага іншага, бо не змагу адмовіцца ад таго, што ўжо ведаю.
Бона. Пабойцеся Бога, доктар, вашы грахі ў яго на ўліку.
Скарына. Бог і кароль мне найвышэйшыя суддзі.
Бона. Але ж навошта нажываць сабе ворагаў?
Ян. Ваша прыязнасць, яснавяльможная каралева, да доктара Скарыны ведама і Богу і каралю.
Бона (са злосцю). Санта Мадонна!..
Жыгімонт (строга). Ян! Я не дзеля таго цябе сюды паклікаў…
Ян (нібы пакорліва). Палюбіце адзін аднаго, як Бога нашага і памазанніка яго…
Бона (са злосцю). Амін! Прэсто! Прэсто, доктар Скарына!
Жыгімонт. Гаварыце, доктар!
Скарына. Раздзелам першым бачу законы, дадзеныя дзяржаве, нашаму Вялікаму княству Літоўскаму, Рускаму, Жамойцкаму. Другі раздзел — аб абароне земскай; трэці — аб вольнасцях шляхты. Найгалоўнейшым жа лічу сцвярджэнне суверэнітэту дзяржавы насуперак існуючаму касмапалітызму. А яшчэ адзінства права і прыярытэт пісанага права перад правам звычаёвым. Я запісаў бы літаральна: жадаем і пастанаўляем і на вечныя часы павінна быць захавана, што ўсе нашыя падданыя як бедныя, так і багатыя, якога б саслоўя і становішча яны ні былі, роўна і аднолькава павінны быць судзімы па гэтых пісаных законах, а калі б суддзі судзілі інакш, то павінны былі б самі быць судзімы. Без гэтага, пан канцлер, сейм зноў адхіліць праект Статута.