Я толькі паспеў прычыніць за сабою масіўныя дзверы, як апынуўся ў самым цэнтры разборак.
— Ну, я ж казала вам — зараз паявіцца мой муж. Во ён, яшчэ цёпленькі. Калі хочаце, пазнаёмцеся, а лепей не трэба.
І незнаёмка ўпэўнена скіравала да мяне, схапіла за рукаў, падміргнула праз вялізныя шкельцы акуляраў тлуста «наваксаванымі» вейкамі:
— Во, пайшоў і прапаў. Хадзем дахаты, пакуль не насцябаўся зусім. Ты ж абяцаў, што не затрымаешся доўга. Апранайся ды пойдзем.
Па натуры я чалавек вельмі добры, ды і кемлівасці хапіла, каб разабрацца, што тут і да чаго. Таму без асаблівых разваг згадзіўся пабыць на якую хвіліну яе мужам.
— Мілачка, ну як жа я пакіну сваіх сяброў. Хоць бы з паўгадзінкі яшчэ. Няёмка пакідаць іх. Не так ужо часта і сустракаемся.
— Дык што мне, стаяць і чакаць тут, пакуль ты наліжашся? — жанчына раздражнёна сціснула вусны.
— Давай тады да нас. Пасядзім і пойдзем.
Міліцыянты падазрона зыркалі на нас з-пад чорных казыркоў, але падысці і праверыць нашае сваяцтва ўсё ж не рашаліся. Я ўзяў незнаёмку пад руку і павёў наверх да нашага шумнага століка ў асобнай каморцы.
— Шаноўныя, дазвольце мне пазнаёміць вас са сваёй дваюраднай жонкай і кідайце дурныя спрэчкі, — звярнуўся я да калег, спыніўшы тым самым застольны гармідар. А тыя ажно раты параскрывалі, калі ўбачылі мяне вось у такім суправаджэнні, бо добра ведалі маё стаўленне да сям'і.
— Ого, — выдыхнуў адзін.
— Андрэй пайшоў юзам, — заспяваў другі.
— У мяне нешта са зрокам,— паспрабаваў пакпіць трэці летапісец.
І сябрукі дружна пацягнулі рукі для знаёмства з госцяй, устаючы, каб прадставіцца.
— Вераніка. Вельмі прыемна. Вераніка... — яна называла сваё імя і дазваляла цалаваць маленькія выпешчаныя пальчыкі.
«Вераніка?»
Я ўспомніў яе. «Далібог. Гэта ж яна — мая Вераніка». Той жа невялічкі кірпаценькі носік, шчылінка паміж верхнімі пярэднімі зубамі, вялікі, ды вельмі сімпатычны, прываблівы рот. Толькі валасы не яе. Фарбаваныя і перафарбаваныя, мусіць, сто разоў, яны цяпер мелі дзіўны дымчата-фіялетавы колер.
— Вераніка!
Я, відаць, крыкнуў занадта гучна, бо сябрукі вылупілі на мяне вочы і зноў узяліся за кпіны:
— Чаго горла дзярэш?
— Ці то я пачуў голас з унітаза?
— Зусім здурнеў, заікамі хоча зрабіць нас.
А мая даўно знаёмая незнаёмка агледзела мяне доўгім позіркам і ніяк не адрэагавала на зварот. Але ж у мяне выдатная памяць на твары. Я іх, можна сказаць, фатаграфую. Я паўтарыў яе імя, толькі ўжо цішэй.
— Андрэй?
— Не, мусіць, не Андрэй.
— Андрэйка, ты? Няўжо? Колькі ж мы з табою не бачыліся. Ты стаў такі салідны і вунь працоўны мазоль на жываце выгадаваў.
— Вераніка. Мы не бачыліся... Гм... Ды што там лічыць — цэлую вечнасць не бачыліся. Вось дык сустрэча. Расказаць каму — не павераць.
Сябрукі, ледзь не страціўшы прытомнасць ад такога развіцця падзей, адно круцілі галовамі ды лыпалі няўцямнымі вачыма. Але хутка ажывіліся, загаманілі, нават спрабавалі пажартаваць.
— А мы, Андрэй, верым. І таму прапаноўваем выпіць за гэтую сустрэчу. Садзіцеся вось тут — разам. Васёк, налівай.
Васёк наліў і падняў чарку.
— Давайце вып'ем ведаеце за што? Зараз скажу. Вось прывядзеш ты, Андрэй, сваю прыўкрасную Вераніку дахаты, пакладзеш у ложак, а калі жонка спытае, што ўсё гэта значыць, адкажаш ёй так. Ішоў, маўляў, па горадзе і ўбачыў жабу пад сцяною дома. Хацеў прайсці міма, а яна і просіцца: «Вазьмі мяне, Андрэйка, ды пакладзі ў кішэню». Так і зрабіў. Прынёс дамоў, а яна зноў: «Пакладзі мяне, Андрэйка, у ложак, а то замёрзла». Паклаў. «Ляж са мною». Выканаў просьбу. І тут жаба ператвараецца ў такую вось прыгажуню. Уразумелі? Дык давайце вып'ем за тое, каб жонка паверыла такой вось казцы, а заадно і каб усе нашыя жанкі такім казкам верылі.
Дружна зарагатаўшы, усе выпілі, запілі фантай, і над сталом запанавала храбусценне пасечанай капусты.
Наступныя два тосты таксама прысвячаліся мілавіднай госці, і ў перапынку паміж выпіўкамі яна зноў была ў цэнтры ўвагі. Ну, а пасля філосафы-палітыкі-пісакі вярнуліся да сваіх бясконцых спрэчак і не чапляліся больш да мяне і Веранікі. Яны ўспомнілі пра Сяргея, які некалі быў у іхнім гурце.
— Эх, быў бы з намі Сяргей, такую эпіграму забацаў бы...
— Або спяваў бы ўжо арыю з оперы.
— А хто вінаваты, Сцяпан, што яго няма за гэтым сталом?
— Ніхто не вінаваты. Проста так сталася.