Аднак перад тым як сесці за святочны стол, гаспадар зрабіў слабую спробу вярнуць старыя парадкі. Пеньямі намерыўся схадзіць у саўну і нават амаль раздзеўся, але пры гэтым знясілеў. Мая пакінула яго там, вярнулася ў хату, накрыла на стол і, дастаўшы з патаемнага месца тонкую сальную свечку, запаліла яе. І тут у хату ўваліўся босы і напалову распрануты Пеньямі. Ледзь соўгаючы нагамі, ён дабраўся да сваёй шафы і зрабіў тры вялікія глыткі гарэлкі з прынесенай біклагі. Потым ён зняможана апусціўся на ложак, радуючыся, што ёсць у яго яшчэ гарэлка, і хай сабе сёння будзе ягонае апошняе свята ў гэтым скіслым свеце, хай сабе і пазык болей, чым ён можа выразна выгаварыць. Праз тое ў Пеньямі зноў абуджаюцца зніклыя сілы. Ён заўважае хлопчыка, які заўсёды і паўсюдна выклікае ў старога Пеньямі жаданне закатаваць яго. Але хлопчык – зусім дробязная нагода для сваркі, калі дома ўся сям’я. Тут ён заўважае пасланую на падлозе салому.
– Хто прынёс у хату гэтыя жывёльныя аб’едкі?
– А якая табе розніца, дзе яны ляжаць, – пярэчыць Мая.
– Я табе пакажу, якая розніца! Баб’ё! Каровы! – раве Пеньямі і, спатыкаючыся, кідаецца да стала з намерам схапіць свечку.
Мая адсоўвае яе, і Пеньямі нахіляецца, збірае ў ахапак салому і хоча вынесці яе з хаты.
– Не шалей, стары пень!
Мая спрабуе стрымаць яго, а Пеньямі злосна хрыпіць:
– Я табе пакажу, олілаўская выпаўзніца, як у нас спажываюць салому пад скаціну!
Завязваецца лёгкая тузаніна, якая заканчваецца тым, што аслабелы Пеньямі валіцца на падлогу і так моцна ўдараецца нагою, што падняцца ўжо без старонняй дапамогі не можа. Мая дапамагае яму. Сяк-так дабраўшыся да ложка, ён, задыхаючыся, крычыць:
– Гарэлкі мне!
Але Мая і не думае выконваць ягоны загад. Стары яшчэ болей шалее і яшчэ гучней, але гэтаксама бездапаможна вішчыць:
– Гарэлкі мне!
Мая запытальна глядзіць на Марке, і тая абыякава кажа:
– Там, у шафе.
Стары Пеньямі засынае, і сям’я сядае за святочны пачастунак: грубы хлеб з мякінай, вадзяністая сыракваша, бараніна, параная бручка. У слабым жаўтаватым святле сальнай свечкі відаць схуднелыя твары насельнікаў хутара Нікіля, якія моўчкі сядзяць за святочным сталом. Трашчыць мароз, даносячы прывітанні з вялікага мноства хацінак, дзе ў гэты самы час у такой жа абстаноўцы такія самыя людзі сядзяць за такім жа пачастункам. Мужчыны і жанчыны глядзяць перад сабою сур’ёзнымі вачыма, а дзеці з тонкімі схуднелымі шыямі ледзь варушаць сківіцамі, нібы з кожным кавалкам праглынаючы нябачныя слёзы.
Бязмежнае зорнае неба глядзіць уніз на мітусню маленькага чалавечага племя, на тое, як яно імкнецца зберагчы сваё слабенькае жыццё дзеля будучых пакаленняў, чый лёс немагчыма прадказаць і прадбачыць у тых шчаслівых, а можа, няшчасных, часах праз дваццаць, пяцьдзясят, сто гадоў. Неба бачыць глухія пушчы, у якіх побач з паміраючымі жабракамі і бліскучымі вачамі рысяў дрэмлюць мільёны будучых людзей. На лясных прагалах відаць сівыя вёскі, у якіх адзін бачыць у сне, як ён завалодвае шматлікімі хутарамі, а другі сніць, што праводзіць апошнюю калядную ноч у бацькоўскім доме. Неба бачыць вёскі, дзе ў прытулках для бяздомных жабракоў ціха згасаюць тыя, каму не наканавана спазнаць шчаслівую будучыню. Шмат усяго такога бачыць неба на гэтай застылай у шэрай аднастайнасці зямлі, бо час вялікіх ліхалеццяў яшчэ не надышоў. Аднак на зямлі і ў паветры ўжо зрушыліся магутныя сілы прыроды – як таямнічыя, так і відавочныя. Былі Каляды 1867 года. З такой далечыні часу ўсё гэта можа падавацца вельмі цікавым, але тады настрой у людзей быў даволі прыгнечаны. Калі святочнае застолле скончылася, Мая паспрабавала заспяваць псалом, але голас у яе так панізіўся, што падтрымаць спеў ніхто не змог. Праспяваўшы пару вершаў, яна змоўкла.
Настрой дзесяцігадовага Юсі ўтвараўся з тых слабых уражанняў, якія ён атрымаў дома і па-за домам на працягу каляднага вечара. Праходка на Свіную горку ператварылася ў прыгоду каляднага вечара, водар бручкі напамінаў яму аб святочнай вячэры, бацькавы выбрыкі былі справаю даўно знаёмай. Пасля вячэры ён яшчэ раз паспрабаваў уладкавацца на прэлай саломе. І нарэшце да яго прыйшоў сон, напоўніўшы бляклымі фарбамі маленькія падзеі таго вечара.
Стары Пеньямі заўсёды гнаў прэч жабракоў. Але той каляднай ноччу яны ўпершыню ўступілі ў хату на хутары Нікіля. Толькі ўсе сабраліся спаць, як у хату ўлезла старая бабуля з двума дзецьмі. Яна расказала, што іхняя маці памерла ў дарозе. Паколькі стары Пеньямі моцна спаў, ім дазволілі пераначаваць на смярдзючай саломе. Іхні прыход разбудзіў Юсі, і ў ягонай напалову соннай душы вобразы гэтых вандроўнікаў засталіся назаўсёды. Хлопчыку падалося, што ён праспаў Каляды.