Раптам у галаве маланкаю ўспыхнула думка, ад якой старога Пеньямі закалаціла, нібы ў ліхаманцы. Жудасная трывога ахоплівае яго, трасуцца рукі і вусны, яму робіцца нясцерпна балюча. Ён дзейнічае бяздумна – хапае з шафы пустую біклагу, якую прынёс на Каляды ад таты Олілы, хапае сваю галоўную каштоўнасць – пасведчанне ўладальніка хутара – і, па-ранейшаму ліхаманкава калоцячыся, выбягае з хаты.
Юсі глядзіць, як аддаляецца бацька, адчувае, што зараз нешта здарыцца, і загадзя рыхтуецца да нечаканасцей. Напружана ён глядзіць на жабрака з поўначы, які храпе на лаўцы, потым узіраецца ў дарогу, ці не з’явяцца яшчэ валацугі. Вядома ж, во яны, тут як тут…
А тут прыходзіць і Пеньямі з біклажкаю пад пахай і прыносіць пяць ладных боханаў хлеба. Ніколі Оліла не даваў старому Пеньямі такога свежага, яшчэ цёплага хлеба, ды адразу так многа. Зноў пачырванелы твар Пеньямі высвечваецца ў дзвярах, і жабракі, якія толькі што прыйшлі на хутар, прагна глядзяць на такое багацце, спадзяваючыся, што падзеляцца і з імі. Аднак Пеньямі хавае хлеб і біклагу з гарэлкаю ў сваёй уласнай шафе. Гэта вялікая каштоўнасць, хоць гэтым разам і дасталася надзіва лёгка: хлеба ён зусім не прасіў. Аднак пасведчанне ўласніка засталося ў таты Олілы. Пеньямі нібы скінуў вялізны цяжар, халодная ліхаманка змянілася прыемнай цеплынёю. Можна і паляжаць у ложку.
– Няўжо гаспадар не падзеліцца з другім бедняком, калі сам здабыў сяго-таго? – пытаецца адзін з тых жабракоў, што атабарыліся на хутары яшчэ ўчора. Толькі тады Пеньямі заўважае, што ў хаце поўна пабірахаў з поўначы.
– Я во зараз вам пакажу беднякоў…
Пеньямі падымаецца, хісткімі крокамі выходзіць на сярэдзіну хаты і хапае першае, што трапляе ў рукі. Ліхаманка, самагонка і палёгка ад апошняга ўчынку абудзілі ў ім даўнюю задзірыстасць. Душа радуецца: у шафе ёсць гарэлка, зараз ён яшчэ можа вытурыць усіх з хаты і зноў залегчы ў ложак. Хутар, дом, зямля хай гараць гарам! Падумаеш, аснова жыцця! Сярод жабракоў ён заўважае Юсі, і недзе ў памяці мільгаюць далёкія карціны той часткі жыцця, што ён правёў з Маяй – доўгія, бязрадасныя, пакутліва змрочныя гады.
Але раптам у самы вырашальны момант перад варотамі пачуўся бразгат званочкаў, паказаўся засланы мядзведжай шкураю вазок, з якога вылез таўсматы цемнатвары чалавек. Ленсман прыехаў. Жабракі скаланаюцца, а Пеньямі забывае пра свае намеры. Ён так і застывае, сціснуўшы ў руках схоплены свярдзёлак.
Ленсман усё разумее без аніякіх роспытаў і ўмомант выганяе ўсіх жабракоў на вуліцу. Пасля іх у хаце застаецца гнятлівая цішыня ды знаёмы смурод. Звон стаіць увушшу ў старога Пеньямі, але і вялікая палёгка раптам напаўняе ўсю ягоную істоту: нарэшце ленсман прыехаў. І хоць Пеньямі адчувае сябе страшэнна стомленым, але душу апаноўваюць амаль што святочныя пачуцці. Хай сабе мацнее ліхаманка, хай сабе ленсман з усімі справамі – усё адно да аднаго, а значыць, і да вырашальнай падзеі. Зіма павярнула з сярэдзіны на схіл, вечаровае сонейка прагравае сіняватыя сумёты, у якіх праглядваюцца фарбы блізкай вясны. І ніводнага жабрака не відаць.
Пеньямі толькі і змог выціснуць: «Та-а-к-к-к в-о-о… не бо-о-олей-й-й за два-а-а тыдні… я паспра-а-абую… я тут крыху за-а-анядужаў…» Неяк ён усё ж здолеў падгаварыць ленсмана выпіць чарку гарэлкі. «А мо-о-ожа… кавы… у маёй гаспадыні… знойдзе-е-ецца…» – «Не турбуйся, я спяшаюся». Зарыпелі сані, забразгалі званочкі.
Пеньямі застаўся адзін у сваім старым доме, ахутаным утульнай цішынёю. Цяпер ён і напраўду быў адзін. Перажытыя падзеі так уразілі яго, што першы і апошні раз за ўсё сваё доўгае жыццё ён меў нязвыклы стан душы: не адчуваў ні злосці, ні зайздрасці, аб усім думаў з дзіўнай абыякавасцю. Ягоная жоўтая ад тытуню барада трэслася. Апошні адростак стагадовага сялянскага роду, ён плакаў. Сённяшні спантанны візіт да Олілы быў ягонай апошняю праходкай па зямлі Хар’якангас.
Сканаў ён той жа ноччу. Апошнія словы ён прамовіў вельмі выразна: «Я памру не сабачаю смерцю». Ён, безумоўна ж, трызніў, паўтараючы вядомыя словы гаспадара хутара Прыйкала. Пеньямі, напіваючыся гарэлкі, і раней часта казаў так, але цяпер прамовіў гэтую сваю заўсёдную прыказку мякка, амаль пяшчотна.
Неўзабаве пасля смерці старога Пеньямі мара маленькага Юсі спраўдзілася. Канцылярыя Турку за пазыкі пусціла хутар з малатка. Тата Оліла, якому нябожчык быў вінаваты больш за ўсіх, купіў хутар і пасадзіў там гаспадаром свайго малодшага сына Антаа. Мая з сынам мусіла пакінуць страчаны хутар. Яна не захацела застацца ў родных краях, дзе з самых дзявочых гадоў ёй даводзілася перажываць шматлікія жыццёвыя нягоды. Асушыўшы слёзы, яна вырашыла падацца да брата, які – людзі казалі – жыў даволі заможна. Адным светлым раннем Юсі прачнуўся і ўбачыў, што маці зносіць іхнія небагатыя пажыткі ў сані каля ганка. У Маі яшчэ заставалася колькі зярнятак кавы, на дзіва зберагліся і некалькі кавалкаў таго хлеба, які прынёс набожчык Пеньямі ад таты Олілы. Яны паснедалі, а рэшткі склалі ў сані. Потым рушылі ў дарогу, назаўсёды пакінуўшы гэты дом. Мая цягнула санкі, а Юсі, у штанах з лямкамі і старой світцы нябожчыка Пеньямі, штурхаў іх ззаду. Мая апранулася ў другую світку старога Пеньямі. Ярка блішчаў снег пад вясновым сонцам. Ужо ідучы па лёдзе возера, Юсі крадком азірнуўся і паглядзеў на далёкую і такую прыгожую вяршыню Свіной горкі, дзе некалі гуляў у такія цудоўныя гульні. Ён ніяк не мог праглынуць камяк у горле, і паступова захапленне вандроўным жыццём змянілася смуткам.