Грымоты сціхлі, навальніца скончылася, аднак палёгкі не было – такі ўжо дзень сёння. Згубіліся дзве каровы. Юсі яшчэ ўсхліпвае ад перажытых уражанняў і тут жа пачынае плакаць зноў: што яму будзе, калі каровы не знойдуцца. Важак статка паказваецца на ўскрайку паляны, але як шалёны кідаецца прэч, як толькі хлопчык набліжаецца да яго. Ваўкі! З пачуццём молячыся Богу, заліваючыся слязьмі, бяжыць дарослы хлопчык Юсі па размоклай сцяжынцы дадому і чуе, як у яго за спінаю нема раве скаціна, якую задзірае воўк. Аж тут які-небудзь дзед-лесавік, што жыве ў самотнай лясной хаціне, пачуўшы Юсеў лямант, выходзіць паглядзець, што там парушае вячэрні спакой, і накіроўваецца на выганы Туарылы. Ён бачыць загрузлую ў дрыгве карову, бачыць, як ашалела носіцца навокал бык, бачыць, што асаблівай небяспекі няма. Уцяміўшы гэта, стары няспешна вяртаецца дамоў па вяроўку.
На гэтых пашах Юсі правёў сотні ранкаў, дзён, адвячоркаў і вечароў, і ўсе яны былі розныя, не падобныя адзін да аднаго. Вядома ж, маленькі пастушок быў не ў змозе ўсвядоміць, як уплываюць гэтыя акалічнасці на ягоную душу; усю ягоную істоту агарнула нейкае ірацыянальнае пачуццё: усё былое памерла і знікла, нібы даўні сон, і не было нічога такога, што звязвала б яго з сённяшнім днём. Ён быў ні парабак, ні сын гаспадара, яму не дазвалялі жыць ні ў хаціне для работнікаў, ні ў доме гаспадароў, а толькі ў пякарні.
І вось надышоў вечар – пярэдадзень таго ранку, калі трэба будзе пайсці ў нядзельную царкоўную школку. Да страшнаватай напружанасці дадавалася яшчэ і пачуццё нейкага дзіўна шчаслівага смутку, бо заўтра ён павінен зрабіць першы крок у новае жыццё. У вячэрнім сутонні Юсі, не пытаючыся дазволу, прабраўся ў хату парабкаў. Там не было нікога, і хлопчык доўга сядзеў, ціхенька напяваючы песеньку, якую звычайна спявалі дарослыя мужчыны, і грубаватыя словы гэтай мужчынскай песні дзівосна казыталі ягоную душу. Ён застаўся сядзець там і пасля таго, як мужчыны вярнуліся з працы. Гаспадар сам прыйшоў па яго, незвычайная суровасць пачулася ў ягоным голасе, калі ён спытаў: «Што ты тут робіш?» І ў гэтым няласкавым голасе прагучала прадвесце таго, што павінна было пачацца назаўтра.
Роўна пастрыжаныя хлопчыкі сядзяць на царкоўных лавах і, здаецца, слухаюць, што пробст тлумачыць ім пра Святую Тройцу. Святар гаворыць павольна; чысты выразны голас гучыць, калі ён прамаўляе сказы высокім царкоўным стылем, і стыль гэты ніяк не пасуе да густа нашмараваных дзёгцем ботаў і даматканых хлапечых сярмяг. Ягоныя дакладныя, адшліфаваныя дзесяцігоддзямі словы ніяк не даходзяць да хлопчыкаў, не дасягаюць іхняга прыземленага хатняга розуму, аднак адценні голасу, яго рытміка абуджаюць у душы тое магутнае пачуццё, што перадаецца ў спадчыну з пакалення ў пакаленне. І непахісным застаецца першапачатковы вобраз Айца, Сына і Святога Духа ў выглядзе птушкі. Усе яны намаляваныя над напышлівымі літарамі катэхізіса.
Шмат хто з гэтых хлапчукоў у цяжкі час шчыра і з запалам успамінаў імя Госпада. І гэты Бог таксама пераходзіў з пакалення ў пакаленне, але з’яўляўся ён не праз казані настаўнікаў, а праз цемру цяжкіх выпрабаванняў народнага жыцця. Ён ажывае і б’ецца ў жылах бацькі, які паспешліва прабіраецца ўтравелаю лясною сцежкай да сваёй хаціны, каб апошні раз абняць сваё дзіця, якое канае. І калі стары дзед, які цэлы тыдзень прасіў піць, нарэшце памірае, прамармытаўшы штосьці няўцямнае, Бог з’яўляецца і супакойвае яго ў сваім улонні. А малыя дзеці, гледзячы знізу ўверх, назіраюць, як Бог набліжаецца да дарослых, і зберагаюць гэта для спадкаемцаў. Вельмі часта дзіцячае ўяўленне надае Богу бацькавы рысы: ён стары і суровы, і яго трэба шанаваць.
Аднак гэты Бог не пранікае ў душэўнае мноства хлапчукоў з нядзельнай царкоўнай школы. У час заняткаў ёсць шмат чаго іншага; трэба завучваць урокі з катэхізіса, калі не хочаш застацца пасля заняткаў, каб «палепшыць веды», трэба прыгледзець за полуднем, трэба пільна сачыць за тым, каб не зняславіць сябе ў вачах усёй хлапечай хеўры. Увечары, калі гаспадара кватэры няма дома, хлопцы выпраўляюцца шкоднічаць у вёсцы. Калі нічога не прыдумаюць, дык пачынаюць таўханіну, якая спачатку пераходзіць у сварку, а часта – у сапраўдную бойку. Аднойчы здарылася так, што Юсі Туарыла, пакрыўджана насупіўшыся, стаяў у баку і глядзеў, як гуляюць хлопцы. І ў гэты час міма праходзіў сам пробст. Ён нічога не сказаў, але відаць было, што гэтае Юсева адасабленне падалося пану пробсту падазрона ненатуральным. Калі ён прайшоў і знік за паваротам, вось тады Юсі дасталася напоўніцу.