– Ці не Пеньямі быў твой бацька!? Ці не Пеньямі быў твой бацька!? – здзекліва гарлалі хлапчукі. А назаўтра, калі Юсі «засыпаўся» на таямніцы хрышчэння, пробст сказаў: «І як ты, Ёхан, сын Беньяміна, праводзіш свае вечары? Ты бадзяешся па вёсцы замест таго, каб спасцігаць святасць таямніц Госпада нашага. Кажу табе: моцна запомні гэтае нараканне маё».
Хлопцы са зларадствам сачылі, як пробст павучае Юсі.
Вучоба ў канфірмацыйнай школе была для Юсі чарадою дробных і буйных расчараванняў, і не было там нічога такога, што мроілася яму ў той песеньцы, якую маркотна напяваў ён у хаце парабкаў увечары перад пачаткам заняткаў. Аднак і цяпер яму часам хацелася паспяваць, асабліва калі ён заставаўся адзін у доме, дзе жылі вучні царкоўнай школкі. Юнацкая душа яшчэ не набрала поўнай моцы і знаходзілася на той ступені, калі імкнецца стварыць карціну свету, суцэльна складзеную з прыгожых мрояў. Туарыла і гэтае сяло з царкоўнаю школай былі цэнтрам той карціны, аточанай бязладнай мітуслівасцю падлеткавых пачуццяў. Успрыманне жыцця і яго адчуванне рабіліся больш шырокімі, і хлопчык мусіў рухацца ўслед за імі; здавалася, што прастора таксама шырыцца і што яе трэба нечым напаўняць. Ранейшыя, створаныя яшчэ ў Нікілі, карціны канфірмацыйнай пары ніяк не супадалі з цяперашняй рэчаіснасцю: здавался, што яны так зменшыліся, што трэба было зноў пашыраць іх. Гледзячы праз акно на агароды, стрэхі і вуліцы сяла, ён адчуваў сябе бездапаможным і няўклюдным у гэтай вялікай чыстай хаце, якую паступова напаўняў вечаровы змрок. Гнятлівае пачуццё неабходнасці нешта рабіць поўніла ягоную істоту, і хлопчык пакутаваў ад страху, што не зможа ён зрабіць усё як трэба і не пазбегне жорсткага пакарання.
Гэтае пачуццё ўласнай нязначнасці і бездапаможнасці дасягнула найвышэйшай ступені, калі ён прымаў прычасце. У гэты момант трэба было абавязкова думаць пра Бога, але Бога не было, а было нейкае дзіўнае пачуццё і лёгкае ап’яненне, калі ён упершыню паспытаў царкоўнае віно і прасвірку. Пробст, пастар і дзеці выглядалі так, быццам Бог не меў ніякага дычынення да ўсяго, што тут адбываецца. Быў варты жалю ўрачысты момант канфірмацыі, калі дзяцей «дапускалі да прычасця».
Дух сытасці і спакою пануе нядзельным адвячоркам у заможнай вёсцы ў канцы лета. Заўтра ў Туарыле пачнуць жаць жыта.
Усе работнікі некуды падаліся, адзін толькі Юсі застаўся дома, бо свабоды ў яго меней, чым у парабкаў. Вядома, як сапраўдны мужчына ён ходзіць да прычасця. Але як мала гэта дае яму ў параўнанні з тым, што мроілася некалі як нешта дзівоснае і неспасцігальнае! Цяпер яму нічога не забараняюць, яму толькі загадваюць ці папракаюць яго, але сам дух, які пануе ў доме, скоўвае хлопца цяжкімі вярыгамі. І вярыгі тыя зрабіліся больш цяжкімі, чым раней, а пасля канфірмацыі іхні цяжар стаў проста невыносным. Два тыдні таму на сенакосе гаспадар зноў адлупцаваў яго. Калі пасля таго Юсі, глытаючы слёзы і лаючыся, пры ўсіх прыгразіў, што і на год больш не застанецца ў Туарыле, адзін торпар сказаў:
– Няўжо гэта Юсі больш не збіраецца наймацца яшчэ на год?!
– Чорт ім у бок, калі я наймуся! – усхліпнуў Юсі.
– Дык ты і гэты год рабіў задарма, а не па найме, – цягнуў сваё торпар, і тады Юсі адчуў, што ягоныя пагрозы выклікаюць у другіх адно што абыякавую ўсмешку, што ў ягоным становішчы ёсць нешта такое, аб чым ён не ведаў раней. Гэтым ціхім нядзельным адвячоркам сталася так, што Юсі застаўся ў доме сам-насам са скотніцай, якая прычэсвалася перад люстэркам. Была яна вельмі злоязычная баба, да Юсі звычайна ставілася з пагардаю і заўсёды прылюдна імкнулася сказаць хлопцу што-небудзь брыдкае. Але сёння яна размаўляла з Юсі лагодна, зусім па-людску, і таму ён асмеліўся задаць некаторыя рызыкоўныя пытанні, а потым спытаў, што гэта мелі на ўвазе мужчыны на сенакосе. Хіба ён не можа наняцца ў другую гаспадарку, як гэта збіраецца зрабіць Манта?
– Дык ты і сам ведаеш, што нікуды ты не сыдзеш, – адказала Манта, разглядаючы грабеньчык супраць сонца, каб убачыць, ці не вычасала чаго-небудзь. – Гаспадар узяў цябе ў галодны год, і што б ты ні казаў, давядзецца сядзець тут, пакуль не станеш паўналетнім.