Выбрать главу

Усё выдатна, але час ад часу Юсі выбягае на двор і спрабуе прыпомніць, ці ўсе загады гаспадара ён выканаў як след. Стоячы ў двары, ён бачыць пагорак, ахутаны начным змрокам. Адтуль адвячоркам ён глядзеў сюды ўніз. У Туарыле ўжо спяць, і гаспадар не даведаецца, калі ён вернецца, а таму і лаяць яго не будзе. Манта таксама тут, і ён пойдзе дамоў толькі з ёю. Юсі вяртаецца ў хату і рашуча накіроўваецца да дзежкі з півам. Ён ужо ходзіць да прычасця, ён ужо дарослы, і з чаго гэта гаспадар Туарылы, чорт ягонай мацеры, чапляецца да яго?

Вядома, лепей было б пайсці дамоў адразу ж цяпер, але не ісці ж аднаму так далёка, ды яшчэ і праз лес, а Манта танцуе з усё большым імпэтам! Здаецца, што Манта і не збіраецца ісці разам з ім. Калі ж ён ціхенька падыходзіць да яе і спрабуе сказаць штосьці, дзяўчына робіць выгляд, быццам зусім яго не чуе. Яна сядзіць у абдымках з хлопцамі. Ці стане яна чыёю-небудзь жонкай?

Апоўначы Юсі шыбуе праз сасновы лес па той жа самай пясчанай дарозе, якая вядзе на Туарылу. Але гэтым разам ён ідзе не адзін. Разам з ім ідуць Манта, яшчэ адна дзяўчына з вёскі і пяцёра хлопцаў. Ён, Юсі, шосты, але цяпер ён добра ўсведамляе, што яшчэ зусім не дарослы мужчына. Калі хлопцы пачынаюць груба валтузіцца з дзеўкамі, Юсі таксама спрабуе памацаць Манту, але тая рэзка асаджвае яго: «Не лезь! Табе яшчэ толькі цыцку ссаць, а не з дзеўкамі спаць!» І Юсі адчувае, што ён самы слабы і самы меншы ў кампаніі, што ён толькі замінае астатнім і яго трываюць толькі таму, што ён яшчэ нічога не разумее.

Але Юсі не такі ўжо някемлівы. За адну гэтую ноч на вечарыне ён зразумеў шмат з таго, аб чым думаў перад сном. Ён разумее, якімі недарэчна дзяцінымі былі іхнія гульні на Свіной горцы.

Яны прыходзяць у вёску. Сэрца ў Юсі шалёна калоціцца, ён здагадваецца, што ўся гэтая хеўра будзе не даспадобы гаспадару Туарылы. І зноў патыхае духам гэтай гасподы, ён мацнее, уздымаецца і ператвараецца ў жахлівае страшыдла, а светлыя карціны з нядаўняй выпадковай вечарыны паступова становяцца нікчэмнымі і знікаюць удалечыні. І толькі тут Юсі згадвае, што ён яшчэ і піў піва, пасля чаго хмель хутка праходзіць. Калі б можна было штосьці змяніць і выбраць, дык лепей бы своечасова вярнуцца дамоў, апынуцца ў ложку і спаць. Ён адчувае начны халадок, яго цягне ў сон, і даймае голад, а ўся кампанія здаецца яму чужою і варожа настроенаю супраць яго, паганага шчанюка. Не, на танцулькі ён болей не пойдзе!

Усе ідуць да гарышча дома Туарылы, і ён не ў змозе пайсці прэч, а цягнецца за вясёлаю хеўраю, хоць Манта яму груба загадала ісці сваёй дарогаю, а не чапляцца да іх. Хлопцы ціскаюцца з дзяўчатамі, хтосьці спрабуе падняць з зямлі драбіны, але яны падаюць з такім грукатам, што прачынаецца ўся сядзіба. Хлопцы кідаюцца бегчы хто куды, бо ў дзвярах пякарні паказаўся гаспадар Туарылы з ладным кіем у руцэ. Ён выбягае на двор, хлопцы разбегліся, а Манта засталася на месцы. Юсі спалохана залез пад свіран. Гаспадар сярдзіта паклікаў яго, але даганяць не стаў. Юсі слухае, як ён счапіўся з Мантай.

– Табе толькі мая праца і дні, а ночы і нядзеля – мае, – з пагардлівым выклікам адказвае Манта.

Калі Юсі пачуў, што гаспадар пайшоў, а Манта залезла на гарышча, ён выбраўся са свайго сховішча і ціхенька падаўся да ўвахода ў дом. І раптам перад ім з’явілася постаць гаспадара з тым жа кіем у руцэ.

– Дык вось так… – толькі і сказаў гаспадар, хапаючы Юсі за каршэнь, і некалькі разоў выцяў яго кійком ніжэй спіны. Хлопцы пачулі Юсеў пранізлівы крык і адчулі нейкую няёмкасць. Яны ніколькі не шкадавалі Юсі, не. Проста ім было сорамна, што не змаглі заступіцца за яго. Яны не ўмяшаліся толькі таму, што збіраліся пазней залезці да Манты.

Сцяўшы зубы, каб не ўсхліпваць, Юсі ляжаў у ложку. Пякучы сорам працінаў наскрозь усю істоту хлопца, як толькі ён адчуваў боль ад лупцоўкі. Усё змяшалася ў хлапечай галаве: успаміны аб жыцці ў Нікілі, цяперашняе жыццё ў Туарыле, канфірмацыя і нядаўняя вечарына. «Што ж цяпер са мною будзе?..»

А не было нічога асаблівага. Назаўтра ён цэлы дзень вязаў на полі снапы і выслухоўваў досыць крыўдныя намёкі на падзеі мінулай ночы. Потым жніво скончылася, і ён днямі працаваў на таку, потым на ворыве, пасля сек дровы ў лесе – пацягнулася звычайная штодзённая праца. Хутка надышла зіма, і давялося валіць лес, вывозіць гной – усё як звычайна. «Што ж цяпер са мною будзе?..» – пытаў у сябе Юсі кожны раз, калі атрымліваў ад жыцця чарговы гузак. І хлопец замыкаўся ў самотнай журбе.

Жыццё на свеце ішло наперад, і гаспода Туарылы таксама, апярэджваючы шмат якія іншыя гаспадаркі. Жыццё ў Туарыле рэзка адрознівалася ад жыцця на хутары Нікіля. У сядзібе Туарыла былі дзве добрыя хаты. У адной было жытло і спальнае памяшканне для парабкаў; апрача таго, там жа мясцілася кухня і былі два невялікія пакоі на другім паверсе, дзе жыла маці гаспадыні з іншай незамужняю дачкою; у другой хаце была пякарня, знаходзіліся памяшканні гаспадароў ды яшчэ некалькі прыстойных пакояў, дзе спыняліся праезджыя пастары ці яшчэ якія важныя госці. У хаце парабкаў і ў гаспадарскіх памяшканнях па вечарах для асвятлення запальвалі добрыя лямпы з газаю. Іхняе роўнае святло выганяла дробных духаў мінуўшчыны з самых аддаленых закуткаў. Неяк заначаваў у хаце адзін вандроўны гандляр, надзвычай хітры дзед, які ніколі не прагаворыцца і не скажа шчырага слова. У ягонай сумцы розныя прыгожыя заколкі ды кніжкі з даўнімі народнымі песенькамі. Няма на свеце таго, аб чым ён не сказаў бы свайго важкага слова, затое на сябе напускаў раздражняльную таемнасць. Парабак Тааветці, які не горш за іншых ведае, што свет трымаецца на ашуканстве і махлярстве, спрабуючы збіць пыху са старога, заводзіць гаворку пра некаторыя добра вядомыя яму ўчасткі будоўлі Санкт-Пецярбургскай чыгункі ды пра нейкага тамтэйшага наглядчыка.