– Дык ты, напэўна, пра Вянцінена кажаш, – адразу ж адгукаецца стары. І паміж імі завязваецца штосьці накшталт таемнага спаборніцтва ў тым, хто лепей ведае ўсе махлярствы, што чыніліся тою галоднай зімою на будаўніцтве чыгункі. А больш за ўсё яны абмяркоўваюць хітрыкі Вянцінена, які ўключаў нябожчыкаў у плацёжныя дакументы.
У размовах Тааветці з хітрым старым чуюцца водгукі далёкага вялізнага свету. А калі размова раптам сціхае, дык здаецца, што звонку даносяцца галасы надыходзячых новых часоў. Парабкі са сваёй хаты прыходзяць на вячэру ў пякарню, і па іхнім настроі можна заўважыць, што ўласная годнасць пакрысе пускае парасткі ў іхніх душах, а Тааветці ўсім сваім выглядам імкнецца паказаць, што ён больш важная персона, чым сам гаспадар. Аднак праходзячы ў пякарню, парабкі глядзяць, як у суседнім пакоі гаспадар адкладвае ўбок газету, назва якой віднеецца зверху кожнай старонкі: «Суомэтар».
А гаспадар яшчэ больш таямнічая асоба, чым стары гандляр, і Тааветці да яго не дацягнуцца. Ніхто не разумее, чаму гаспадар не прадае лес, хоць ад пакупнікоў няма адбою. Калі гаспадар Тавела прадаў свой лес, дык атрымаў паўтары тысячы марак, ажно паўтары тысячы! Як ні дзіўна, але Туарыла забараняе сваім торпарам сячы лес. Можа, ён думае атрымаць за свой лес больш за паўтары тысячы?
Гаспадар пачаў ставіцца да Юсі не так брутальна; хлопец цяпер амаль у такім жа становішчы, што і астатнія парабкі. Цела мужнее і набіраецца сілы, але дух ягоны па-ранейшаму прыгнечаны. Ён ужо добра выконвае тую нескладаную працу, якую загадваюць рабіць. Але ўвесь час ён адчувае, што гаспадар цураецца яго. Калі даёнка, якую ўпершыню зрабіў Юсі, паляцела ў печку, гаспадар нічога не сказаў, а толькі з’едліва ўсміхнуўся. А калі прапануюць даручыць Юсі якую-небудзь важную справу, гаспадар толькі пасмейваецца. У асобе Юсі ён цураецца слабасці свайго роду. А такое стаўленне прыгнятае хлопца мацней, чым былая суровасць. Ён адчувае, што яго могуць адпусціць з Туарылы ў любы момант, але куды яму падацца потым?
Такая абыякавасць гаспадароў вымушае яго паводзіць сябе з найвялікшаю асцярожнасцю; падлетак імкнецца быць як мага болей непрыкметным. Самы цяжкі дзень – нядзеля, бо невядома, што рабіць, ці можна пайсці ў вёску; а застацца дома – дык толькі вочы гаспадарам мазоліць. Паснедаўшы і змазаўшы дзёгцем боты, усе выпраўляюцца ў вёску, а Юсі застаецца адзін у апусцелай нядзельнай хаце. Часам з ім застаецца і які-небудзь бядняк, што знаходзіцца на ўтрыманні царкоўнага прыхода і пераходзіць ад двара да двара. Звычайна ён увесь час спіць на лаўцы каля печкі. Тады Юсі спрабуе змайстраваць што-небудзь з таго, што некалі рабіў у дзяцінстве. Ён пачынае, але задавальнення няма, і хлопец закідвае працу. З гаспадарскай паловы двара гаспадыня прыходзіць паглядзець, ці прыбрана ў хаце, ці чыстая бялізна на ложках. Сыходзячы, яна абыякава раіць Юсі што-небудзь пачытаць. Яна кажа гэта, гледзячы некуды ўбок, проста так, каб сказаць што-небудзь.
Каляды ўжо зусім блізка, і Юсі ведае, што сёлета яго не прагоняць. Калядныя святы цягнуцца бясконца. У адзін са святочных дзён студэнты ставяць у сяле самадзейны спектакль, і гаспадары Туарылы едуць туды пад нястрымны спеў званочкаў. Тады Юсі ў адзіноце нешта напявае сабе пад нос і спрабуе танцаваць польку. А потым, назапасіўшы слівовых костачак, без боязі ідзе пагасцяваць у суседнім двары. Костачкі ён смокча замест цукерак. Суседні падворак маленькі і цесны, сваімі старымі пабудовамі ён нагадвае Нікілю. Да Калядаў сцены і столь тут, як вядзецца старым звычаем, абшываюць светлай лучынаю; стол засланы прыгожым абрусам, на стале ляжыць свіны кумпяк, стаяць збан з дамашнім півам і кошык з хлебам, а пад столлю – саламяны вянок. Гаспадар, ласкавы і ветлівы стары дзядок, называе Юсі Юхам і ставіцца да яго як да звычайнага вяскоўца. На вуліцы, як гэта заведзена, час ад часу звіняць калядныя званочкі, а цёплае піва ў цёплай хаце дадае хлопцу крыху радасці і ўпэўненасці ў сабе; такое ўжо было з ім аднойчы.