Выбрать главу

Юсі не прагналі з Туарылы ні пасля Калядаў, ні ўвесну, ні ў пачатку лета. Гэта адбылося толькі наступнай восенню.

Гаспадар Туарыла, у адрозненне ад іншых, не прадаваў свой лес бяздумна. Ён доўга параўноўваў паваленыя лясіны Тавела са сваім лесам, уважліва прыглядаўся да бярвення, якое ляжала на лёдзе ў чаканні ледаходу і сплаву. Безумоўна, ён таксама прадасць свой лес, аднак тут трэба стрымаць нецярпенне і пачакаць. У выніку сталася так, што Туарыла пачаў прадаваць свой лес тады, калі большасць лясоў у акрузе ўжо спілавалі. Цана, якую ўзяў Туарыла, моцна ўразіла ўсіх і выклікала агульную павагу да такога мудрага чалавека. Можна сказаць, што з гэтага такога ўдалага продажу лесу і пачалося ўзвышэнне Кале (або Карла) Туарылы як даверанай асобы ўсяе валасной грамады.

А яшчэ адным вынікам удалага продажу лесу стала выгнанне Юсі з гасподы Туарыла.

Гаспадар і гаспадыня Туарылы ў той час вельмі ўзняліся. Іхняе багацце пачало павялічвацца яшчэ ў цяжкія галодныя гады, а пасля гэткай удалай здзелкі – падвоілася. Узбагачэнне – гэта зямное шчасце, а яно ёсць найбольш дасканалы від выпрабавання. Нездарма найчасцей задаецца пытанне: «А ці можа чалавек вытрымаць выпрабаванне шчасцем?» Гаспадары Туарылы паступова ўваходзілі ў кола лепшых людзей прыхода і воласці, дзе прачыналася ідэя адраджэння нацыянальнага духу фінскага народа. Муж і жонка Туарылы цалкам прасякліся гэтай ідэяй і яе значэннем, асабліва прывабнымі былі перспектывы на будучыню, і гэта толькі ўмацоўвала ў іх прыроднае пачуццё ўласнай годнасці. У святле гэтых ідэй цэны на лес набывалі самае важнае значэнне, а сама гэтая ідэя адраджэння і ўздыму народнага духу рабіла ўзбагачэнне сапраўды высакародным. Увесь гэты час гаспадары Туарылы ледзь стрымлівалі вялікую радасць, якая ахапіла іх. Гэтае пачуццё вялікага задавальнення і жыццёвага трыумфу патрабавала выхаду і адпаведнага афармлення. Муж і жонка шмат разоў абмяркоўвалі гэта між сабою ды вырашылі на пачатку восені зладзіць вялікую пачостку ў Туарыле і запрасіць на яе не толькі людзей свайго кола, але і такіх важных асоб, якіх толькі можна было запрасіць на такое баляванне. Рэч у тым, што ў прыходзе жыло шмат важных паноў шведскага паходжання. Яны заўсёды мелі паважны выгляд, іхнія прозвішчы ды імёны не мог вымавіць ніводзін фін, а галоўнае, што іх ніколі не бачылі на сялянскіх застоллях. Вядома, у лік запрошаных траплялі і шведаманы. Былі яны людзьмі гаваркімі і прыветнымі, а таму з задавальненнем прыходзілі на такія бяседы, каб за чаркаю разгарнуць дыскусію з фінаманамі.

Тым няшчасным днём у Туарыле ўсе былі на малацьбе, аднак пасля абеду Юсі атрымаў загад застацца дома, як след памыцца і апрануцца ў чыстае адзенне, бо ён павінен быў забіраць у гасцей коней і прыглядаць за імі.

Надвор’е было нейкае незразумелае: не сонечнае, але і не пахмурнае. Юсі чакаў гасцей у двары і пасля доўгага перапынку зноў меў пачуццё сваёй няўклюднасці і бездапаможнасці, што было адмысловай рысаю ягонага жыцця ў Туарыле. Ён не цалкам разумеў, што яму трэба рабіць гэтым вечарам, а таму ўся задума гаспадара і гэтае даручэнне выклікала ў Юсі разгубленасць і няёмкасць. І тут яму зноў – як і шмат разоў раней – прыгадалася, што гаспадар Туарылы – брат ягонай маці. Гэтая думка не пакідала яго ўвесь дзень, калі ў гасподзе Туарыла панавалі напружанае чаканне ды радасная ўзнёсласць. Гаспадар быў братам ягонай маці, але ніколі не глядзеў проста ў вочы свайму пляменніку. Здавалася, што гаспадар дасягнуў свайго багацця нейкім несумленным шляхам. Аднойчы ўлетку Юсі зайшоў так далёка, што завёў з гаспадаром гаворку пра гешэфт з лесам. Той быў у добрым гуморы і паглядзеў на пляменніка амаль ласкава, але гэты позірк быў горшы за добры кухталь. А цяпер гаспадар задумаў гэты банкет, прымусіў яго пераапрануцца сярод дня, а навошта? Сам гаспадар чыста пагаліўся, апрануў сурдут і хадзіў туды-сюды па двары. А калі Юсі праходзіў міма, дык выгляд у гаспадара быў такі, нібыта ён збіраўся імгненна перабіць пляменніка, як толькі той загаворыць аб свяце, што мае адбыцца.

Першым прыехаў царкоўны стараста з жонкаю. Белы каўнер і шаўковы капялюш упрыгожвалі ягоную асобу. На заднім сядзенні іхняй запрэжкі ўзвышаўся пан Конантэры, магістр, які бадзяўся па прыходзе без аніякага занятку. Вось і гэтым разам, разлічваючы на дармавую выпіўку, ён амаль гвалтам улез у брычку да царкоўнага старасты. Пакуль што магістр быў больш цвярозы, чым звычайна. Адразу следам за імі прыехаў пастар каплічнага прыхода, буркатлівы стары ў капелюшы-кацялку, апрануты ў неахайнае старое адзенне. Ён быў жанаты са сваёй служанкаю і таму прыехаў адзін. Потым заявіўся мясцовы ягдвойт, мужык, які вывучыў шведскую мову. Яго баялася і ненавідзела ўся бедната прыхода. Паступова сабралася большая частка людзей, якіх добра памятаюць старыя прыхаджане і з задавальненнем апісваюць дзіўныя рысы тых выбітных асоб.