Выбрать главу

Ён непрыкметна прабраўся ў хату, дзе на ягоным ложку ўсё яшчэ спаў п’яны Конантэры. Таму падлетак уладкаваўся за печкай на пустым ложку адной з работніц. Ён ляжаў, скурчыўшыся ад жаху, прыслухоўваўся да шалёнага стуку сэрца і чакаў так напружана, нібыта вось-вось раздасца жудасны выбух. Аднак час ішоў, і нічога не чулася, апрача цікання гадзінніка ды цяжкага дыхання магістра Конантэры, таго самага, што зусім нядаўна рыдаў з-за нейкага нікому не вядомага Нэлмані.

Нарэшце пачуліся крокі гаспадара, дзверы адчыніліся і прагучала пытанне:

– Дзе Тааветці?

Адказу не было, бо Тааветці хадзіў сам па сабе, нікому не дакладваючы. Але гаспадар усё ж ідзе ў сярэдзіну хаты і бачыць Юсі. У шаленстве ён скрыгоча зубамі, пагражае хлопцу кулаком і тут жа вылятае на двор, не кажучы ні слова. А Юсі яшчэ больш скурчыўся ў чаканні. Ад жаху яму нават і ў галаву не прыходзіць кінуцца наўцёкі.

Праз паўгадзіны гаспадар вярнуўся. Ён падышоў да Юсі, злосна ўхапіў яго за валасы і скінуў на падлогу. Калі Юсі паспрабаваў вызваліцца і ўчапіўся яму ў руку, той выгукнуў:

– Дык ты яшчэ і кусацца?!

Гаспадар ледзь не плакаў ад злосці. Гэты недарэчны выпадак ніякім чынам не спрыяў затоеным у сэрцы спадзяванням, якія ў час застолля часта падаграваліся размовамі аб выбарах у парламент. На павароце каля Суармы кола пробставай брычкі адляцела, і сам пан пробст моцна ўдарыўся аб зямлю. У вазку царкоўнага старасты кола адвалілася раней, чым той паспеў сесці на месца. Тады кінуліся агледзець колы войтавага экіпажа, і святочная ноч у Туарыле пераўвасобілася ў паганае ранне будняга дня. І ва ўсім вінаваты быў Юсі, гэты паскудны ёлупень, якога ён, добры гаспадар і родзіч, гэтулькі гадоў трымаў у доме як напамінак аб сваёй уласнай вартай жалю былой нікчэмнасці. Няўклюдная постаць гэтага мярзотніка ўвесь час была нябачнай таемнай перашкодаю на ягоным шляху – шляху самастойнага, поўнага сілы мужчыны!

Магістр Конантэры прачнуўся, пачуўшы гэтую валтузню, і добразычлівым сонным голасам прамармытаў:

– Ці не ложак гэтага хлопчыка я заняў?

– Нічога, Конантэры, ляжыце, гэты ложак яму болей не спатрэбіцца, – адказаў гаспадар і, выпхнуўшы Юсі за дзверы, прагарланіў яму ўслед:

– Ідзі туды, адкуль прыйшоў! Той жа дарогаю!

Толькі ўранні Юсі дайшоў да Тойвалы, далёкай лясной хаціны. Аголеныя карані елак тырчалі з зямлі і скруткамі ў сажань даўжынёй перасякалі мяккае ложа дарогі, якую праз густы ельнік ужо сагравала праменне ранішняга сонца. Гэтым разам Юсі не адчуваў такую горыч, як мінулым летам пасля вечарынкі. Толькі адну думку ён прыгаворваў, звяртаючыся да гаспадара Туарылы: «Чакай, я табе пакажу!!! Я табе яшчэ пакажу!!!» Толькі бясконца паўтараючы гэта, ён мог падтрымліваць свой дух і не кідацца ў чорную роспач, хоць і сам як след не ведаў, што ж такое ён «пакажа» Туарыле. Нервы сямнаццацігадовага чалавека былі напружаныя, яго даймаў голад, на вочы нагортваліся слёзы. Ахутаная ранішняй смугою пушча абуджала ў памяці нейкія невыразныя малюнкі дзяцінства.

Ён ужо дасягнуў таго ўзросту, калі яго яшчэ маглі пазнаць тыя, што бачылі Юсі малым дзіцем; і тыя, што бачылі яго апошнімі гадамі жыцця, таксама пазналі б хлопца, калі б ён паўстаў перад імі тым ранкам. Гэта былі ягоныя першыя выразныя крокі насустрач лёсу, які чакаў яго ў далечыні гадоў.

Раздзел ІІІ

У дарослае жыццё

У Тойвале Юсі не стаўся добрым і чаканым госцем. Было яшчэ самае ранне, усе ў хаце спалі, і калі ўбачылі Юсі Туарылу, дык спачатку падумалі, што здарылася нейкая бяда. Юсі некалькі разоў запэўніваў, што нічога страшнага не адбылося. «Дык чаго ты тады прыйшоў?» – «Проста так», – збянтэжана ўсміхаючыся, адказаў хлопец, не ведаючы, што сказаць яшчэ. Мійна нацягнула спадніцу, мяркуючы, што ўсё ж адбылося штосьці кепскае. Яна з падазрэннем паглядзела на сына: Кустаа ж хадзіў учора вечарам у Туарылу, а цяпер спаў моцным ранішнім сном. «Што вы там натварылі, паганцы?» – спытала Мійна. Іхняя хатка стаяла на зямлі ўладальніка Туарылы, і жанчына баялася, каб не выйшла якая непрыемнасць.

Гаспадар, стары нягеглы мужычок, моўчкі назіраў за імі з ложка, не выказваючы намеру ўмешвацца ў гэтую справу. Мійна трывожылася і дапытвалася, што здарылася, але Юсі толькі няёмка ўсміхаўся і мармытаў нешта няўцямнае – дабіцца якога-кольвечы толку ад яго было немагчыма. Яго злавалі гэтыя роспыты і недавер гаспадыні; чаму ён не можа быць тут як дома?! Гэта было б найлешае выйсце. Нарэшце Мійна сказала:

– Добра, кладзіся вунь побач са старым, калі ўжо цябе аднекуль прынесла.

Сказаўшы тое, Мійна пачала апранацца.