Выбрать главу

Юсі разуўся, скінуў світку і лёг у ложак на месца, якое толькі што вызваліла Мійна. І вось ён ляжыць побач з гэтым маўклівым дзедам у спарахнелай хацінцы, куды ён часам прыходзіў, каб перадаць які-небудзь загад Туарылы. Тады ён быў тут своеасаблівым пасланцом вышэйшай сілы – гаспадара. Пасля бяссоннае ночы ды такіх неймаверна моцных уражанняў і бурных падзей ён адчуваў сябе чужым для сваёй уласнай істоты, а раптоўна ўзніклая залежнасць да гэтай хаты была даволі непрыемнай. Ён нават адчуў варожасць да свайго прытулку і амаль шкадаванне аб тым, што здарылася. Ён заснуў і як наяве ўбачыў у сне родную Нікілю; яна зусім не змянілася. Так ператомлены мозг ствараў ілюзорныя карціны дзеля свайго адпачынку, каб хоць неяк аблегчыць пакуты і вызваліць душу ад гнятлівага пачуцця, якое ўзнікла шмат гадоў таму, калі далёкім раннем ад ганка Нікілі ад’ехалі нагружаныя сані. Юсі спіць самым глыбокім сном за ўсе гэтыя сем гадоў. Ён ужо нічога не сніць, і ў глыбіні падсвядомасці, што дрэмле, паціху адыходзяць у былое жахлівыя перажыванні сённяшняга дня. Так у глыбокім сне ягоная істота імкнецца насустрач будучаму. Жыццё, гады, невядомая непрыязная будучыня; дык можа лепей было б, каб Юсева жыццё скончылася на гэтым?..

Юсі спаў да самага вечара. Тады ён ціха прачнуўся і заўважыў, што ляжыць у ложку напалову раздзеты, што яго акаляе нейкі дзіўна ненатуральны свет: гэта быў не ранак. Таямнічы стары гаспадар хаткі сядзеў на лаўцы каля печы, а Мійна, завіхаючыся па гаспадарцы, штосьці доўга расказвала. Сыны – малодшы, Кустаа, і старэйшы, Ійсакі, – сядзелі за сталом і елі; было відаць, што яны нядаўна аднекуль вярнуліся дамоў. Юсі зноў раптам усвядоміў сваё новае становішча сярод гэтых людзей і адчуў раней ніколі не зведанае пачуццё ў дачыненні да жыхароў Тойвалы: цяпер яму даводзілася глядзець на іх знізу ўверх, зусім не так, як раней. Юсі прачнуўся так ціха, што ніхто ў хаце і не заўважыў таго, і тады ён, сам не ведаючы чаму, зрабіў выгляд, што спіць, і нават паварушыўся – так, як гэта робіць чалавек, ахоплены глыбокім сном. А Мійна ціхім даверлівым голасам расказвала сваім мужчынам:

«Я так і сказала: ён у нас, я во і прыйшла разабрацца, што ды як… Так і сказала, што ніякіх чужых парабкаў я карміць не збіраюся… Я сказала яшчэ…»

– Ну а Туарыла што сказаў? – спытаў Ійсакі, сёрбаючы з гаршка прастаквашу.

– А толькі і сказаў, што яму ўсё адно, дзе гэты вырадак, а я яму і кажу, што не прагоніце ж вы свайго родзіча во так проста ў свет у адных лахманах, што на ім, ёсць жа ў яго і яшчэ якая апранаха… Кажу я яму… Што ж… Кажу… Я задарма яго трымаць не буду… А за адзін дзень я яго нікуды не падзену, а калі ёсць што ў яго, дык я вазьму і прынясу яму… Я ж яшчэ…

Гэтая балбатня крыху супакоіла Юсі. Ён зразумеў, што Мійна хадзіла да Туарылы. Усе ягоныя турботы зніклі. Хлопец супакоіўся, бо вопратку яна прынесла, а пра выхадку з гайкамі нічога не сказала. Кустаа ж моўчкі еў.

– А грошай Туарыла не даў? – зноў спытаў Ійсакі.

Юсі хоць і ляжаў з заплюшчанымі вачыма, усё ж адчуў, як Мійна зірнула ў ягоны бок, а потым толькі адказала яшчэ больш ціхім голасам:

– А я потым сказала гаспадару, што добра было б даць яму яшчэ і крыху грошай… А ён адказаў, што няхай Юсі сам прыйдзе за сваім заробкам… А я яму і кажу, што не прыйдзе гэты хлопец сам… А тады гаспадыня выйшла і прынесла дваццаць марак, толькі вы яму аб гэтым ні слова…

Мійна кіўнула галавой у бок ложка, дзе «спаў» Юсі, і працягвала ўжо даволі гучна:

– Гэта ж трэба: узяць і адкруціць дзясятак гаек з колаў у вазках… І прыйшло ж яму такое ў галаву! Заўсёды быў ціхі-ціхі, а тут такое!.. Хто б падумаў! А ты, сынку, быў там учора? Глядзі, калі толькі надумаеш такое, дык я табе…

– Ды не адкручваў я ніякіх гаек, – прабурчаў Кустаа.

Тут Юсі пачаў пацягвацца, чмокаць і варочацца, робячы выгляд, нібы толькі што прачнуўся. Мійна паглядзела на яго і напусціла на сябе такі выгляд, нібы нічога такога і не расказвала.

– Ага, і майстра па гайках ачухаўся!

Выпадкова падслуханы расповед Мійны толькі яшчэ больш умацаваў пачуццё непрыязі да гэтых людзей. Нягледзечы ні на што, сем гадоў, пражытых у Туарыле, шмат чаму навучылі яго. Гэта былі бедныя, але няшчырыя і падступныя людзі. Кустаа таксама стаў яму чужым, ды і відаць было, што ён зусім не рады прыходу сябра. Каб толькі можна было пайсці куды-небудзь! Але ж у Мійны тыя дваццаць марак ад Туарылы.

Юсі далі кавы, потым у адзіноце ён павячэраў. Больш за суткі ён нічога не еў, але кавалак не лез яму ў горла. Спаць яго паклалі на лаве пад акном. Лава была мулкая і вузкая, і лепей было не раздзявацца на ноч. Ён праспаў цэлы дзень, але адчуваў сябе такім стомленым, што адразу ж заснуў на гэтым няўтульным ложку. Уначы Юсі зваліўся з лаўкі і доўга не мог заснуць. Ён глядзеў праз акно на цёмнае асенняе неба, прыслухоўваўся да дыхання іншых, і дыханне гэтае падавалася яму чужым і варожым. І толькі за гэтыя бяссонныя гадзіны ён усвядоміў, што ж з ім напраўду адбылося.