Выбрать главу

Хаціна Тойвала стаяла ў глухіх нетрах таго самага лесу, які так удала прадаў гаспадар Туарыла. Лесапавал меўся пачацца перад Калядамі. У хаціне Тойвала з нецярпеннем чакалі пачатку, бо праца на павале абяцала даць заробак і ўнесці хоць якія змены ў аднастайнае жыццё. Толькі Мійна ўпотай смуткавала, што яна занадта старая… Во хоць бы крыху была маладзейшаю… Але яна яшчэ пакажа сябе!

Юсі пакуль што дазволілі застацца ў хаце. У двары будавалі новы дом, дах і печ былі ўжо гатовыя, не было толькі вокнаў і падлогі; тут Юсева дапамога магла стацца вельмі нават прыдатнай, бо Ійсакі намерваўся да восені закончыць будоўлю. Велягурыстая Мійна дала зразумець, што такая дробязь не апраўдвае выдаткі на ягонае ўтрыманне, але яна згодная карміць няшчаснага хлочыка пад будучы заробак: гэта значыць, што за ўсё ён павінен будзе заплаціць з першых жа атрыманых грошай. Юсі слухаў яе і тужыў, гнятлівая туга не пакідала яго нават уначы.

У дзень пакаяння і малітвы, пасля нядзельнага набажэнства, у жыцці Тойвалы адбылася рэзкая змена. За нейкую пару гадзін у хату заявіліся ці не пяць дзясяткаў чалавек з піламі, сякерамі і поўнымі кошыкамі харчоў. На двары стаяў шматгалосы гармідар: там размяшчалі паўтара дзясятка коней і цяжка нагружаных саней. Чулася чужая нетутэйшая гаворка, з дарогі скідвалі рознае смецце і ламачча. Старэйшы сплаўшчык, дужы прыземісты мужчына, увайшоў у хату і з парога загарланіў так, што нават маўклівы гаспадар здрыгануўся і нешта забурчаў.

– Ну, матуля, кава грэецца, чым гасцей частаваць будзеш?!!

– Не прыпомню, каб я на сёння нейкіх гасцей запрашала! – адгукнулася Мійна так жвава, нібы і праўда скінула гадкоў дваццаць.

– Незапрошаныя госці і ёсць самыя лепшыя.

Увечары Тойвалу было не пазнаць. Хоць Мійна сустрэла «гасцей» вельмі непрыветна, тыя не звярнулі на яе ніякай увагі. Яна проста згубілася ў вялікім натоўпе прыхадняў, а яе бясконцую балбатню, якую раней немагчыма было спыніць, ніхто і не слухаў. Мясцовых звычак ніхто не браў пад увагу. Дзіўна было слухаць, як прышлыя сплаўшчыкі гучна крычалі «татуля!», звяртаючыся да рахманага маўклівага старога гаспадара, з якім раней ніхто не размаўляў. Калі ўвечары Мійна пачала з падазронасцю правяраць свае сховы ў закутках, ёй сказалі, што зладзеяў у арцелі няма, а калі б такія і выявіліся, дык неадкладна атрымалі б па руках.

Першая ноч была вельмі цяжкая; у хаціну і лазню напхалася безліч народу.

– Цеснавата тут у вас, – сказаў старэйшы, укладваючыся на салому. – А другая хата ўжо амаль гатовая.

А назаўтра ўранні пачаліся цуды. Уся арцель дружна ўзялася дабудоўваць новую хату. Нехта празнаў, што можна купіць вокны, якія заставаліся ад рамонту старой царквы, і арцельны старшыня, якога звалі Кейнанэн, тут жа пайшоў за імі; увечары ў новай хаце Тойвалы як след напалілі, і большая частка рабочых начавала там.

У панядзелак зрання ўся арцель выпраўлялася ў лес паглядзець, «якія сосны там вырасціў тата Туарыла для таткі Руўсэнлёйві». У час збораў старшыня выпадкова пачуў, як Мійна злосна накінулася на Юсі:

– Ці не пара і табе за працу?! Можа, чакаеш асобнага запрашэння? Цябе і так ужо цэлы тыдзень кормяць немаведама за што!

– У лес, у лес усе, хто цераз сасновы корань пералезе! – сказаў старшыня Кейнанэн, ляпаючы рукавіцамі. У двары ён спытаў у Юсі:

– А як завуць маладога чалавека?

Юсі спачатку нават не ўцяміў, пра якога маладога чалавека пытаецца Кейнанэн, і спытаў: «Каго?» Кейнанэн узяў яго пад руку і сказаў: «Ды вас жа, юнача!» Нялёгка было перажыць такую ўрачыстаць: ён – раптам малады чалавек, ды яшчэ імя назваць ва ўвесь голас!

– А прозвішча?

Зноў нявыкрутка. У яго ніколі не было ні прозвішча, ні мянушкі, а толькі другое імя, якое далі яму ў час хрышчэння, і хлопец сумняваўся, ці пра тое ў яго пытаюцца.

– Як называеца хутар? – спытаў Койнанэн.

Юсі азірнуўся і адказаў: «Тойвала».

Праз тое новым імем ён пачаў зарабляць першыя грошы. Юсі быў зусім не гатовы да працы: у яго не было рукавіц, і ён мусіў узяць іх з арцельных прыпасаў у лік будучага заробку. Ні сякеры, ні секача ў яго таксама не было. Першы дзень цягнуўся бясконца, і Юсі часта думаў, што нідзе яму не жылося так добра, як у Тойвала.

Набліжаліся Каляды, у жыцці лесарубаў усталяваўся цвёрды парадак. Большая частка арцельшчыкаў жыла ў новай хаце з царкоўнымі вокнамі, а таму яе празвалі «храмам боскім». Вечарамі там гулялі ў карты, дый наогул весяліліся як маглі. Часам туды заходзілі вандроўныя гандляры, казалі нават, што і дзеўкі зазіралі ў «храм». Юсі жыў у старой хаце разам з гаспадарамі. Яго ўсё яшчэ даймала незразумелае пачуццё бездапаможнасці. Мійна Тойвала па-ранейшаму глядзела на ўсіх спадылба, а Юсі яна проста ненавідзела. Юсі валіў дрэвы на пару з Ійсакі, і той забіраў увесь іхні заробак, так што грошай за першыя два тыдні Юсі і не ўбачыў. Харчаваўся ён у Тойвала, але ніхто не сказаў яму, колькі трэба плаціць. Ён разумеў, што зарабляе не меней, чым Ійсакі. Кустаа працаваў возчыкам, і ў яго былі грошы, як і ў Ійсакі. А чаму ж у іх ёсць грошы, а ў яго няма? Аднойчы ён паспрабаваў распытаць аб тым у Кустаа.