Выбрать главу

– Іка выйграў у карты, – безапеляцыйна заявіў Кустаа.

З самага пачатку ён паставіўся да Юсі з халоднаю фанабэрыяй. Кустаа рабіў выгляд, што нічога і не было той ноччу ў Туарыле, а калі Юсі паспрабаваў зблізіцца з ім як са старым хаўруснікам, той толькі пагардліва паглядзеў на яго.

– А што табе рабіць з грашыма? Іх забірае маці, бо ты так доўга жывеш і харчуешся ў нас.

– Так яно так, але ж вы атрымалі ад гаспадара дваццаць марак, – закіпаючы, сказаў Юсі.

У адказ Кустаа злосна адрэзаў:

– Не вярзі абы-што!

Юсі здавалася, што ўсе лесарубы разам са сваім верхаводам стаяць за Кустаа і збіраюцца пабіць яго, Юсі.

Іхні начальнік быў чалавекам жартаўлівым і вясёлым. Ніхто не чуў, каб ён гаварыў аб чым-небудзь сур’ёзна, нават імёны называў з жартачкамі. Аднак гэта было толькі своеасаблівае прыкрыццё, за якім хаваюцца зусім іншыя, нябачныя нікому рысы, якіх няма ні ў аднаго з ягоных падначаленых. Цяжка сказаць, як разумець такое. Проста ён галоўны, а ўсе астатнія – ягоныя падначаленыя. Вядома, яны з ім па-свойску, але паспрабуй разбярыся, хто з іх набліжаны больш за ўсіх да яго. Вызначыць гэта было немагчыма. Магло стацца і так, што ўсе заўважылі б, што ў яго наогул няма нікога блізкага, што ён чужы для ўсіх.

Мійна Тойвала лічыць, што яна бліжэйшая за ўсіх з начальнікам лесарубаў Кейнанэнам, бо часта абменьваецца з ім амаль непрыстойнымі жартамі. Кейнанэн бачыць наскрозь усе хітрыкі Мійны, а яна таксама бачыць хітрыкі Кейнанэна – дакладней, думае, што бачыць. Але ёсць адна камбінацыя, якую Мійна ўпотай пракручвае без згоды Кейнанэна. І таму яна вырашыла, што яна хітрэйшая і разумнейшая за яго. Аднак неўзабаве Кейнанэн паказаў, як моцна яна памыляецца.

Аднойчы Кейнанэн чыста выпадкова заўважыў, што ў Юсі няма грошай, хоць зусім нядаўна ён заплаціў усім лесарубам, і Юсі за такі кароткі час проста не мог іх патраціць. «Сярод тых, хто працуе ў лесе, не бывае жабракоў!» – сказаў ён нібыта жартам, але прагучаў гэты жарт даволі жорстка. І дадаў, што дзеля яснасці будзе з гэтага час выдаваць грошы не па парах, а асабіста кожнаму работніку. Так Юсі ўпершыню атрымаў грошы – ажно восем марак!

А калі вечарам ён вярнуўся дамоў, там панавала навальнічная атмасфера, бо Ійсакі вярнуўся раней. Браты вячэралі, і Юсі, як заўсёды без запрашэння, сеў за стол, аднак лыжкі для яго не было, і хлопец папрасіў Мійну падаць яе. А яна са злосцю адказала:

– Маеш свае грошы, займей і сваю лыжку!

Юсі моўчкі накіраваўся да паліцы па лыжку, але тут, ахопленая неўтаймаваным шалам, Мійна раптам ляснула яго апалонікам па руцэ і залямантавала:

– Што ж гэта за такая чортава навала, калі і свайму ўжо не гаспадар, усё цягнуць як захочуць… – і завіраваў паток шалёнай балбатні, сэнс якой заключаўся ў тым, што Юсі выперлі з роднага дому як апошняга вылюдка, што ён тут колькі тыдняў толькі харчы жарэ, а заплаціць хоць бы адно пені і не думае; і гэтак чым далей, тым больш страшэнным злачынцам і дармаедам паўставаў Юсі ў вачах усіх прысутных. Тут якраз у хату ўвайшоў Кейнанэн і на сваёй мяккай гаворцы савалаксаў паспрабаваў утаймаваць раз’юшаную Мійну.

– За што матулька так лае малога? – з ласкавай падступнасцю спытаў ён. Потым ягоныя ўгаворы пачынаюць дзейнічаць, і паступова шалёны фантан слоў ператвараецца ў больш спакойнае галашэнне, а Кейнанэн, усё гэтак жа спакойна, высвятляе, колькі часу тут жыве Юсі і колькі гэты «малады чалавек» плаціць у дзень за прытулак і харчы.

– Колькі захачу, гэтулькі і вазьму, а ў сваім доме не пацярплю ніякіх суддзяў ды заступнікаў…

Тут усе пачынаюць пасмейвацца і глядзець на Кейнанэна з насмешкаю, думаючы, што той пацярпеў поўную паразу.

– Пра свой дом вы, гаспадынька, лепей не напаміналі б. Памятаеце, як хутка мы вам дабудавалі новы дом? Калі спатрэбіцца, дык такую ж хаціну мы хуценька паставім і на пустым месцы.

Потым ён выносіць прысуд: «малады чалавек» будзе плаціць Мійне столькі, колькі плаціць ён сам, і гэтага цалкам хопіць. Потым Кейнанэн пытаецца ў Юсі, колькі той ужо заплаціў. Юсі адказаў, што дзвюх палучак ён і ў вочы не бачыў, як і тых дваццаці марак, што даў Мійне гаспадар Туарыла. Тут Мійна закалацілася, залямантавала, зарыдала, заверашчала. Кейнанэн пачырванеў і крыкнуў такім жудасным голасам, якога ад яго ніхто ніколі не чуў і не чакаў: