Выбрать главу

– Маўчаць! А то я вам пакажу, дзе ракі зімуюць!

Усталявалася поўная нянавісці цішыня. Кейнанэн абвёў усіх прысутных такім цяжкім і злосным позіркам акругленых вачэй, што ніхто не паварушыўся і не сказаў ні слова ў адказ.

У Юсевым жыцці гэта быў першы і апошні выпадак, калі з ім абышліся так справядліва. Цяпер ён мог сам распараджацца сваімі грашыма, а Кейнанэн паабяцаў прасачыць, каб Мійна атрымлівала роўна столькі, колькі ёй трэба было. Апрача таго, ён паабяцаў высветліць наконт дваццаці марак. Мійна ўтаймавалася і кіпела бяссільнай раз’юшанасцю, час ад часу нешта злосна буркочучы і ляпаючы дзвярыма, калі паблізу не было нікога з лесарубаў. Юсі ж мусіў перанесці сваю пасцель у «храм».

Ён выйшаў у двор, пачухаў маладую бародку, пачуў, як фыркаюць коні, і прыслухаўся да людской гамонкі. Упершыню за ўсё сваё жыццё Юсі меў у кішэні ўласныя грошы і час ад часу мацаў іх, загорнутыя ў кавалачак тканіны. Так самотна стоячы ў двары, ён адчуў магутную сілу лесараспрацоўкі. Будаўнічы лес – гэта нешта такое, чаго не ахапіць уяўленнем, што плыве ў высокую далячынь, населеную шляхетнымі важнымі панамі, там шмат грошай, гэтулькі грошай, што немагчыма пералічыць. Страшнавата і нават жудасна робіцца ад таго, што і ты маеш нейкае дачыненне да магутнага свету грошай. Грошы – гэта штосьці незвычайнае, яны нібыта патрабуюць ад цябе нешта такое…

Ён вяртаецца ў «храм», дзе мусіць правесці першую ноч. Там гуляюць у карты і пануе бяздумная весялосць. Заўтра нядзеля, і ўсе лесарубы пойдуць у царкву. Чаканы адпачынак настройвае людзей на вясёлы і жартаўлівы лад. Тут сабраўся люд з розных канцоў краіны, тут чуюцца аповеды пра небывалае, байкі аб прывідах ці аб прыгодах з ваўкамі. Гаворка пакрысе сціхае, але тут стары з Яміярві пачынае сваю чарговую прыдумку. Слухачы падбадзёрваюць яго непрыстойнымі жартамі. Хтосьці ўспамінае сварку вакол Юсі, і на нейкі час ён робіцца аб’ектам жартаў. Юсі цяжка, з раздражненнем успрымае жартачкі на свой конт, але неўзабаве яго пакідаюць у спакоі. Праўду кажучы, ён яшчэ проста вялікае дзіця, якое выпадкова трапіла ў вясёлую дарослую хеўру.

Нарэшце ўсе ўкладваюцца на свае сеннікі. Гэтым суботнім вечарам ва ўсіх пануе асабліва лагодны настрой. Старэйшыя вылічваюць, колькі яны заробяць і на што патрацяць грошы, калі вернуцца дамоў, маладыя ж думаюць пра тое, як заўтра пайсці ў царкву. Юсі думае аб тым, як рэзка змяніліся ягоныя стасункі з Мійнаю, і пра тое, што ў яго няма ўжо болей сталага прытулку. Ён згадвае маці, якою яна была, калі яны разам выправіліся ў Туарылу. Успамінаецца і ноч яе смерці, і гэта – адзіная ноч, якая займае асаблівае месца сярод усіх перыядаў ягонага жыцця і ў той карціне свету, якую ён намаляваў сваім уяўленнем. Ці можа ён яшчэ плакаць?

Пасля гэтага Юсі адчуў бязмежны давер да Кейнанэна, але, як выявілася, дарэмна і заўчасна. Калі Юсі, нічога не цямячы ў картах, прайграў усе свае грошы і з плачам пачаў патрабаваць, каб іх вярнулі, Кейнанэн не заступіўся за яго – наадварот, разам з усімі пасмяяўся з яго. Так ужо збудаваны гэты свет: заўсёды ты застаешся адзін.

Паступова Юсі перастаў вечарамі ўспамінаць маці, Свіную горку і хутар Нікіля. Зіма набліжалася да канца, ад паваленых дрэў ішоў вясновы пах, ярка блішчалі санныя каляіны. З Туарылай ён развітаўся ўлетку, наперадзе яго чакала такая доўгая зіма, што і ўявіць было немагчыма, а цяпер яна ўжо заканчваецца. І дзе яна цяпер, тая страшная доўгая зіма?

На лёдзе ўжо вязалі плыты з бярвення. Набліжалася пара сплаву, і ўсё навокал ажывілася, стросшы з сябе зімнюю здранцвеласць. Туарыла разам са сваімі гаспадарамі і з іхнімі грашыма застанецца тут. Ад цудоўных дрэў, якія раней былі лесам, на зямлі засталіся толькі пні, абсечанае галлё ды кавалкі садранай кары. Усё гэта маляўніча раскінулася па зямлі, складаючы поўную карціну вынішчэння старога лесу. Дні рабіліся ўсё святлейшымі, і нарэшце настаў такі дзень, калі ў спусцелым «храме» Тойвалы засталіся цішыня ды затхлае паветра. У той светлы дзень нават Мійна крыху засумавала.

Шмат хто з лесарубаў пайшоў працаваць на сплаў, сярод іх быў і Юсі – Ёхан Тойвала.

Цяпер ён мог цалкам самастойна, сам, ні ў кога не пытаючыся, набыць сабе новыя боты, сам купляць харчы ў прыбярэжных вёсках. Пачуццё ўзмужнелай даросласці поўніла ягоную душу. Вядома ж, гэта было выдатнае пачуццё, але разам з ім узнікала незразумелая няёмкасць. Свае ўласныя грошы непакоілі яго, так і хацелася патраціць іх на што-небудзь, усё адно на што.