Павольна рухаецца вялізны плыт цераз пратокі, кіруючыся на паўднёвы захад да рэчкі Кокемяэн’ёкі. Палае агонь, гатуецца кава, у зацішку пад сценкай будана плытагоны гуляюць у карты. Конь, рухаючыся па бясконцым коле, круціць ворат, Кейнанэн змазвае тлушчам п’ексы.
– Паехалі, Хрызастом! – гукае з чоўна сплаўшчык, з якім Юсі павінен ехаць на бераг па харчы: сёння іхняя чарга павеславаць. Хрызастомам (Хрысціцелем) хлопца аднойчы назвалі праз нязграбнасць у новай для яго працы. З тае пары яго так і называюць. Калі новаму чалавеку расказваюць, якая паскудніца была Мійна Тойвала, той абавязкова запытае, а хто гэта такая, і яму адказваюць:
– Ды во, матка нашага Хрызастома.
Юсі сыходзіць на бераг. Сёння ён чарговы раз пазнаёміцца з новымі мясцінамі і людзьмі. Ягоны жыццёвы досвед пашыраецца. Стасункі паміж мужчынам і жанчынаю, пра якія ён ведаў толькі з гульняў на Свіной горцы, цяпер паглыбіліся і канчаткова высветліліся. Ён упершыню паспытаў сапраўднае ап’яненне, гэтую ўласцівасць чалавека, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, дваістае становішча, якое сумяшчае асалоду і горыч. Раздольнае жыццё разгортваецца перад ім, але недзе ў глыбіні душы хаваецца гнятлівая няпэўнасць: а што будзе далей, калі сплаў закончыцца?
Сплаўны сезон скончыўся, аднак вецер лёсу не панёс Юсі немаведама куды. Ён так і застаўся працаваць у Кейнанэна. Цяпер, купляючы лес, трэба было ўлічваць кожную лясіну, бо часам гаспадар выстаўляў такую шалёную цану, што купляць усё адным махам без пераліку было рызыкоўна. Тады Юсі даручылі лічыць лес, а калі гэтая праца скончылася, дык зноў пачаўся лесапавал. Лясы ў правінцыі Сатакунта імкліва радзелі. Наступалі новыя часы, пра якія так марылі згаладалыя хлебаробы цудоўнаю вясной 1868 года, але, як заўсёды ў такіх выпадках, часы гэтыя былі зусім не такімі, якімі мроіліся стомленым ад чакання людзям. За гады службы ў «лесагандлёвай канторы» Юсі ўзмужнеў і стаў зусім дарослым. Сезонным рабочым ён стаў выпадкова і ніяк не жадаў заставацца ім на ўсё жыццё. Пасля першага года працы, калі зноў пачалі валіць лес, гэты занятак страціў сваю навізну: хлопец зразумеў, што і наступныя гады такой працы не зробяць вялікага ўплыву на ягонае «развіццё». Ён бы з задавальненнем пайшоў у парабкі, але паўсюдна былі чужыя мясціны, а вяртацца ў Туарылу ён не хацеў. Хоць натураю сваёй Юсі быў даволі замкнёным чалавекам, аднак адразу ж пасля таго, як пакінуў Тойвалу, ён адчуў патрэбу ў сталым атачэнні – каб людзі вакол яго не мяняліся б усе адразу. Калі час ад часу вечарамі яму ўспаміналася мінулае, успаміны гэтыя тычыліся толькі першых часоў ягонага жыцця ў Тойвале – перад тым, як пачаўся лесапавал. Цяпер ён лічыў Тойвалу месцам, поўным невядомай небяспекі, пазбегнуць якой яму ўдалося чыста выпадкова. Ён увесь час прымушаў сябе думаць, што вяртацца туды яму не трэба, што ён не забыўся там нічога такога, дзеля чаго трэба абавязкова вярнуцца. Ці не пакінуў ён там якія даўгі, а можа, прыхапіў што-небудзь з сабою? Не, адтуль нічога такога не магло быць.
Часы Туарылы засталіся так далёка ў мінулым, што ніякія ўспаміны туды не сягалі. Часам карціны з жыцця ў той гасподзе і прабіваліся ў памяці, але не абуджалі ніякіх пачуццяў. Гаспадар, гаспадыня ды іхнія дзеці засталіся ў такой далечыні часу, быццам ніколі і не існавалі. Тыя часы разам з заўсёдным жыццём у пякарні і чыстай пасцеллю канчаткова сцерліся з памяці. Жыццё пачалося з прыходу ў Тойвалу, і сэнс цяперашняга жыцця быў у тым, што вяртацца туды болей няма патрэбы.
Але і такі душэўны настрой апаноўваў яго ўсё радзей і радзей.
Ва ўзросце дваццаці аднаго года ён ужо быў сапраўдным мужчынам сярэдняга росту, з крываватымі нагамі, роўна пастрыжанымі валасамі і зямлістай скураю. Нічым ён не адрозніваўся ад усіх іншых, і ніхто больш не дапякаў яго непрыемнымі жартамі. Шмат хто лічыць праведзеныя ў бясконцых блуканнях маладыя гады самай лепшаю парою жыцця. Свае тагачасныя прыгоды ўспамінаюцца з захапленнем, бо тыя даўнія часы ўжо агарнуў залацісты вэлюм замілавання. У Юсі ўсё было зусім не так. У часы адпачынку ён гадзінамі думаў, што вось ізноў ягоны плыт нясе па рачных пратоках, што зноўку праплываюць міма прыбярэжныя вёскі. Прыходзіла яму ў галаву і тое, што вось мінулым летам у гэты самы час яны гэтак жа некуды плылі. Юсі часта думаў і аб тым, што цяпер ён добра ўмее рабіць усё, што павінен рабіць сапраўдны плытагон. Самыя розныя людзі трапляліся ў ягоным атачэнні. Некаторыя з іх употай, без аніякай кампаніі, хадзілі на бераг па нейкіх сваіх справах; Юсі нізавошта не пайшоў бы на бераг адзін. На беразе шмат дзяўчат, і ўсе яны падаюцца хлопцу больш дарослымі, чым ён. Лёгка завязваць знаёмства з дзяўчатамі ён не ўмее, таму можа толькі марыць пра іх. Ён не можа, падобна да іншых, рассыпацца ў непрыстойных жартах, ужо не кажучы пра тое, каб лазіць да дзяўчат па начах на гарышчы, як гэта робяць ягоныя знаёмыя.