Праходзіла адно лета, мінала другое… І квітнелі яны такой прыгажосцю, якая ўздзейнічала нават на Юсі, які быў не надта схільны захапляцца ўсім прыгожым. Цудоўнае ранне, нядзеля, дзень Святой Тройцы. Па возеры з горада ідзе беленькі параход. Духавы аркестр на ім грае старадаўнюю, вядомую з дзяцінства мелодыю. І ў вусцішным захапленні трымцяць душы сплаўшчыкаў, і то адзін, то другі падхоплівае спеў, скажаючы мелодыю, не разумеючы ды і не імкнучыся зразумець словы: «…імператар на бераг спусціўся тады, выпіў кубак дунайскай вады… Меч у рукі ўзяў і ўсё зруйнаваў…»
Усіх ахапіла святочнае замілаванне. І тут Кейнанэн загадвае: «Ну, хлопцы, апранайма святочную форму – ды ў царкву!»
Вопратка ад канторы ляжыць у грузавым чоўне. Кожнаму выдадзены чырвоная куртка, белыя штаны, бліскучы пояс і шапка. Потым у лодкі – і да берага, дзе сярод пяшчотнай зелені стаіць царква. На плыце застаецца толькі стары нямоглы конюх. Карабель ужо знік за выспаю, а сплаўшчыкі на сваіх лодках толькі напалову адолелі шлях да берага.
Юсі таксама вяслуе нароўні з іншымі. Гэта надзвычай гарманічнае імгненне, калі нівы і лясы на ўвесь свет абвяшчаюць, што народ, ахутаны водарам іхняга дыхання, перажывае свае самыя шчаслівыя гады. Берагі тысяч азёр ласкава абмываюць калматыя хвалі, прамаўляючы таямнічыя словы, і недзе ў гэтай краіне вялікі паэт чуе і ўспрымае іх сваёю чыстаю душою. Тыя людзі ў чырвоных куртках, якія цяпер выходзяць з лодак на ўтравелы бераг, ніколі і не чулі пра тых паэтаў, аднак яны па-дзіцячаму чуйна ўслухоўваюцца ў гоман хваль і лёгка разумеюць яго сваім простым розумам. Гэта праўда, што яны на службе ў лесагандлёвай канторы і могуць выбухнуць брыдкаю лаянкай, але чыстая, несапсаваная душа народа, якой так захапляецца вялікі паэт, яшчэ не загрубела пад тонкай карою штодзённасці.
Свята панавала ў душы Юсі, калі ён разам з усімі ўставаў, а потым ілбом дакранаўся да палічкі з малітоўнікам на спінцы царкоўнай лавы. Святочная ўрачыстаць напоўніла царкву і паглынула тое незразумелае напружанне і пачуццё бездапаможнасці – усё, што прыгнятала ягоную душу на працягу некалькіх гадоў. Усё знікла ў адно імгненне. Людзі ў вялікім мностве прыйшлі са сваіх дамоў у царкву, каб потым зноў разысціся па дамах і там прыемна і хораша правесці святочны дзень. У сонечным паветры царквы хвалямі лунае псаломны спеў, шырока разносіцца слова Божае, і людзі праз тое адчуваюць сябе бліжэйшымі да сваіх родных падворкаў. Нават Кейнанэн тут выглядае зусім маленькім чалавечкам, які страціў сваю звыклую ўладнасць. Усе ягоныя прымаўкі проста зніякавелі перад тым звонам, што пачуўся, калі царкоўны служка змяніў лічбы на чорнай з пазалотаю дошцы і павярнуў яе да парафіян. А ў гэтых чырвоных куртках ёсць штосьці ад Кейнанэна, і Юсі пачынае саромецца, што ён апрануты ў такую ж чырвоную куртку. Здаецца, што і табе абавязкова трэба гаварыць, як Кейнанэн: «…і чаго ты тут дзелаіш…»
У такім кірунку плылі думкі Юсі падчас усяе казані. Ён успомніў таго нямоглага дзеда, які застаўся на плыце, успомніў выгляд, з якім той запіхваў у скураны кашэль паперкі і срэбра – заробленыя за тыдзень грошы. Святочная атмасфера царквы не стасавалася з непрывабным выглядам старога, аднак Юсі адчуваў, што той бліжэйшы яму, чым Кейнанэн з усімі астатнімі сплаўшчыкамі. Ён належаў да тых, што пойдуць з царквы дамоў, да тых, што маюць псалтыры і насоўкі.
Казань цягнулася доўга, і Юсі мог спакойна лунаць у сваіх ілюзіях, думаючы, што вось і ён зараз пойдзе з царквы ў свой дом да святочнага стала з кашаю ды бульбяным супам. Самае прыземленае чалавечае ўяўленне нідзе так лёгка не паддаецца мроям, як падчас святочнае летняе казані. Юсі вельмі не хацеў вяртацца з царквы на свой плыт. Але давялося вярнуцца, хоць пасля таго візіту ў царкву Юсева жыццё набыло новы сэнс.
Тою восенню Кейнанэн прывёў сваю арцель у Юсевы родныя мясціны, каб палічыць і ацаніць раскошны стары лес ягонага роднага хутара Нікіля. Дзе толькі ні пабываў Юсі з Кейнанэнам, у якіх толькі лясах з тае пары, як яны сустрэліся на далёкім лясным хутары Туарыла. Але тут здарылася так, што аднойчы ўранні Кейнанэн не падняўся з ложка. Ніхто не бачыў, як ён памёр, і ў ягонай смерці было штосьці таямнічае, як і ва ўсім ягоным жыцці. Праца ў гэты час заканчвалася, і калі прыехаў новы начальнік, людзі былі гатовыя падацца далей, бо тут валіць лес было яшчэ рана. Юсі застаўся адзін. Ён сказаў, што будзе тут чакаць, калі пачнуцца зімнія работы ў лесе, але недзе ў глыбіні душы ён адчуваў, што пасля ўсяго перажытага болей ніколі не возьме сякеру ў рукі. Ніякага цвёрдага плана ў яго не было – усё складвалася пад уздзеяннем усялякіх дробязных акалічнасцей. Ён меў ужо 24 гады, але да гэтай пары ў таварыстве мужчын ён адчуваў сябе маленькім хлопчыкам. Тым летам пачуццё, якое з гэткаю сілай успыхнула ў ягонай душы падчас казані ў царкве, вельмі часта вярталася да яго, і неяк само па сабе сталася так, што ягоныя грашовыя зберажэнні пачалі павялічвацца. Смерць Кейнанэна паслужыла для Юсі знакам таго, што яму трэба пакінуць гэтую кампанію. Гэтаму паспрыяла і тое, што трапіў ён у родныя мясціны, дзе яшчэ жылі знаёмыя людзі. Аднак і гэтыя людзі, і ўся мясцовасць былі ўжо зусім іншымі: тая атмасфера, якая панавала тут да страшных галодных гадоў, цалкам выветрылася. Не было ні таты Олілы, ні Пеньямі, ні хацінкі на Свіной горцы, дый старога дома Нікілі таксама не было. Але была яшчэ адна старая жанчына, якая, гатуючы каву, падрабязна распытвала, як памерла Мая. Спачатку ўсё здавалася яму чужым, і пачуццё безабароннасці, няўпэўненасці ды няёмкасці напаўняла яго так, што нават траціць грошы тут было прыкра. Аднак ён ніяк не мог пайсці разам з іншымі лесарубамі. Магчыма, што гэта і было вырашальным, бо мроі ў царкве таго траецкага дня зусім не супадалі з тым, што ён убачыў у родных мясцінах.