Былы маленькі Юсі Нікіля цяпер стаў дарослым парабкам на хутары Пір’ёла, які знаходзіўся непадалёк ад ягонай роднай вёскі. Васьмідзясятыя гады пачаліся.
Раздзел IV
Жыцця спякотны поўдзень
Калі чалавек, паблукаўшы па свеце, вяртаецца ў родныя мясціны, ён павінен быць лепшым за іншых. Добрая вопратка, добрыя грошы і добрыя паводзіны важнай асобы. Ён павінен умець танцаваць і з жартамі заляцацца да дзяўчат. Калі чалавек адпавядае ўсім гэтым умовам, значыць, ён дамогся поспеху ў жыцці і можа стаць войтам, ажаніцца з жанчынаю з заможнай гаспадаркі, атрымаць добры надзел-торп, купіць у сталыя гады ўласны дом з зямлёю і, аддаючы ўсе сілы гэтай гаспадарцы, нарэшце заплаціць назапашаныя пазыкі. Так можа здарыцца і ўжо не адзін раз здаралася: нічога таму не перашкаджае. Аднак немагчыма было нават уявіць, што нешта падобнае можа адбыцца з Юхам (у родных краях Юсі атрымаў імя Юха).
Ягоная родная Нікіля цяпер самая лепшая гаспадарка ва ўсёй вёсцы – прынамсі, нічым не горшая за Олілу. У Нікілі пабудаваны шыкоўны новы дом, у якім жыве з жонкаю сын нябожчыка таткі Олілы Антаа. Гаспадыня паходзіць з важнага роду, і кажуць, нібыта яна заявіла, што нагі яе не будзе ў смярдзючым мярлогу старога Нікіля. Ды пільнай патрэбы ў тым і не было, бо Антаа, завалодаўшы хутарам, наняў будаўнікоў, якія згадзіліся працаваць толькі за харчы: цесляры з поўначы навыперадкі прапаноўвалі свае паслугі і ледзьве не кідаліся ў бойку за працоўнае месца. А ўсё таму, што хлеб у таткі Олілы быў заўсёды, а ён сам толькі стаяў, назіраў за будоўляю ў сына і прыгаворваў: «Усё добранька, пакуль стае хлеба і грошай». Дом збудавалі яшчэ да восені, хлявы паправілі, а падворак абнеслі ладным мураваным плотам. А на Каляды сюды перабралася і гаспадыня. Калі ж пазней успаміналі пра тое, як пагана было раней на хутары Нікіля, дык здавалася, што старога Пеньямі з усімі сваімі выгналі адсюль за штосьці ганебнае, нібыта ён быў круцялём і гаспадарыў тут без усялякага на тое права. Цяпер жыццё тут было чыстае і прывольнае. Ніводзін парабак не бачыў новую гаспадыню ў ніжняй бялізне, як гэта было некалі з Маяй амаль кожны вечар. Старэйшы сын хадзіў у народную школку. Стары лес, які некалі належаў Пеньямі, упершыню высеклі і прадалі. Бедны хутар Нікіля ператварыўся ў адну з самых заможных гаспадарак ва ўсёй акрузе.
У параўнанні з гэтым жыццёвы набытак Юсі быў нікчэмны. І вядома ж, стаў ён усяго толькі парабкам у Пір’ёле, старым, занядбаным хутары, дзе, апрача яго, была яшчэ адна парабчанка.
У нядзелю вечарам Юха выпраўляецца ў Хар’якангас, яго міжволі цягне туды паглядзець на новыя парадкі. На нагах у яго рыпяць новенькія боты, у кішэні – дваццаць марак. Ён успамінае пра свой узрост і прыходзіць да высновы, што стаў дарослым. Вось жа, малы Юсі Нікіля – цяпер дарослы мужчына; бяжыць час, бяжыць. Убачыўшы абноўлены падворак Нікілі, ён думае: «Ты змяніўся, але змяніўся ж і я». За ўсе мінулыя гады стары Пеньямі ні разу не згадваўся яму, а тут раптам памяць абудзілася так жыва, што ён адчуў нават спагаду да свайго бацькі-нябожчыка. Па дарозе з Нікілі ў Олілу ягоная хада, увесь ягоны выгляд набываюць фанабэрыста-ўладнае адценне – зусім як у старога Пеньямі. У душы выбухам узнікае пагрозлівае і злоснае пачуццё да цяперашніх гаспадароў Нікілі і Олілы. Гэткія паны, уладкаваліся тут і прадаюць лес, хоць ні халеры не цямяць у лясной гаспадарцы. Тут жа былі такія лясы! І некранутыя былі, пакуль імі валодаў ягоны бацька Пеньямі! А тут – нá табе! – гэты падпанак прадае бацькаў лес як свой уласны! Юха тупае так горда, нібы гэта ён толькі што прадаў свой лес. Ягоную істоту поўніць невымоўная асалода толькі ад аднае думкі, што ў яго ў кішэні такая процьма грошай. Аднак, паглядзеўшы на гэтага чалавека, не скажаш, колькі ж ёсць грошай у ягонай кішэні.