Позна ўвечары ўжо крыху захмялелы Юха вяртаецца той жа дарогаю. На дарозе паміж Олілай і хутарам Нікіля ён прыпыняецца, ахоплены жаданнем загукаць: «Недаедкі вы Олілавы!» Каб яны, значыцца, ведалі, што Юха – сын Пеньямі Нікілі! Аднак ён маўчыць: гэты крык гучыць толькі ў ягонай дашчэнту аголенай гарэлкаю душы, і яна сочыць за ім, калі вось так Юха Нікіля тупае па дарозе ў глыбокім захапленні ад свайго бацькі Пеньямі. Сочыць, сочыць за ім душа, і няма куды ад яе падзецца. «Напраўду, Пеньямі валодаў лесам, валодаў ды згубіў незваротна. Хай гэта цябе і злуе, аднак усё было згодна з законам. Ты ганарышся тым, што ты сын чалавека, які валодаў і домам, і лесам, і ты нібыта пры чым… Лепей паглядзі: гэта зусім не тая гаспода, і нічога тут няма ад твайго бацькі; у гэтым доме жыве Олілаў Антаа, зразумеў? Гэта Антаа, сын нябожчыка таты Олілы, што з Кокемякаў. Во так яно і ёсць. А ты тупаеш у Пір’ёлу і будзеш там начаваць, і памятай, што ў кішэні ў цябе ўсяго дваццаць марак. Так і загадвай наперад. Паглядзі на людзей, паглядзі, як яны жывуць на свеце».
Такую гаворку вяла душа, прарываючыся праз дурманны хмель не асобным словам, а суцэльным патокам.
І Юха вяртаўся ў Пір’ёлу як гэтым вечарам у нядзелю, так і яшчэ шмат святочных і будзённых вечароў. Ён быў рахманым парабкам; людзі старэйшага веку добра памяталі, адкуль ён вядзе свой род, і гэта было выразна відаць па ягоных невялікіх усмешлівых вачах, як у старога Пеньямі, хоць норавам ён удаўся больш у сваю нябожчыцу-маці Маю. Былі ў яго і свае дзівацтвы, але не такія ўжо і вялікія, каб на іх звярталі асаблівую ўвагу. Асабліва дзіўным было ягонае стаўленне да грошай. Ён акуратна забіраў у гаспадара свой заробак, а таму гаспадар лічыў яго марнатраўцам. Але гаспадар памыляўся: Юха не траціў грошы марна, ён проста хацеў трымаць іх пры сабе. Гэта не было звычайнай ашчаднасцю, таму што беражлівы парабак заўсёды пакідае грошы ў гаспадара, імкнучыся не забіраць іх як мага даўжэй.
У Пір’ёле ён пражыў адзін год. Ён працаваў на пару з немаладою прыслужніцай, якая пры канцы гэтага года выйшла замуж. «Ад гаспадаркі залежыць, як служанка выйдзе замуж», – сказаў тады гаспадар Пір’ёлы і паўтарыў тое праз два гады, калі Юха вярнуўся на хутар і намерыўся ажаніцца з новай служанкаю, якую звалі Рыйна.
Для парабкаў і служанак вечар нядзелі і ноч на панядзелак – час самых моцных уражанняў і пачуццяў. Гэта час наканавання, час, калі іх падсцерагае непрадказальная небяспека. Пачуццё нядоўгай свабоды валодае імі, і з надыходам цемры гэтае пачуццё становіцца такім моцным, што ўначы чалавек забываецца на ўсе жыццёвыя цяжкасці і нягоды. Для шмат каго ноч з нядзелі на панядзелак сталася часам, калі пераломна мяняўся лёс: гэты падманна-салодкі момант азначаў толькі пачатак жыццёвых нягод. Такая ноч заваблівае людзей у шлюбныя пасткі, і вострыя зубы «штодзённых турбот» пачынаюць балюча кусаць іх. І ў гэтай ваўчынай пашчы не застаецца ўжо нічога ад слодычы тае нядзельнае ночы. Там пануюць штодзённыя работы, начныя замаразкі, хворыя дзеці ды змучаныя кабеты, гледзячы на якіх нават уявіць немагчыма, якімі прыгожымі яны былі ў дзеўках; дый ці мелі яны калі-небудзь прыгожы дзявочы выгляд, ці сапраўды іх некалі называлі дзяўчатамі? Там пануе смерць, якая забірае кароў і дзяцей, там цякуць дзіравыя стрэхі, там нядоімкі і неадпрацаваныя на полі дні. Там ёсць усё, апрача момантаў гармоніі; там, у ваўчынай пашчы, ніхто не любіць бліжняга свайго. А мімалётныя імгненні свабоды ўранні святочнага дня ад таго, што пастаіць чалавек на двары ў адной кашулі, не варта нават і лічыць нечым істотным. І тады няма нічога болей чужога, чым тая далёкая ноч з нядзелі на панядзелак, з якой усё і пачалося. Заўсёды сумна глядзець, як парабак і служанка з самым сур’ёзным выглядам пачынаюць тое, аб чым нават і думаць было б не варта.
Здаецца, што Юха са сваім жыццёвым досведам павінен быў разумець, якое падманнае гэта пачуццё свабоды ў святочны дзень. З-за таго ілжывага пачуцця па ягонай хлапечай спіне некалі пахадзіў кіёк гаспадара Туарылы. Аднак усё мае адну паганую ўласцівасць: чалавек лёгка забывае пра былыя беды ды іх гаротныя наступствы. Прырода спакус заўсёды адна і тая ж, спакуса імгненнай свабоды – не выключэнне. І нельга было патрабаваць ад Юхі пры ягоным узроўні развіцця, каб хлопец заўсёды памятаў пра тую лупцоўку, рабіў нейкія высновы і задумваўся над сваім будучым жыццём. Стомленасць ад вольнага адпачынку вельмі дапякала зрання ў панядзелак, але Юха таксама не браў гэтага пад увагу. Таму кожным вечарам у нядзелю ён кіраваўся ў вёску і хадзіў на танцулькі, хоць зусім не ўмеў танцаваць. Часам ён глядзеў на бойкі паміж хлопцамі, але сам ніколі ў іх не ўдзельнічаў, і яго таксама не чапалі. Зрэдку ён крыху выпіваў з хлопцамі, аднак грошы даваў вельмі рэдка. Зусім не таму, што быў вялікі скнара, не. Ён проста баяўся такіх кампаній. Але ён нікому не назаляў, а таму і яго нярэдка частавалі.