Выбрать главу

Такія вячэрнія паходы ў вёску нічым Юху не пагражалі. Быццам і не было ніякай небяспекі. Але, як выявілася пазней, яму было наканавана спаткацца з больш складанымі і хітрымі «наступствамі». Адзін з такіх паходаў стаўся вырашальным, і ягонае «наступства» прывяло да таго, што Юхава вялае на працягу дзесяцігоддзяў жыццё рэзка звярнула ў іншае рэчышча і што там адлюстравалася адна з асаблівасцей чалавечага існавання.

Хоць Юха быў адзіным парабкам на хутары Пір’ёла і ўсяляк імкнуўся паказаць, што ён чалавек не проста разумны, а чалавек з вялікім жыццёвым досведам, ды быў у ягоным вопыце адзін пакутлівы недахоп: па-мужчынску ён яшчэ не ведаў жанчын. У кампаніі ён заўсёды даводзіў, што ўсё наадварот, зрэдку мог выдаць непрыстойны жарт, і гэта давала прастадушным бабам падставу сказаць: «Не, Юха яшчэ так не здурнеў, каб жаніцца». Ад таго Юха адчуваў невыказную асалоду і з яшчэ большым імпэтам стараўся пацвердзіць свой немалы досвед у гэтай галіне, нібыта нажыты падчас блуканняў па свеце. Аднак зусім інакш было, калі, зноў уклаўшыся ў свой кавалерскі ложак, ён слухаў дыханне Рыйны, якая спала тут жа за печкаю. Ён ніколі яшчэ не спазнаў жанчыны, і гэта было крыніцаю ягоных пакут. Рыйна была звычайнай дзяўчынаю, і не больш за тое. А Юха быў гатовы аддаць што хочаш, каб толькі набрацца адвагі і пайсці праз усю хату да яе ў ложак. Аднойчы ноччу, калі за печкай было незвычайна ціха, быццам Рыйна і не спала, Юха пракраўся туды і ўбачыў, што дзяўчыны не было дома. Тады Юха кінуўся на ейны ложак і паляжаў там пэўны час. А калі Рыйна вярнулася, Юха ўжо ляжаў у сваім ложку, старанна робячы выгляд, быццам даўно глыбока спіць.

Рыйне было дваццаць два гады. Легкадумная распусная дзеўка аднекуль з далёкіх мясцін сама папрасілася ў наймы на кірмашы ў Каўпале, і гаспадар смехам наняў яе. Працавала яна абы-як і пры першай жа магчымасці ўначы куды-небудзь збягала. Маладыя хлопцы не адважваліся па начах прыходзіць у Пір’ёлу, але і пільнай патрэбы ў тым не было, бо для Рыйны незнаёмыя мясціны перашкодаю не былі і яна лёгка ўладкоўвала свае заляцанкі-абяцанкі. Ужо вечарам першага вольнага дня яна, напяваючы нейкія толькі ёй вядомыя карагодныя песенькі, падалася ў вёску і вярнулася далёка за поўнач. Аб’ектам Юхавай таемнай пажадлівасці яна стала чыста выпадкова. Да Юхі яна ставілася абыякава, нехаця адказвала на ягоныя пытанні, увесь час напяваючы свае гарэзлівыя песенькі. А Юхава ўяўленне запрацавала напоўніцу.

І вось настаў той лёсавырашальны вечар паміж сенакосам і жнівом. У той дзень адчуванне паўнаты жыцця ў Юхі дасягнула найвышэйшага пункту і паўстала тым пытаннем, што ўвесь час ірвалася з падсвядомасці: «Хто я такі? Як я жыву? Як дарослы мужчына ці…» Тым вечарам ён накупляў гарэлкі за свае грошы. Утрох хлопцы выпілі вялізную бутэльку і п’яныя пайшлі на танцы. Там усё было выдатна. Нейкі мужык ухапіў Юху загрудкі, і той лёгка паклаў задзіру на лапаткі. Няхай гэта была ўсяго толькі гульня, але Юха адчуў сябе сапраўдным моцным мужчынам. Адыходзячы з танцаў, ён у сенцах паціскаў дзевак, а ідучы адзін дадому, раптам усвядоміў, што даўно ўжо ён нічым не горшы за сваіх аднавяскоўцаў, дый наогул за ўсіх на свеце людзей.

Ён уваходзіць у цёмную хаціну і адважна кіруецца за печку да Рыйны, але яе пакуль што няма дома – ложак пусты. Юха асцярожна падыходзіць да акна і застывае там. У галаве ніводнай думкі, і толькі ўяўныя карціны праносяцца перад ім. У наскрозь захмялелай прытомнасці праясняецца ўвесь таемны сэнс зямнога існавання, але толькі нейкімі кароткімі ўспышкамі, і Юха проста не здольны зразумець, што да чаго. Цялесныя ж адчуванні не належаць да самых лепшых, але душу гэта не закранае.