На ахутанай змрокам дарозе паказваецца Рыйна ў кампаніі двух мужчын. П’яная радасць напаўняе Юхаву душу: мужчыны не наважацца зайсці ў хату, Рыйна прыйдзе – а ён ужо тут. Ён стаіць ля акна і чакае, пакуль Рыйна адчыніць дзверы, і толькі тады ён рушыць ёй напярэймы.
Першы раз у жыцці Ёхан, сын Пеньяміна, ва ўзросце дваццаці сямі гадоў трымае ў абдымках жанчыну. На гэта яго штурхае моцны хмель і перажытыя за вечар уражанні, розум жа толькі фіксуе ўсё, што адбываецца. Уся ягоная мужчынская натура быццам вырываецца з ранейшых вярыгаў і ўзносіцца ўвысь. Жанчына не аказвае супраціву, яна аддаецца ляніва і абыякава. Нарэшце яна гэтак жа абыякава кажа: «Што гэта ты так заскакаў, стары баран?» Гэтыя словы – незвычайная асалода для Юхі. Яны зачароўваюць хлопца, бо чуецца ў іх пацверджанне ягонай мужчынскай сілы.
Але пазней, калі ён ляжыць у сваім ложку, хмель цалкам выветрываецца. І тады Юха перажывае адно з самых вялікіх расчараванняў, якія толькі дастаюцца на долю нават самых лепшых на свеце прадстаўнікоў мужчынскай пароды. Спустошанасць і стома напаўняюць яго, аднак, нягледзячы на тое, здаецца, што жыццё і ўвесь свет набылі зусім новае аблічча, з якім і назіраюць за мужчынам, які ляжыць у ложку. Нібыта гэты імгненны выпадак склаў у адно суцэльнае ўсё мноства нязначных выпадкаў і прыгод, перажытых парабкам за мінулыя гады, і чалавек, блукаючы па жыццёвых сцяжынках, апынуўся на новай прыступцы, і цяжка сказаць, на якой – вышэйшай ці ніжэйшай. Пакуль не прыйдзе сон, гэты чалавек, напэўна, уяўляе сябе заможным торпарам. Такія мроі на гэтай прыступцы могуць быць асабліва прывабнымі.
Юхавы заляцанні – і гэта самае важнае – былі вельмі дарэчы для служанкі Рыйны. У жыцці часам трапляюцца такія гарманічныя выпадкі. Рыйна была абсалютна самотнаю істотай пад гэтым небам; апрача таго, яна падазравала, што зацяжарыла ад мужчыны, на шлюб з якім разлічваць ні ў якім разе не магла. Хоць і былі выпадкі, калі хлопец з багатай гаспадаркі жаніўся са сваёй служанкаю, але Рыйна разумела, што яна не з тых служанак, якіх бяруць за жонак і робяць гаспадынямі. З ёй такога проста не магло быць. Да гэтага выпадку Юху яна ўспрымала абыякава, ён для яе нічога не значыў. Да няўклюднага парабка яна не адчувала ніякай непрыязі, з прычыны якой, кажуць, часта жанчына бывае пакутніцаю. Рыйна па-ранейшаму хадзіла на танцы ў вёску, але з тае пары зберагала вернасць Юху. У яе паводзінах з’явілася лёгкае адценне дзёрзкасці, нібыта яна хацела папярэдзіць спробы любых заляцанняў з боку нахабных мужчын.
Пасля таго што адбылося, жаніцьба для Юхі была канчаткова вырашанай справай. Усё ягонае ўнутранае – і часткова знешняе – жыццё кіравалася гэтым намерам. Салодкае нецярпенне валодала ягонымі думкамі, калі ён мроіў і маляваў карціны свайго будучага жыцця. Цяпер ён кожны вечар хадзіў да Рыйны за печ, але гэта ўжо стала нечым звычным і другасным, чым належала займацца нароўні з іншымі, больш важнымі справамі. Рыйна стала для яго той жанчынай, разам з якой належала жыць далей. Ён не ведаў нічога аб яе родзічах, не ведаў, адкуль яна родам, і толькі калі наступным летам пасля жаніцьбы да іх заявілася падобная да вароны старая жанчына, Юха зразумеў, што гэта была Рыйніна маці. Яны не вялі гаворак пра жаніцьбу, нават калі ляжалі ў адным ложку. Дый аб чым тут гаварыць? Юха быў безуважным, Рыйна – абыякавай, так што ўсё ішло без аніякіх турбот. Працаваць ён пачаў больш старанна, чым раней. Гаспадар меў добры нюх і хутка празнаў усё, а паколькі быў судовым лаўнікам і добра разбіраўся ў людзях, дык не адчуў ніякай занепакоенасці. Ён паступова падыходзіў да размовы з Юхам, а калі пачаў яе, дык трэба было і скончыць. Гаспадар высветліў, якія грошы мае Юха і што ён думае рабіць далей. Той хацеў бы атрымаць торп на землях Пір’ёлы. Гаспадар, нібыта ў роздуме, спакойна глядзеў некуды ўбок. Напраўду ж ён не раздумваў ні хвілінкі. Ён аналізаваў абставіны: Юха, Рыйна і грошы – усё гэта, зведзенае разам, магло б стаць асноваю для сямейнага жыцця, але, папраўдзе, што добрае можа атрымацца ў дадзеным выпадку? Немалады чалавек з вялікім досведам, ён інстынктыўна адчуваў усю марнасць падобных спадзеваў. Добразычлівасць, спагада і недавер да Юхавых намераў гаварылі ў ім, аднак умешвацца было супроць ягонай натуры. Наконт торпа ён не сказаў нічога дакладнага, а вось што да жаніцьбы, дык выказаў вялікую цікавасць і падтрымку. Ён цвёрда запэўніў Юху ў сваёй падтрымцы, надаваў гэтулькі бацькоўскіх настаўленняў і парад, што Юха пасля гэтай размовы не засмуціўся, а наадварот – адчуў сапраўдную ўзнёсласць душы. Юха назаўсёды збярог у душы ўдзячнасць старому гаспадару Пір’ёлы за ягоную добразычлівасць. А пазней, калі гаспадар зусім пастарэў, Юха прыходзіў да яго ў цяжкія часіны, і той заўсёды сустракаў былога парабка з такой прыязнасцю, што Юха нават часам забываў сказаць, дзеля чаго прыходзіў. Увесь час, пакуль Юха працаваў у Пір’ёле, ягонае жыццё крута ішло ўгору да вяселля, выдаткі на якое гаспадар узяў на сябе.