Выбрать главу

Пра шлюб першаю загаварыла Рыйна. Па-прыяцельску, нібы між іншым, яна расказала аб сваёй цяжарнасці. У тым не было нічога нечаканага – гэтага трэба было чакаць, – аднак Юха ўвесь абліўся халодным потам. Юха быў ужо зусім другім чалавекам, а не легкадумным сплаўшчыкам тых далёкіх часоў. У мітуслівых думках магчымае спляталася з немагчымым. І шлюб раптам набыў зусім іншы сэнс і выгляд – цяпер ён стаў непазбежным і павінен быў адбыцца ў строга вызначаны тэрмін. Дзе жыць? Здымаць нейкі кут? Гэта была жахлівая думка. Калі ж гаспадар і дасць надзел пад торп, дык ён не паспее пабудаваць там хоць бы якую лядашчую хаціну. Ягоных грошай не хапіла б нават на частку жытла. Ды сам ён і не зможа пабудаваць хату. Юха крахтаў і круціўся ў ложку каля Рыйны. А тая лянотна раскінулася па пасцелі, і здавался, што ўсе Юхавы турботы толькі забаўляюць яе.

Юха з кожным днём працаваў усё больш старанна, нібы хацеў тым самым умацаваць спадзевы на торп, але з цягам часу тыя спадзевы ўсё болей слабелі. Цяжарнасць Рыйны зрабілася відавочнаю, і дзіўныя непрыемныя пачуцці апаноўвалі Юху. Ён адчуваў, нібыта насоўвалася штосьці чужынскае, якое гвалтам навязваецца яму і да чаго ён сам не мае ніякіх адносін. Юха цвёрда верыў у сваё бацькоўства, нягледзячы на чуткі і плёткі, якія разносіліся бабамі па вёсцы. Але чуткі сціхлі, плёткі заглухлі пасля таго, як яны з Рыйнаю сталі торпарамі. Ды вось гэтае першае дзіця так і засталося дзіўна адчужаным ад Юхі. Рыйна ўвесь час крыўдавала, але без толку: Юха не звяртаў на яе настрой аніякай увагі.

Торпарамі яны сталі, але не на землях Пір’ёлы, а ў гаспадарцы Юр’ялы. І толькі ў самы апошні момант, калі ў царкве абвясцілі іхні шлюб законным, гаспадар Пір’ёлы даў адказ. Ён сказаў Юху, што цяпер прыдатнай пад торп зямлі ў яго няма, «дый хату ты не паспееш да зімы пабудаваць. Лепей схадзі пагаманіць са старым Юр’ялам. У яго якраз цяпер торп Крапсяля стаіць пусты. Дом там вялікі, зямля добрая – жыві ды працуй. І гаспадарчыя пабудовы там у парадку. Я думаю, ён цябе возьме». Пір’ёла не проста суцяшаў Юху: ён употай аб усім ужо дамовіўся з гаспадаром Юр’ялы.

І вось аднаго разу ў нядзелю Юха ўжо колькі гадзін сядзеў у пакоі старога Юр’ялы. Гаспадар мармытаў штосьці сваё, час ад часу падыходзіў да паліцы з тытунём, напіхваў піпку і зноў па-гаспадарску хадзіў туды-сюды. Юху ён не прапаноўваў нічога. Той сядзеў счырванелы і нервова паціраў успацелыя далоні. Але нарэшце які-ніякі гешэфт адбыўся. Паколькі Юха не мог апрацаваць адразу ўсю зямлю торпа, заключаць кантракт з ім было нельга. «Але пакуль я жывы, ты можаш заставацца там, калі будзеш жыць прыстойна і сумленна працаваць», – сказаў Юр’яла. Адзін дзень на тыдзень Юха павінен быў адпрацоўваць на сваіх харчах.

Супярэчлівыя пачуцці адольвалі Юху па дарозе дамоў: здавалася б – вызваліўся, але тут жа цябе і звязалі зноў! Трэба будзе залатаць дзясяткі дзірак у гасподзе, і высмакчуць яны ўсе ягоныя і без таго невялікія капіталы! Але як бы там ні было, першы крок наперад зроблены.

Сталася так, што гаспадар, Рыйна і Юха апынуліся ўтраіх, калі той прынёс навіны з Юр’ялы. Урачыстае імгненне гэтай сустрэчы гаспадар прыправіў абяцаннем зладзіць вяселле за свой кошт, калі ўжо ягоныя служанкі так удала выходзяць замуж. «Ты, Юха, быў мне верным служкам, дык заставайся ж такім і на сваім полі, і хай блаславіць цябе Госпад наш!» І жартаўліва закончыў:

– Гэтак, як варона пералятае з нівы на ніву, так і Юха з Рыйнаю пераляцяць з Пір’ёлы на Юр’ялу.

Добрае задавальненне, здаецца, поўніла ўсю істоту старога Пір’ёлы.

Неўзабаве ў Пір’ёле зладзілі вяселле. У п’янай вясельнай гамане забылася і знікла ўсё былое, але адно заставалася навідавоку: «блаславеннае» становішча Рыйны. Гэта давалася ў знакі, нават калі гулянка пачала заціхаць. Нязваныя госці ўсчалі ў двары аглушальную бойку, але жаніх нічога пра тое не ведаў. Напіўшыся дасхочу, ён спаў на ложку ў пякарні. Чалавек спаў, але слых ягоны ўспрымаў жывыя гукі наваколля, голас скрыпкі перамешваўся з п’яным гоманам гасцей, пранікаючы ў сонную свядомасць, і ўсё гэта выклікала ў яго такое задавальненне, якое больш ніколі не выпадала яму на долю ў жыццёвых блуканнях. Ён болей і ў сне ніколі не перажываў такога.

А Рыйна ў тую ноч атрымала ажно сорак марак у падарунак да вяселля. Гэта было амаль удвая больш, чым яна атрымала за ўсю сваю службу ў Пір’ёлы. Яна выходзіла на двор разнімаць бойкі, і ў выніку самыя зацятыя задзіракі пайшлі за ёю ў хату патанцаваць і шчодра надзялілі яе грашыма.