Выбрать главу

Торп знаходзіўся ў далёкім глухім лесе, які належаў гаспадару Юр’ялы. Дом амаль спарахнеў, торп спусцеў, там не жылі так даўно, што ніхто і не памятаў сапраўднай назвы гэтага глухога месца. Сапраўдная назва была Крапсяля: некалі так і казалі, але з цягам часу яна забылася і гучала нязвычна. Шмат часу таму на торпе жылі розныя прышлыя людзі, якія далі гэтаму месцу непрыстойную мянушку. Пасля таго як Юха з Рыйнаю перасяліліся туды, торп сталі называць па прозвішчы Юхі – Тойвала. Толькі стары Юр’яла злаваўся і называў Юху гаспадаром Крапсялі, калі адчытваў Юху за спазненні на адпрацоўку ці за якія другія хібы.

Маладыя перабраліся ў сваё новае жытло ў Дзень Усіх Святых. Як надвор’е, так і дарога нібы імкнуліся паказаць усю марнасць Юхавых спадзяванняў; ён убачыў, па якой дарозе яму давядзецца ездзіць на адпрацоўку дзён у Юр’яле. Месцамі калёсы па самыя восі патаналі ў гразі, конь надрываўся, выцягваючы шыю, і ў вачах жывёлы буяў адвечны страх перад багнаю. Уся маёмасць маладой пары змясцілася на адной фурманцы. Тут была і Юхава шафа – ягоная светлая мроя падчас жыцця ў Туарыле; была і скрынка Рыйны, размаляваная прыгожымі кветачкамі, як гэта робяць на поўначы. Быў тут і ложак: ягоны каркас гадоў дзесяць праляжаў пад сцяной у Пір’ёле, затое дошкі спальнай асновы былі навюткія і белыя. За ложак давялося заплаціць срэбраную марку, а ў дадатак яны атрымалі добры куль саломы. Былі тут і розныя дзежкі, вядро і даёнка, быў чыгунок з ножкамі, гліняная міса і ажно чатыры лыжкі, так што з дабра было сёе-тое, і нават больш, чым трэба. Усю гэтую маёмасць паспешліва шукалі і збіралі адкуль папала. Былі тут і харчы на патрэбы навасельных торпараў: пяць фунтаў салёнай салакі, добры фунт хлеба, два чацверыкі бульбы і два фунты солі. За харчы расплачваліся гатоўкаю, і засталося яе толькі-толькі, каб заплаціць возчыку. Так што пачатак абнадзейваў, калі ўлічыць, што шмат якія торпары фінскай зямлі пачыналі ў непараўнальна больш цяжкіх умовах, але прытым дабіваліся добрых поспехаў.

Душэўны ўздым перапаўняў маладую пару, а гэта ў шмат якіх выпадках мела галоўнае, вырашальнае значэнне. Яны няспынна гаварылі з фурманам, і стоеная радасць гучала ў іхніх галасах. Рыйна бясконца сыпала жартамі, якіх назапасіла падчас сваёй службы, і яе вялізны жывот калыхаўся, калі яна, ледзь паспяваючы за возам, пераскоквала цераз глыбокія калдобіны на дарозе. Блізіўся канец падарожжа, і ўдалечыні паказалася некалькі шэрых пабудоў; салому на стрэхах прыціскалі падгнілыя жардзіны. А навокал рассцілаўся глухі непралазны лес! Воз пад’язджаў бліжэй і бліжэй, аж пакуль не спыніўся перад безабаронна расчыненымі дзвярыма. Хочаш не хочаш, але занасі пажыткі ў хаціну. А тут выявілася і першая бяздумная хіба: перад тым Юха хадзіў у лес па дровы, але не дадумаўся прынесці «дамоў» хоць бы якое бярэмца. Нават каву не было як згатаваць! На шчасце, у двары засталося некалькі старых жардзін ад спарахнелага плота. З вялікай цяжкасцю расклалі агонь на загнеце і прыгатавалі каву. Цьмяны дзень змяніўся вечаровым змрокам.

Фурман паехаў, і на маладых абрынулася пагрозлівая цішыня напалову зруйнаванага жылля. Рыйна залівалася слязьмі, успамінаючы шчаслівыя часы сваёй службы ў Пір’ёле. Куды ж гэта яе занесла гаротнае жыццё?! Юха аглядаўся на новым месцы і на кожным кроку заўважаў безліч заган і няспраўнасцей. А ўспамінаючы пра свае харчовыя запасы, ён кожны раз скаланаўся ад роспачы. На нейкі час харчоў хопіць, а што далей? Знайсці працу ў сялянскіх гаспадарках сярод зімы проста немагчыма.

Так пачалося іхняе торпарскае жыццё, самае важнае ў якім неўзабаве выявілася цалкам. Гэтае жыццё завалодала імі як знешне, так і ўнутрана; гэта бачылася ў іхняй вопратцы, у заўсёдных выразах твараў, у барадзе Юхі і прычосцы Рыйны, у іхніх постацях і паводзінах. Яшчэ перад Калядамі Рыйна, калі Юхі не было дома, хадзіла ў вёску мяняць хлеб на каву. Амаль кожны дзень праходзіў у спрэчках, а то і ў сварках. Гэта і было сэнсам іхняга існавання, поўніла іхнюю штодзённасць, адзначаючы кожны дзень ліпкаю аднастайнасцю. Часам Юха хадзіў у вёскі на заробкі і вяртаўся з невялікім (16 пенні) прыбыткам, сярдзіты і раздражнёны. А ўсё таму, што на працы яму давалі павячэраць, а дома ён заставаўся без вячэры, хоць і адчуваў голад. Ён піў каву і злосна бурчаў на жонку, дакараючы яе за ляноту і нядбайнасць. Рыйна апраўдвалася сваёю цяжарнасцю, але ж і ад самага пачатку яна не вызначалася вялікай руплівасцю ды ўвішнасцю ў гаспадарцы – такою яна засталася і назаўсёды. А калі нарадзілася дзіця, трэба было даглядаць яго; тут ужо было не да гаспадаркі, а калі малы падрос, яна была зноў цяжарная і лічыла ўсё гэта важкай падставаю, каб заставацца такой жа ляніваю і нядбайнаю.