Спачатку жыццё нібы вагалася і гадала, якою сцяжынай павесці гэтую пару. Гэтыя роздумы цягнуліся прыкладна да Калядаў, а потым было вырашана: хай яны стануць на ногі, бо толькі ж пачалі жыць і па-ранейшаму думаюць, што ўсё пойдзе добра. Лесапавал і сплаў, якія так шчодра адарылі ўсю блаславёную зямлю Суомі, чарговы раз прыйшлі на дапамогу Юху Тойвалу. Недзе за чатыры вярсты ад ягонага торпа тою зімой пачалі валіць лес, і Юха працаваў там цэлыя тры месяцы. Ён быў там і ў той дзень, калі Рыйна ў поўнай адзіноце нарадзіла іхняе першае дзіця – хлопчыка, якому далі імя Кале Ёханэс.
Тым вечарам Юха, вярнуўшыся дамоў, проста спалохаўся і не звярнуў увагі на тое, што дзіця нарадзілася нашмат раней за тэрмін, вызначаны прыродаю. Пазней ён пазбыўся свайго перапуду, хоць нейкая дзіўная збянтэжанасць засталася; але што да чаго, чаму яна ўзнікла, Юха не разумеў. Нібы штосьці нябачнае і невядомае ўзнялося перад ім і спыталася: «Хто ты і што далей?» «Ну во, мне зараз і дзіцё трэба карміць», – апанавала Юху жахлівая думка. А разам з ёю ўспыхнула вострая туга. Зноў жа – грошы… Цяпер нібыта і ёсць, і дастаткова, але на траіх ужо ў любым выпадку не хопіць…
Кароткі зімовы дзень перайшоў у працяглае вечаровае сутонне, а потым – у доўгую ноч. У хаціне Тойвалы ляжалі тры чалавечыя істоты, тры родныя чалавекі, якія той ноччу міжволі цураліся адно аднаго. Час ад часу дзіця пачынала плакаць і не хацела браць цыцку.
Аднак той змрочны лютаўскі вечар стаўся адным з тых рэдкіх момантаў жыцця, калі ў глыбіні нават самых прыземленых душ прачынаецца штосьці ўзвышанае. Жыццё няўхільна трымалася свайго рашэння – даць Тойвалам магчымасць стаць на ногі. Чуткі пра той іхні росквіт увялі ў вушы і старому гаспадару, хоць Юха заўсёды пазбягаў такіх размоў. А гаспадар, стары Юр’яла, ужо і празнаў, што ў Тойвалы ёсць карова: праўда, не свая ўласная, а ўзятая на адкорм. Затое стары, ледзь жывы конь, куплены на велікодным кірмашы, быў свой уласны. Карову гаспадар дазволіў пасвіць на сваім выгане, а для каня, як казаў Юха, здымаўся выган у другім месцы. Такія сцверджанні падаваліся старому Юр’ялу досыць сумнеўнымі, а таму неяк у самым зеніце лета ён вырашыў наведаць далёкі торп. Нягледзячы на боль у грудзях, ён падаўся паглядзець, як там маецца і чым займаецца ягоны новы торпар.
Гаспадар не пайшоў адразу да сялібы, а непадалёк ад варотаў павярнуў налева і апынуўся на ўскрайку лесу, дзе заўважыць яго было цяжка. «Во чорт!» – зусім па-маладому выгукнуў задышлівы стары чалавек, калі ўбачыў, як ажыццяўляе свае задумкі новы торпар. Дык во як яны тут абжываюцца! Утульненька, нібы ў каўчэгу!
Ягоную старую душу напоўніла нават не злосць, а непрыемнае адчуванне таго, што Юха цішком імкнецца стаць нароўні з ім. «Такім, значыць, чынам! Што ж, паглядзім!»
Юха засеяў амаль удвая больш зямлі, чым дамаўляліся раней. Ячмень тут рос надзіва добра, хоць гэты надзел даўно закінулі і не ўраблялі. А сталася так, што Юха заўважыў вялікую кучу гною, якая засталася ад былых гаспадароў, і вывез яе на поле, а потым дадаў яшчэ і свежых конскіх «яблыкаў» уперамешку са старой саломаю. Ну, так дык так, аднак калі гаспадар убачыў новы Юхаў плот, дык не ведаў, што яму рабіць – смяяцца ці плакаць. Навюткі моцны плот цягнуўся цераз усё поле і надзейна аддзяляў добра ўгноенае і апрацаванае поле ад зарослага травою занядбанага кавалка. Яловыя жардзіны, колле і вецце з бліжэйшага лесу! А за плотам, на старым закінутым полі, спакойна стаяў конь, непадалёк ад якога ляжала карова. Дык во які выган у другім месцы «заарандаваў» Юха! Закіпеўшы ад злосці, гаспадар няспешна падаўся на падворак.
У хаціне страшэнна перапалохаліся. Юхавы вочы ператварыліся ў шэрыя гузікі, а Рыйна мітусліва пачала прыбіраць у хаце, пакуль гаспадар стаяў, аглядаючы двор. Ён заўважыў, што яго баяцца, і крыху памякчэў. Аднак вымова была вельмі суровая, і Юха з Рыйнаю падумалі, што іх тут жа пагоняць з хаты. Але гаспадар не спяшаўся, і гэта была добрая прыкмета. Нарэшце стары Юр’яла сеў на ганку і ўжо зусім лагодна павёў гаворку ў іншым кірунку. Калі ўжо Юха мае каня (і нават карову), дык няхай тады бярэ ўсю зямлю торпа і за гэта адпрацоўвае некалькі дзён з канём, некалькі без каня, некалькі дзён на падмозе ў галоўнай гаспадарцы, а таксама збірае і здае пэўную колькасць ягад: некалькі даёнак, вёдзер або дзежак. А Рыйна хай напрадзе пэўную колькасць ільну…
Гэты дзень, які пагражаў скончыцца надзвычай нярадасна, раптам ператварыўся амаль у свята. Перад адыходам гаспадар зайшоў у хату і выпіў кавы. Пасля яго ў доме запанаваў ціхі, але ўзнёслы настрой. Юха зробіцца сапраўдным «моцным» торпарам, які можа падужацца з любой маласільнаю гаспадаркаю.