Выбрать главу

Ён і не падумаў, як ацаніць такую дабрыню і як дорага яна яму абыдзецца. Было не да таго, калі над табою вісела пагроза выгнання. Але ўратаваўся ж! Што ж, тады – за працу, і найперш трэба перанесці плот у другое месца. І сапраўды, ці варта было яго ставіць менавіта там? Не, гаспадар сварыўся не дарэмна.

З цягам часу Юха стаў здатным торпарам, і паступова яго пачалі іменаваць Янэ.

Лета, нядзеля. Янэ сядзіць на двары ў адной кашулі і абмазгоўвае, як яму палепшыць далейшае жыццё. Гэта ў яго як неадчэпная хвароба. Падгнілы рог хаты моцна выпірае, і Янэ глядзіць на яго, ламаючы галаву, якім чынам паправіць становішча. Цяпер ужо бясспрэчна, што ніколі ў жыцці не давядзецца яму пажыць у новай хаце. Вылазяць валасы, псуюцца зубы. Ёсць у хаце і кабета, і дзеці, дый яшчэ, напэўна, будуць. Але гэтая хата дрэнь. Ды няма чаго і думаць пабудаваць новую з гаспадарскага лесу. А за працу чым заплаціць? Тут жа кожны вянец будзе класціся чужымі рукамі, бо сам Янэ – ніякі цясляр: будаваць ён нічога не ўмее, і гэта самае балючае месца, можна сказаць, ціхае няшчасце ўсяго ягонага жыцця.

А калі разламаць гэтую старую халупу і з таго ж бярвення сабраць новую, хай сабе і меншую хацінку? Тады і гаспадар не будзе супраць – ягоны ж лес не трэба валіць. Было б якое-ніякое паляпшэнне, і адносіны з гаспадаром не сапсаваліся б. «А зімой я падзараблю на перавозцы паперы… Добра ўсё ж, што я не прадаў каня… Грошыкі сплылі б… І дасталіся б мне адны страты… Вядома, павінна ж тады неяк павярнуць на лепшае, а бабу трэба крыху павучыць. Толькі і робіць, што важдаецца са смаркачамі, а як прыйдзеш дамоў – у хаце вэрхал беспрасветны, ніякага парадку».

Янэ ўстае і тупае на выган. Надзея, якая толькі што прачнулася, цягне яго агледзець каня, на якім ён думае вазіць паперу. Вунь ён, схуднелы да касцей, стаіць каля агароджы і змрочна адмахваецца ад мух. Конь злосна паблісквае вачыма, нібыта кажучы: «Ну во я, бяры мяне і ажыццяўляй свае мроі».

Тут конь, а там хата, а ў хаце шмат жывых душ і жыццё, якое сплывае дзень за днём з гнятліваю аднастайнасцю і не зважае на тое, як ідуць справы – добра ці дрэнна. І не спыніць гэтую плынь, і не пазбавіцца ад яе. Калі на свет з’яўляецца новае дзіцё, плынь жыцця становіцца шырэйшаю, і ён, Янэ, нікуды ад яе не падзенецца. Да таго ж адносіцца і торп з адпрацоўкамі на гаспадара, з якім дагэтуль нама дамовы на гэты нашчасны лапік зямлі. Усе гэтыя супярэчлівыя складнікі і ствараюць тую сілу, якая кожны момант штурхае яго ў адным невядомым кірунку.

Спее жыта. Праўду кажучы, трэба было б распачаць жніво ўжо сёння, у нядзелю вечарам, бо заўтра і паслязаўтра ў яго адпрацовачныя дні, але нейкая дзіўная млявасць агарнула цяпер Янэву душу. Ну і пастаіць да серады, нічога з ім не здарыцца. Затое ў сераду Янэ пачне сваё жніво проста на досвітку. Любую справу лепш за ўсё пачынаць з самага ранку.

Палова трэцяй, на паўночным усходзе неба чырванеецца, але да сапраўднага світання яшчэ цэлая гадзіна. У хаце з разяўленым ротам храпе жонка, у шэраг ляжаць і спяць народжаныя ёю дзеці, відаць аголеныя срачкі і рукі. Толькі Янэ ўжо ўстаў. Ён рухаецца асцярожна, каб нікога не разбудзіць. Ён ціха лаецца, панюхаўшы біклагу з-пад малака. Яна не памытая з мінулага разу, адтуль б’е ў нос кіслы смурод. Янэ зноў кідае позірк на спячую кабету. Учора ён забыўся сказаць, каб яна памыла пасудзіну, а не скажы, дык гэтая баба сама ніколі не здагадаецца, што трэба зрабіць. З пакутлівай усмешкай Янэ ідзе напоўніць біклажку. Варонку знайсці немагчыма, а без яе нічога не атрымліваецца. Янэ выходзіць з хаты, цяпер можна лаяцца і ўголас. З дапамогаю нямытага пасля кавы кубка ён усё ж напаўняе біклагу.

Потым трэба пакласці ў торбачку хлеба, і тут Янэ зноў незадаволена заўважае, што запас хлеба знікае надта хутка, ідзе абы-куды, толькі не ў рот. Усё цячэ паміж пальцаў, і нічога не зменіцца, колькі тут ні сварыся. Гэтая баба храпе там у хаце са сваімі шчанюкамі, а ты збірайся і прыся на жніво да гаспадара! А дзе мой серп? Во брыда, затупіўся, давядзецца вастрыць у Юр’яле. Выходзячы з двара, Янэ заўважае каля рага хаты закінутую дзецьмі варонку, але гэта ўжо апошняя прыкрасць гэтым раннем. Ён шыбуе па вільготнай ад расы сцяжынцы і радуецца, што сёння ягоная працоўная прылада зусім не такая цяжкая, як звычайна. Нават на далёкую хацінку, што спіць, ён паглядае з ладнаю доляй спагады. Пачынаюцца летуценні, уранні шлях да гасподы заўсёды прыносіць добрыя думкі.