Выбрать главу

Работы пачынаюцца а чацвёртай гадзіне, на дарогу – адна гадзіна. Трэба спяшацца, бо давядзецца яшчэ вастрыць серп. Але, як знарок, у першы дзень жніва гаспадар б’е ў звон на пятнаццаць хвілін раней, чым звычайна, і народ ужо адыходзіць, калі з’ўляецца Янэ. Гаспадар з кіслай усмешкаю стаіць на двары.

– Гэты Крапсяля заўсёды спазняецца, нібыта баба яго за падол трымае, – кажа гаспадар, кашляе і адварочваецца.

Янэ кідае сваю торбу на ганак і паспешліва ідзе ўслед за ўсімі, серп так і не навостраны, Янэ на хаду спрабуе падправіць яго бруском.

Безумоўна, у фінляндскай сістэме торпарства былі тыя або іншыя недахопы. Вядома ж, Янэ Тойвала нават не ведаў слова «недахоп», як не ведаў і таго, што яно азначае; ён толькі пакорліва ішоў па баразне ды злаваўся. Тым днём не адпрацавалі і пяці гадзін, бо а дзясятай пайшоў дождж, ды такі, што гаспадар загадаў спыніць жніво. «Прыходзьце заўтра ўранні, калі будзе пагода», – сказаў ён. З незадаволеным выглядам торпары ды падзёншчыкі забралі свае клункі з харчамі і пад дажджом разышліся па дамах, дзе да канца дня лаяліся з жонкамі і дзецьмі. Аж зірні – назаўтра і сапраўды «была пагода». Зноў людзі ішлі шмат вёрстаў, неслі з сабою біклажкі, торбачкі з харчамі, сярпы, каб папрацаваць якія-небудзь чатыры гадзіны, бо потым зноўку пайшоў дождж, і гэтак жа сама, як і ўчора, давялося цягнуцца дамоў па раскіслых дарогах. У тыя часы працоўны дзень доўжыўся пятнаццаць гадзін, а тут за два дні адпрацавалі агулам толькі дзевяць. У канцы тыдня ўсталявалася пагода, і жыта ў торпараў пачало асыпацца, бо яны мусілі адпрацаваць дні на гаспадара. Тое ж было і ў нядзелю. А прычашчэнне давялося адкласці на восень, хоць тады ў царкву прыйдзецца ісці па гразкіх дарогах.

Але сапраўднае бездарожжа далося ў знакі, калі ў гаспадарцы пачалі араць палі пад зябліва. Цяпер Янэ не абавязкова было ўставаць раней трэцяй гадзіны, затое цяжка было адшукаць упоцемку гнедага каня – з белым было б лягчэй. Калі той гнеды стаяў нерухома і званочак не бразгаў, дык у цемры знайсці каня можна было толькі па цяжкаму дыханню. А наперадзе іх з канём чакала бездарожжа, дзе калёсы па самую вось грузлі ў непралазнай гразі. На вазу ляжалі плуг, ворчык, дышаль і хатуль з харчамі. Груз гэты быў цяжкі і нязручны і кожны раз у цяжкіх месцах імкнуўся зваліцца далоў.

Дні ворыва – самыя цяжкія дні, асабліва для коней. У час ворыва гаспадар амаль увесь дзень на полі, на сваім вяку ён пабачыў нямала торпараў і ведае, што калі гаспадара на полі няма, дык няма і належнай прыстойнай працы. А гледзячы на торпараў, і ягоныя ўласныя парабкі не надта стараюцца. Гаспадар з кіем у руцэ ходзіць па полі туды-сюды, кашляючы ад вільгаці, якая поўніць восеньскае паветра. Ён спыняецца на ўзмежку і сочыць, як Юсі Тойвала, злосна лаючыся, паганяе свайго коніка. Безумоўна, ён ведае, што ўсё гэта робіцца знарок, каб паказаць гаспадару сваю стараннасць, і калі конь, цяжка дыхаючы і ўздрыгваючы вуснамі, спыняецца побач з ім, гаспадар моўчкі выцінае яго кіем па рэбрах. Гэта дзейнічае. Але чым даўжэй цягнецца дзень, тым часцей гаспадар «уздзейнічае» на Юсевага каня сваім кійком. Аднак усё адно той узорвае за дзень менш, чым ягоныя ўласныя коні. Адпрацовачныя дні, асабліва адпрацоўка з канём, шмат крыві псуюць і гаспадару, і торпару.

Каб пазбегнуць ранішніх пакут, шмат якія торпары напярэдадні адпрацовачнага дня прыязджалі начаваць у гаспадарскую сялібу. Але Янэ гэта не дапамагло. Ён паспрабаваў зрабіць так аднойчы, калі назаўтра а другой гадзіне ўранні трэба было пачынаць мяць лён, аднак так і не заснуў ні на хвіліну, а палове першай устаў ды ў шале перагнаў гадзіннік на паўтары гадзіны наперад, разбудзіўшы ўсіх. Відавочна, што чалавечы характар заўсёды саступае чалавечым слабасцям і звычкам. Янэ таксама падпарадкоўваўся сваёй звычцы засынаць толькі дома і толькі побач з Рыйнай. Нягледзячы на ўсе цяжкасці супольнага жыцця, на ўсе сваркі і звадкі, на ўсе калючыя дробязі побыту, Янэ штовечар абдымаў сваю Рыйну за шыю, паляпваў яе па плячах, зноў абдымаў і ціскаў – так-так, гэта ён рабіў кожны вечар – і толькі пасля таго мог заснуць. Ён болей ніколі не хадзіў начаваць у гаспадарскую сялібу, а калі ўранні трэба было ісці мяць лён, ён падымаўся а першай гадзіне ночы і, паклаўшы на плячо цяжкую мяліцу, ішоў у непрагляднай асенняй цемрадзі па непраходнай ад гразі асенняй дарозе на працу.

Дні апрацоўкі льну былі, напэўна, самымі нялёгкімі днямі года. Працавалі навыперадкі; лён мялі ў сушылцы з дзвюх гадзін ночы і да самага світання, а ў перапынках атрымлівалі па чарцы гарэлкі. Потым снедалі і, прыхапіўшы торбачкі з харчамі, ішлі ў лес нарыхтоўваць дровы, дзе працавалі ўжо дацямна.