Так працавалі людзі ў тыя самыя шчаслівыя дзесяцігоддзі, калі матэрыяльны і духоўны прагрэс дасягнуў поўначы і рабіў гіганцкія крокі сярод нашага маленькага «ядлаўцовага» народа, які баяўся Бога і шчыра любіў свайго вялікага ласкавага цара-валадара.
Узімку Янэ Тойвала грунтоўна заняўся перавозкаю паперы. Гэта прыносіла сякія-такія грошы; здаралася, што пасля двухдзённай паездкі ў кашалі заводзілася больш за дзесяць марак. Не ўсе грошы былі толькі ад перавозкі паперы, частку прыбытку даваў гандаль маслам. Гэтыя грошы мелі адну асаблівасць: яны знікалі невядома куды. Наўрад ці можна сказаць, што жыць стала лепей, чым раней. Цёмныя бакі перавозу паперы былі навідавоку, але Янэ Тойвала не хацеў заўважаць іх. Конь схуднеў да касцей і знясілеў, ад чаго кіёк гаспадара сустракаўся з конскай спінаю часцей, чым на ворыве. І гной цяпер даволі часта заставаўся ў хляве, карове на подсцілку ішла салома, бо не было часу схадзіць у лес па яловыя лапкі.
Так яно і было, але дзесяцімаркавая паперка ўпарта вабіла да новых паездак. Усё часцей здаралася так, што з самага рання ён падаваўся ў Тамперэ і вяртаўся адтуль позна ўвечары. Хтосьці паспеў ахрысціць яго Папяровым Янэ, бо не менш як два разы на тыдні яго бачылі каля складоў папяровай фабрыкі ў Куўскоскі. А калі аднавяскоўцу што-небудзь патрабавалася, яму казалі:
– Трэба схадзіць у Тойвалу, і Янэ прывязе тое, што трэба, з Тамперэ, калі будзе там з папераю.
А потым здарылася тая няшчасная паездка.
Янэ купіў два з паловай літры гарэлкі, з іх паўлітра для сябе самога. Было марозна, ногі і твар схаладзелі, конь заінеў. На паўдарозе Янэ зрабіў першы глыток, і тут пачала спраўджвацца прымаўка пра тое, што адбудзецца, калі ўвязне адзін мезены пальчык. Да вёскі ён дабраўся ўжо на добрым падпітку і завярнуў да заказчыкаў, каб раздаць гарэлку. Янэ добра пачаў, запатрабаваўся працяг, пагатоў ён і не спяшаўся. Праседзеў у суседа амаль да поўначы, раз-пораз сварыўся з гаспадарамі і зноў мірыўся. А тут падчас адной такой звадкі гаспадыня пад’юдзіла яго тым, што Рыйна ўпотай прадае хлеб, а ён нічога і не ведае. Вядома, Янэ даўно празнаў пра тыя жончыны штукарствы, але тут яго зачапіла. Не ведаючы, як уесці бабу, каб не задзірала нос надта высока, Янэ папрасіў прадаць яму кішэнны гадзіннік, які вісеў на аконнай раме. Сусед быў не супраць, абы далі добрую цану. Аб цане хутка дамовіліся, і Янэ накіраваўся дамоў, маючы ў кішэні гадзіннік і паўтары маркі. А ў душы шалеў стары Пеньямі Нікіля.
Задыхаючыся ад лютасці, ён заехаў у двор, распрог стомленага каня і толькі потым увайшоў у хату. Там усе спалі. Янэ запаліў лямпу і сказаў ціхім, але пагрозлівым голасам: «Значыць, тут усе спяць». Ён скідае кажух – ніхто не прачынаецца. Ён здымае камізэльку, шпурляе яе за спіну на падлогу і гарлае штосілы: «Устаць, вырадкі!» Рыйна, Кале і Хілту ўскакваюць, нібы іх дубцом сцебанулі, і тут ім здаецца, што зараз іх і сапраўды пачнуць біць, бо Янэ, ухапіўшы з-пад загнета таўстую дравіну, з брыдкай лаянкай носіцца па хаце. Кабета з дзецьмі, напалову адзетыя, кідаюцца ратавацца ў двары, у начной марознай цемры. Раней такога ў іхняй сям’і ніколі не здаралася.
Янэ застаецца ў хаце адзін. Ды не, у ложку – малы Віле, звычайна самы жвавы з усіх. Цяпер жа ён ляжыць нерухома, хоць і не спіць. Гэта незвычайна; Янэ падыходзіць да ложка, хмель развейваецца. Хлопчык пранізліва ўскрыквае, але не падымаецца. «Я не ўдарыў цябе?» У адказ – маўчанне і баязлівы позірк. Пачуццё невядомай бяды апаноўвае Янэ, ён разгублены і не ведае, што рабіць. Ён азіраецца навокал, бачыць на падлозе сваю камізэльку і абломкі гадзінніка. Нахіляецца паглядзець: гадзіннік разбіты ўшчэнт. Янэ ўспамінае ўсё і зняможана застывае сярод хаты. Вось жа, ён толькі што вярнуўся з Тамперэ, куды вазіў паперу.
Шаленства і злосць змяніліся тупым зняменнем. Задубелыя на марозе дзеці з маткаю, заліваючыся слязьмі, крадком заходзяць у хату. Болей за ўсіх напалоханы Кале. Аднак бацька нічога не заўважае: ён сядзіць, бяздумна ўтаропіўшыся ў адну кропку. Потым пачынае вадзіць носам, сяк-так дабіраецца да ложка і, напалову раздзеты, засынае.
Тут табе ўсё разам! У Рыйны вырываецца сутаргавы плаксівы ўздых. Янэ яшчэ не ведае, што здарылася, пакуль яго не было дома; ён шалеў з іншай прычыны. Рыйна надзявае спадніцу і выходзіць на двор праверыць каня і сані. Яна бачыць прыхаваную нянавісць у позірку Кале. Учора ён ударыў Віле каленам па спіне: малы можа застацца калекам. Цяжкая хваля смутку і агіды ўздымаецца ў душы кабеты: менавіта цяпер, як ніколі выразна, яна ўбачыла ў Кале рысы ягонага бацькі, ягонага сапраўднага бацькі. Брыдкая, невыносная горыч балюча кусае Рыйну.