Выбрать главу

Жыццё чарговы раз апынулася на новай прыступцы. Назаўтра Янэ павінен быў адпрацоўваць дзень з канём, але ні чалавеку, ні каню гэта было не пад сілу. Дзень так і застаўся неадпрацаваным. Янэ выкідаў гной з хлява, бо карова хутка ўперлася б хрыбтом у столь. Усю зіму гной так і не вывозіўся на поле, бо Янэ вазіў паперу ў Тамперэ. Вазіў і зарабіў агулам паўтары маркі ды разбіты ўшчэнт гадзіннік. А ў ложку ляжаў Віле з хворай спінаю.

Нясцерпна гнятлівым быў той дзень. Небаракі не змаглі нават пасварыцца між сабой, бо кожны адчуваў сваю вялікую віну. Кале стала невыносна цяжка жыць у сям’і, і Рыйна цішком уладкавала яго служкам у адной далёкай гаспадарцы. Так Кале знік з дому. Старэйшай за ім была Хілту, маўклівая бледная дзяўчынка. А Рыйна зноў была цяжарная і зноў нарадзіла дзяўчынку, Лемпі. Потым нарадзіўся хлопчык, Марці. Так яно і ішло адно за адным.

У такіх умовах жыццё не абяцае нічога незвычайнага: ні згубных падзенняў, ні раптоўных узлётаў. Адбываюцца толькі лёгкія штуршкі, ад якіх жыццё нібы перамяшчаецца з адной прыступкі на другую. А калі штуршок мінае, дык пра яго больш і не ўспамінаюць, а працягваюць існаваць на новым узроўні. Бо жыццё ва ўсіх сваіх разнастайных формах застаецца тым жа самым жыццём: трэба толькі пражыць яго, і нічога больш.

Спачатку здавалася, што Віле з цягам часу ачуняе; ён ужо пачаў жвава рухацца, добра есці і спаць. Але потым спіна зноў забалела і ўрэшце загнаілася. Да таго часу ўжо забыліся страшныя падзеі, якія прыпалі якраз на пачатак ягонай хваробы. Жылі як жылося, у маленькай старой хацінцы. Меншалі сілай і нават на дурную галаву прадалі каня.

Гэтак бягуць гады і складваюцца ў дзесяцігоддзі.

Крывая жыцця Юхі Тойвалы – а яго зноў пачалі называць Юхам – паступова пайшла ўніз; тая жыццёвая моц сярэдняга ўзросту аслабела. Калі непрадузята паглядзець на цяперашняе Юхава жыццё, дык яго можна параўнаць з доўгім глыбокім уздыхам перад старанна заслужаным сном. Але сям-там цела пабольвае, сон ніяк не прыходзіць; і яшчэ шмат разоў уздыхне чалавек, перш чым супакоіцца яго ўстрывожаная галава. А перад тым як насунецца глыбокі гаючы сон, чалавек паспее шмат разоў засмуціцца і зноў супакоіцца.

Юха прадаў каня, і грошы тут жа некуды сплылі. Апошнія пайшлі ў аптэку на лекі для Віле – засталіся вартыя жалю капейкі. А ў яго ўжо назбіралася некалькі тыдняў, неадпрацаваных з канём; дый проста неадпрацаваных дзён сабралася досыць шмат, бо адпрацаваў ён разам толькі дванаццаць, а ўжо было самае лета. Гаспадару Юха сказаў, што не знайшоў патрэбнага каня, якога хацеў бы купіць. У адказ гаспадар нічога не сказаў.

Стары Юр’яла памёр. Гаспадаром стаў ягоны сын Тааветці. Ён вучыўся ў земляробчай вучэльні; цяпер ён сказаў, што дамовы, заключаныя торпарамі з ягоным бацькам, для яго не абавязковыя, і ён, калі захоча, можа не прызнаць іх. Гаспадарка перайшла да яго паводле купчай дамовы, і там не было ні слова аб торпарах. Так ён сказаў, калі стаў гаспадаром, але пакуль што «прызнаваў» сваіх торпараў.

Што будзе цяпер старому Тойвалу за неадпрацаваныя дні з канём?

Нядзеля, ціхі сонечны дзень, трэцяя гадзіна. Юха Тойвала сядзіць на парозе хаціны ў адной кашулі, босы і проставалосы. На дварэ цёпла і прыемна, амаль гэтак жа сама цёпла і прыемна на душы. Немагчыма ж увесь час думаць пра тое, як недарэчна атрымалася з продажам каня, як немагчыма дакладна ведаць і пагадзіцца з тым, што ўжо болей ніколі ў яго не будзе свайго каня. Гэта зацішша, нібы перад пераменаю ветру. Лагодны, расслаблены настрой чалавека ў гадах – тут нядоўга і праслязіцца.

Час ад часу праз адчыненыя дзверы даносіцца ціхі плач хворага Віле. Рыйна падыходзіць і пытаецца, ці хоча ён піць. Хлопчыку цяпер даюць толькі ваду, каб змачыць вусны, – і болей нічога. Ён ужо даўно нічога не есць. Лекі скончыліся. Хоць яны аніяк не дапамаглі, усё ж было б лепей, каб яны былі цяпер, калі набліжаецца канец. А іх няма, і праз тое так цяжка на душы. Нічога, апрача вады. Толькі вада на вусны, і хлочык пакорліва прымае гэтыя «лекі».

Чым даўжэй Юха сядзіць, тым часцей чуецца плач Віле і голас Рыйны, якая падае яму піць. Думкі пра Кале, вінаватага ў гэтым няшчасці, не прыходзяць Юху і ў галаву, бо Кале недзе далёка ў свеце. У гэты момант ён нават не сярдуе на Рыйну. Рыйна аслабела, але нясе свой крыж без нараканняў.

Гэтая мяккая туга абуджае ў душы Юхі нязвыклае пачуццё гармоніі. Млосная прыгажосць дня гэтак жа сама ўздзейнічае на Юху, і калі ён зноў пачынае думаць пра тое, што, напэўна, зможа купіць каня, на душы робіцца прыемна і лёгка. І плач хворага Віле нібы бласлаўляе ягоны намер: здаецца, што малы просіць каня і для сябе. Ён нібыта заслужыў гэта сваімі пакутамі.