Выбрать главу

Юха ўстае. Ён яшчэ не збіраецца пайсці менавіта па гэтай справе, але нацягвае боты, апранае сурдут і выпраўляецца з сялібы. Ён адыходзіць усё далей і далей, кіруючыся ў вёску. У глыбіні душы ён ведае, што пойдзе ў Пір’ёлу, а там і вырашыць, ці варта гаварыць са старым гаспадаром аб самым галоўным, ці не. Магчыма, ён сустрэне старога дзе-небудзь каля дома, і тады можна будзе пагаварыць пра што заўгодна, калі не захочацца абмяркоўваць галоўнае.

І сапраўды, ён сустракае старога Пір’ёлу на полі з самасадам, і пачынаецца добрая гамонка аб розных справах. Стары пытаецца сваім ласкавым голасам, як там хлопчык, ці, можа, ужо сканаў? «Не яшчэ». – «Якое доўгае выпрабаванне паслаў Госпад беднаму дзіцяці». Стары ідзе дадому і запрашае Юху: «Зайдзі пакурыць». «Не, зараз не магу, мушу ісці далей», – адказвае Юха і праглынае камяк у горле.

І ён ідзе далей, так і не вырашыўшы нічога. Ногі самі бяздумна нясуць яго па пакручастай дарозе, але душа не ўдзельнічае ў гэтым руху. І гэтым нядзельным вечарам ён уваходзіць у дзверы дома, самага чужога яму ва ўсёй акрузе. Ён заходзіць у новую гасподу Нікілі ў Хар’якангасе. А калі ўжо ты заявіўся да людзей, дык кажы, па якой справе – іначай падумаюць, што ты проста здурнеў. І ён расказвае аб усім Олілаву сыну Антаа – мужчыну сталага веку. І здаецца, што Антаа не супраць паслухаць яго. Голас у Антаа Олілы зычны: напэўна, так ён загадвае парабку, якую браць збрую на запрэжку. Усхваляваным праніклівым голасам Юха расказвае пра надзвычай доўгую хваробу Віле, пра невыносна дарагія лекі і шмат пра што яшчэ. Нарэшце Антаа кажа:

– Скажу як ёсць: я ведаю што ніводнага пенні з пазыкі ад цябе я ніколі не атрымаю, а я не такі чалавек, які кідае грошы на вецер.

Жвава, як малады, ён праходзіць праз пакой, нібы шукаючы нешта, і моўчкі выходзіць вонкі. Юха таксама ўстае і выходзіць. Няўдача ніколькі не засмуціла яго. Аднак ісці назад праз кухню ён не адважваецца і крадком выходзіць у вялікія сені. Шматлікія шыбы адгукаюцца звонкім бразгатам, калі Юха адчыняе дзверы. Пакінуўшы шырокі двор, за плотам ён адчувае сябе больш спакойна і бяспечна. Але ж і далёка сёння ён адышоўся ад сваёй хаты. Ужо адчуваецца вечаровы халадок, пяшчотная чырвань свіціцца ў небе пасля такога доўгага шчаслівага дня.

На нівах вакол вёскі жыта выганяе колас, пакрытая купінамі лясная зямля пахне свежаю вільгаццю. На такой дарозе чалавек з самай прыземленай душою не можа ўвесь час думаць толькі пра свой штодзённы клопат і турботы. Не думае пра гэта і Юха. Не ўспамінае ён ні пра работу, у якую давядзецца запрэгчыся на цэлы тыдзень, ні пра тое, як набыць сабе каня. Ціхая сумота цёплай летняй ночы поўніць наваколле і абуджае ўспаміны з самай далёкай пары жыцця. Нейкае звышнатуральнае прадчуванне шчасця кружыць галаву салодкімі падманнымі надзеямі. Дома ўсе спяць, прыціх і Віле ў сваёй пасцельцы з рыззя. Рыйна прачынаецца, калі Юха кладзецца побач з ёю, і тут жа зноў засынае, імкнучыся хоць хвілінку адпачыць, пакуль спіць Віле.

Шчасцем поўніцца фінская ноч. Калі прырода, якая цягам дзесяцігоддзяў ціснула, шпурляла і цягала чалавека па дарогах жыццёвых узлётаў і падзенняў, раптам змякчаецца і начною парой раскрывае свае ласкавыя абдымкі, дык і далёка немалады чалавек пагружаецца ў халаднаваты спакой летуценняў і марных спадзеваў… Візіт у Нікілю яшчэ больш умацаваў у Юху той незвычайны душэўны настрой. І ў такім стане проста немагчыма ўяўляць будучую працу і патанаць у цяжкіх думах пра тое, як жыць далей. Шчасце прыйдзе іншым шляхам. Віле спіць. Юха зусім не жадае ягонай смерці, але і паверыць, што дзіця паправіцца, ён не можа. Канец ужо недалёка. З гадзіну Юха не можа заснуць, а потым ужо і не спрабуе. Нарэшце ягоныя думкі знаходзяць патрэбны кірунак: ён больш не пойдзе ні ў Пір’ёлу, ні ў Нікілю, а пойдзе заўтра ў Туарылу, што за Тамперэ. Там жа жывуць ягоныя родзічы. Ён болей не думае, ува што яму абыдзецца пакупка каня; ён наогул ні аб чым такім не думае, проста яму неабходна пайсці туды зараз, гэтым вось летам. Спакой наступае імгненна, як толькі Юхавы думкі і намеры становяцца выразна акрэсленымі. Ён устае, нацягвае кашулю, выходзіць на ганак і тут жа вяртаецца ў хату, нібы спалохаўшыся, што начное неба разгоніць думкі, якія так своечасова ўзніклі. Потым ён засынае.

Назаўтра ўранні ён і сапраўды збіраецца ў дарогу. Ён тлумачыць Рыйне, што такое Туарыла і як там жывуць, а потым таямніча намякае, што вернецца не з пустымі рукамі. Рыйна нешта мармыча пра адпрацоўку, пра хворага сына і яшчэ аб нечым такім, а затым зноў пагружаецца ў звычайную абыякавасць. Юха ў самнабулічнай паўпрытомнасці пускаецца ў падарожжа, і апрытомнее ён толькі ў Туарыле.