Выбрать главу

Гэты незвычайны перыяд папярэднічае таму шматпакутліваму адрэзку жыццёвага шляху, які яшчэ давядзецца прайсці няшчаснаму Юху.

Ягоны дзядзька Кале Туарыла памёр у арэоле славы выбітнага гаспадара, які нашчадкам пакінуў квітнеючую гаспадарку, напоўненую духам прагрэсу, што ніяк не стасавалася з прыходам Юхі, асобы цёмнай і падазронай. Гаспадаркаю кіравалі спадкаемцы старога Туарылы. Малады гаспадар адразу пазнаў Юху і праз раскошныя сенцы правёў яго з кухні ў пакоі гаспадароў. І ў гэтую хвіліну зазваніў тэлефон – машынка, якой Юха яшчэ не бачыў зблізку. Высакарослы малады чалавек, брат гаспадара, узяў трубку і пачаў гаварыць. І гаварыў ён па-фінску, аднак Юха нічога не зразумеў, хоць праз адчыненыя дзверы выдатна чулася кожнае слова: «Народныя спевы… Фальклор… Вепсы…» «Кліч яго сюды!» – крыкнуў з пакоя гаспадар.

З гэтым панам Юха і правёў большую частку свайго візіту. Малады гаспадар паставіўся да Юхі надзвычай добразычліва. Ён увесь час спрабаваў выціснуць і з Юхі гэты самы «фальклор», аб якім той не меў ніякага ўяўлення. «А-а-а, паданні, казкі?!» Гэта было зразумела, і Юха нават успацеў, імкнучыся ўспомніць хоць што-небудзь з таго, але без ніякага выніку. Потым Юха завёў гаворку аб сваіх няшчасцях, а малады гаспадар толькі прыгаворваў: «Ага… Ага… Ага…» Нарэшце ён даў Юху дзесяць марак і правёў у пакой, дзе госцю падрыхтавалі пасцель. Ён пажадаў Юху добрай ночы і пайшоў, пакінуўшы яго аднаго. «І вам таксама», – адказаў Юха і застаўся адзін у пакоі, напоўненым п’янкім свежым паветрам і незвычайным водарам чысціні. Усё ягонае падарожжа і знаходжанне сярод такой нязвыклай дзівоснай чысціні здавалася сапраўдным цудам, нечым такім, што адбываецца без ягонага ўдзелу. Юха даследаваў дзіўную сістэму прасцін на ложку. Прасціны былі з тонкага бялюткага палатна, іх было дзве, і адна чамусьці была прышытая да коўдры. Юха адчапіў яе і паклаў на ніжнюю прасціну, успомніў, што ў дадатак да ўсяго ў яго ёсць дзесяць марак, і ўклаўся ў ложак.

Аднекуль здалёк пачуўся плач Віле, і Юха не адразу скеміў, што гэта такое. Аж раптам востры смутак ахапіў усю ягоную істоту. Душа апрытомнела і вызвалілася ад ілюзій, а стомленае цела пагрузілася ў глыбокі сон сярод хмельнага водару чысціні.

Раздзел V

Смерць стараецца як можа

Дзень у сярэдзіне лета спякотны і доўгі. Гэта асабліва адчуваецца на разложыстай, на некалькі міль, верасовай пустцы, якая раздзяляе два ўраджайныя прыходы і цераз якую здавён пралягае пакручасты бальшак з верставымі слупамі – дарога, якая вядзе на поўнач у Эстэрботнію. З пакалення ў пакаленне па гэтым шляху самотна брыдуць людзі, і дрыготкі страх перад гэтай пусткаю ахоплівае іх, калі яны вяртаюцца з горада, седзячы на вазах, і на працягу шматлікіх вёрстаў змрочным унутраным позіркам разглядаюць сваю вызваленую гарэлкаю дзіцячую сутнасць; успамінаюць былое, будуюць планы на будучае, а калі паказваецца першая вёска, пачынаюць радасна гарлаць, вызваляючы свае душы ад трывожнага цяжару.

Тут кожны самы маленькі пагорачак мае сваё ўласнае імя, якое ведаюць жыхары ўсіх суседніх прыходаў. Колькі людзей праходзіла па гэтых пагорках, прыкідваючы, ці хутка будзе канец гэтага шляху, колькі людзей, адольваючы гэты звілісты шлях па крутых горках, думалі аб родным доме, і штосьці вялізнае і нябачнае гняло іхнія душы. Абапал дарогі цягнецца аднастайны роўны бор, і нават цяжка ўявіць, што такі лес некаму належыць. Тут не зашчабеча птушка, не праскача заяц. Толькі адзін раз нехта паспрабаваў паставіць тут хаціну, але нядоўга вытрываў, каб жыць у гэткім месцы. Дошкі, якімі былі пазабіваныя вокны, з цягам часу пайшлі, нібы сівізною, шэрым старэчым налётам.

І толькі сляпні нястомна раíліся над гарачым, спацелым ад летняй спёкі канём самотнага падарожніка, суправаждаючы яго па ўсёй дарозе ад аднаго прыхода да другога.

Поўдзень. Недзе каля дарогі праз гэтае пустэльнае ўрочышча сядзіць змораны спёкаю Юха Тойвала. Ён выйшаў з Туарылы тры дні таму і вось толькі цяпер дабраўся дасюль. Павольным быў ягоны шлях. Ён заначаваў у Тамперэ на пастаялым двары аднаго свайго знаёмага гандляра, уранні пайшоў на рынак, купіў праснак і падсілкаваўся. А яшчэ ён купіў паўкілаграма кавы, гэтулькі ж цукру, і засталося ў яго восем марак і восем пенні ад той дзясяткі, што даў яму малады Туарыла. Цяжка вырашыць, куды яшчэ іх патраціць. Не пашкодзіла б і крыху выпіць, каб палепшыць настрой, аднак пайсці ў вінную краму яму было ўжо не пад сілу. Бо гэтыя восем марак – вынік ягонага ўрачыстага візіту ў Туарылу, а таму яны ўтрая даражэйшыя, але ўвесь час прыпякаюць і раздражняюць. Дома чакае пара дзясяткаў розных дзюрак, якія трэба залатаць, але на ўсе затычкі васьмі марак не хопіць. Дый каня на іх ніяк не купіш… Вядома, каня… Думка пра гэта заўсёды заканчваецца горкай усмешкаю.