Тут, у глыбокім спакоі верасовай пусткі, Юха можа цалкам пагрузіцца ў сваю адвечную неадольную скруху. Тут няма на каго злавацца, не трэба прыкідвацца хітрэйшым і мудрэйшым, чым ты ёсць. Ён набліжаецца да родных мясцін пасля працяглага падарожжа – паслязаўтра ўранні будзе тыдзень, як ён выйшаў з дому, а такое вяртанне заўсёды робіцца невясёлым, заўсёды на душы ляжыць цяжкі камень, незалежна ад таго, якія няўдачы трапляліся па дарозе. А калі ўсё падарожжа было сапраўды няўдалым, дык старому чалавеку хочацца плакаць, калі ён вяртаецца ў сваю бедную хату. А Юха Тойвала цяпер ужо зусім стары. Ён адчувае, што гэтае падарожжа, самае доўгае за апошняе дзесяцігоддзе, – гэта той высокі падступны парог, за якім знаходзіцца такая нізкая падлога, што, неаглядна пераступіўшы яго, можна паваліцца. А Юха Тойвала пераступіў парог сваёй старасці. І седзячы тут, ён адчувае гэта, бо вяртаецца з часоў свайго дзяцінства, з часоў, калі памірала ягоная маці.
Так прыйшла старасць, а разам з ёй з’явіўся і яе паганы хаўруснік – нячысцік самакапання – і ўпершыню жалезнымі кіпцюрамі ўчапіўся ў безабароннага Юху. Пяць дзён гэтага падарожжа якраз і ёсць кароткі падрахунак усяго ягонага былога, ягоных задумак, намераў і спадзеваў; яны нібыта адсунуліся далёка ў мінулае, а яно ўбачылася больш выразна; і цяпер перад Юхам паўстаюць усе драбніцы былога жыцця – таго самага жыцця, якое не надта лашчыла і песціла яго. Такіх падрабязнасцей вельмі шмат, нават занадта, і калі яны ўсе разам усплываюць у галаве, патрабуючы одуму, хочацца ўцячы ад іх, падняцца і пайсці далей. Такое здаралася і раней. Але цяпер нячысцік ужо моцна трымае сваю здабычу і спакушальна нашэптвае: «Ты стаміўся, дзень такі спякотны, дарога такая далёкая, ты ж выдатна ведаеш, што чакае цябе дома, дык хоць пасядзі як след, ты, хадок па родзічах».
Успамінаючы свае неразумна дзіцячыя спадзяванні, з якімі ён выправіўся ў падарожжа, Юха злосна плюе. Падзёншчына за тыдзень так і не адпрацаваная, а колькі ж цяпер у цябе тых неадпрацаваных дзён? Адпрацоўка на кані не зроблена яшчэ з самай вясны – ты ж прадаў каня і вось толькі цяпер даўмеўся, што другога каня ты ніколі не купіш… Ад тых грошай засталіся тры пенні пасля аптэкі – во яны, ляжаць на дне кашалька. А гэта цягне за сабой чараду яшчэ больш горкіх думак: «Рыйна… Гэта тое стварэнне… З якім ты пражыў усе тыя гады… Каля яе ты ляжаў кожную ноч…» Рыйна – гэта велічэзны ўяўны вобраз, які неадольна пранікае ў ягоны розум… Ён бачыць усе неабдымна брыдкія рысы гэтай жанчыны, ад якіх няма куды падзецца ў гэтай рэальнасці. Рыйна ніякім чынам не залежыць ад яго, ён – ад Рыйны, яны абое залежаць ад жыцця. Нябачныя падсвядомыя патокі на працягу ўсіх цяжка пражытых разам дзесяцігоддзяў злучалі іх, напаўняючы жыццё нечым атрутна кіслым; іхнія нелады і сваркі – гэта нелады і сваркі з самім сабою. Кожнае лета яны разам ходзяць да прычасця, заўсёды спяць пад адной коўдраю, яны ўжо амаль не размаўляюць адно з адным, а моўчкі варочаюцца з боку на бок, крэхкаючы і кашляючы.
У старэючым розуме Юхі міжволі пачынаецца працэс – з’ява, якую называюць стварэннем жыццёвага погляду. Пастарэлы Юха нашмат лягчэй навучыўся б лятаць, чым усвядоміць сэнс і значэнне гэтых слоў, аднак для яго ўжо надышоў час одуму, як надыходзіць час асенняга лістападу для дрэва, якое скідае лістоту, не ведаючы, што працэс гэты адбываецца паводле законаў батанікі. Цяпер Юха лічыць, што ён канчаткова зразумеў, што за такая з’ява – жыццё. Гэта нейкае па-вар’яцку кіслае пітво, якога заліваюць у чалавека болей, чым ён можа ператравіць, і праз тое ён толькі знемагае і задыхаецца, нібыта адзін застаўся працаваць у вялізнай пуні, куды дзесяць пар дужых коней бесперапынна вязуць і вязуць цяжкія вазы сена. І гэтак да скону…
Ад думкі пра смерць Юха ўскаквае з абочыны і хуткімі крокамі рушыць далей. Ён ужо стары, яму ўжо споўнілася пяцьдзясят, дык калі і як ён памрэ? Ён не жадае нават спрабаваць уцяміць, што нейкім чынам парвецца заўсёдная сувязь з усім малым і вялікім, са сваімі блізкімі, з усім тым, што існавала з першапачатковага часу… Як гэта?.. Са дня стварэння свету, ну як сказаць іначай, гэта ж нешта… такое… такое ўсёабдымнае. А гэткая сувязь – яна і ёсць увесь свет. Іншыя ж людзі, якія жывуць і паміраюць навокал яго, – гэта адно толькі нязначныя часцінкі тае вялікае сусветнае сувязі… Я таксама памру. А як чалавек расстаецца з душою?.. Бог? Вось яно, сапраўднае месца, дзе павінен быць Бог! Толькі цяпер я ўразумеў, што такое Бог. Ён зладзіць маю смерць належным годным чынам, ён зробіць так, каб гэты незразумелы, шалёны, вялізны і непазбыўны свет не загінуў, калі я памру.