Словамі проста немагчыма перадаць усе гэтыя думкі і ўяўленні, якія нараджаюцца ў галаве ў Юхі. Ён вяртаецца са свайго неразумнага і нікому з жыхароў Туарылы не зразумелага падарожжа. Падарожжа, якое не прынесла ніякай карысці, а толькі падпаліла крылы ягонай мудрасці і вярнула яму разуменне зямных спраў. Так ён рушыць сам-насам са сваімі думкамі і непахісна верыць, што ён і ёсць цэнтрам жыцця, якое змяшчаецца ў ягонай свядомасці, гэтак жа сама, як ён змяшчаецца ў цэнтры нябеснай сферы. Ён адзін ва ўсім свеце вакол яго, сённяшні дзень – гэта нешта накшталт сумесі ўсяго будзённага і святочнага, калі ён, растраціўшы сілы і надзеі, ледзьве цягнецца знаёмымі палеткамі. А родная хата, здаецца, выглядае зусім не так, як звычайна, нібы і яна ўвесь гэты час была ў глыбокім роздуме. Можа, там няма хлеба, дык на тыя восем марак, што засталіся ў яго, можна купіць колькі заўгодна. Вось ты і дома… Толькі нядобрае пачуццё чамусьці гняце тваю душу…
З апошніх сіл Юха адольвае дзве прыступкі ганка, уваходзіць у сенцы, адчыняе дзверы, і ў нос яму б’е знаёмы пах падгнілага дрэва. Рыйна сядзіць на лаўцы і моўчкі (яны звычайна не вітаюцца) шые нейкую белую вопратку. Віле нідзе не відаць.
Незвычайны выгляд хаціны яшчэ больш узмацняе нядобрае пачуццё, якое авалодала Юхам у дарозе. Вось жа, пакуль яго не было, Віле сканаў. Юха вешае на цвік каля дзвярэй сваю кайстру, пашытую з сабачай скуры. Усе маўчаць у чаканні, што хтосьці загаворыць першы. Маўчаць дарослыя, маўчаць дзеці. Потым пачынаюцца раздражнёныя роспыты, і нарэшце даходзяць да галоўнага. Тады пытанні задае толькі Юха.
Юха здымае боты і сурдут. Потым ён моўчкі сядае на ганак. Вечарэе, халаднее. Юха сядзіць у святочна ўрачыстым настроі, і здаецца, што працэс асэнсавання жыцця спыняецца. Смерць Віле – гэта такая вялікая палёгка, што асэнсаванне прыходзіць не адразу. Няўжо тое кіслае пітво, у якім патанае ягоная істота, цяпер расступаецца, і можна вынырнуць на паверхню жыццёвага мора, аддыхацца і пажыць далей?
У такім разе паход у Туарылу набывае зусім іншы сэнс і значэнне. Дзесяць марак за шэсць дзён – гэта зусім нядрэнна, і ўсе непрыемнасці адступаюць і забываюцца. Вось пахаваем хлопчыка, а далей што? Не, застаецца, застаецца застарэлая горыч жыцця, і палёгка тая – толькі кароткачасовае забыццё.
Ва ўсякім разе, смерць хлопчыка зрабіла так, што Юха, седзячы на прыступках ганка, адчуў сябе такім свежым, нібы пасля доўгага здаровага сну. Гэта чуецца ў тых бадзёрых воклічах, якімі ён уціхамірвае дзяцей, што моцна разгуляліся ў двары.
А прырода зноў паціху схіляецца да восені. Ужо ў сярэдзіне лета восень крадзецца ў нетры пакуль яшчэ густа-зялёных лясоў, прабіраецца на панылыя сялянскія нівы. Яшчэ не холадна і ў адной кашулі, яшчэ цямнее старая скура ў выразах лёгкай вопраткі. Цёплае ў жылаватых руках грабільна, цёплы і водар скошанага на пагорках сена, які далятае да самай хаткі.
А водар толькі што звязаных венікаў яшчэ больш свежы і халаднаваты. Цяплом, святлом і сваёй духмянасцю прырода ахутвае маленькае ўбогае жытло чалавека, якое стаілася ў самым сэрцы сусветнай прыгажосці дзеля таго, каб не чуўся ягоны цяжкі пах. А жытло гэтае па-ранейшаму нясе на сабе адбітак смутку і тугі. Да Купалля на ягоных прызбах яшчэ цепляцца нейкія слабыя спадзевы, аднак з цягам часу ад іх застаюцца толькі кволыя ўспаміны. У жніўні поўдзень усё яшчэ багата насычаны цеплынёю і святлом, аднак у гэтым цяпле, якое сагравае тоненькую касу дзяўчынкі з торпарскай хаткі, ужо выразна адчуваецца восеньская паныласць.
Жыццё на лясным торпе за лета праходзіць праз усе тыя вонкавыя пераўтварэнні, што адбываюцца і на раўнінным цэнтры ўсяго прыхода. І тут бясконца паўтараюцца тыя самыя часы ворыва, сяўбы і жніва, якія патрабуюць намаганняў, што знясільваюць, на ўсіх прасторах зямлі. Такая ўжо чалавечая доля: працаваць і працаваць, нягледзячы ні на што. І нават самы нямоглы працаўнік не можа пазбегнуць такой долі. У гарачую пару сялянскай працы ён са дня ў дзень усё болей траціць сілы, і гэтая стома з цягам часу штогод большае і большае.
Смерць узбадзёрвае. Пасля таго як памёр Віле, жыццё ў Тойвале на пэўны час набыло нейкае святочнае адценне. Здавалася, што заўсёды, калі, самазабыўна працуючы, часам азірнешся назад, дык убачыш, што мінулыя гады і дзесяцігоддзі ахінутыя своеасаблівым святочным вэлюмам. Юха стаў яшчэ больш маўклівым і праз тое набыў больш суровы выгляд. Здавалася, што рэдкія валасы, якія яшчэ засталіся на патыліцы, цяпер тырчалі яшчэ больш нахабна і задзірыста, а ў маленькіх вочках стаіўся нейкі імглісты калючы выраз. Ён зноў пачаў старанна адпрацоўваць абавязковыя дні. Гаспадар дазволіў яму працаваць і болей не чапляўся за неадпрацаваныя дні з канём. Калі пасля абеду падзёншчыкі размяшчаліся на адпачынак у двары, заводзячы размовы аб усім і ні аб чым, стары Тойвала распачынаў гаворку пра Бога і прамаўляў даўжэзную казань, у якой выразна адчуваўся «кіслы» погляд на жыццё і адначасова выяўлялася ўпартае жаданне гаварыць пра тое бясконца. Гэта дзейнічала на гаспадара і працаўнікоў як вядро ледзяной вады. І тут было заўважна, як моцна пастарэў за гэтае лета Юха Тойвала.