Аднак гэта было ўсяго толькі наступствам ягонага ціхага святочнага настрою. Юху поўніла цвёрдая ўпэўненасць, што смерць узвысіла яго не толькі перад людзьмі, але і перад самім сабою і нават перад Богам. Вось так, цяпер ён нароўні з усімі, хто хоць крыху прызнае Бога: з падзёншчыкамі і з гаспадаром, і ўжо не трэба ні запабягаць перад імі, ні дагаджаць ім. Праўда, большасць з іх – гэта проста марныя людзі, якія не ведаюць, што такое Бог, а таму даводзіцца перабіваць іхнія пустыя размовы.
Калі Юха пры канцы лета вяртаецца з гаспадарскай сялібы ў Тойвалу, ідучы знаёмай дарогай паўз стары плот, ніякія новыя задумы не хвалююць яго, дый няўдалыя старыя не выклікаюць расчаравання і горкіх пачуццяў. Пасля вяртання з Туарылы наступіла зацішша, чаканне нечага невядомага. Смерць Віле яшчэ не забытая, але адчуваецца, што жыццё чарговы раз змяняе свой кірунак. Шмат чаго яшчэ канчаткова не высветлена, хутка давядзецца вырашаць што-небудзь і наконт торпа, бо цяпер у яго няма каня. Але думаць пра тое на дзіва няма ахвоты. І кожны дзень ён удзячны гаспадару, што не напамінае і нічога не кажа пра тое. Тут спачатку трэба ўчыніць штосьці іншае, а вось што – ніяк не прыдумваецца. Што ж, будзем чакаць, час усё адно ідзе паціху.
На хутары Тойвала стома з цягам часу зрабілася штодзённай і звыклаю. Рыйна зроду не была ўвішнаю ці стараннаю, і ні расол, ні бульба, ні сыракваша не змянілі яе вялай натуры да самай сталай пары. Часта яна, седзячы з дзіцём на руках, думала, якія, у сутнасці сваёй, дурныя жаданні прымушаюць служанак выходзіць замуж. Яе апаноўваў такі роздум, яна імкнулася прыпомніць, што яна думала ў часы, калі сама была служанкаю. І вынікала, што вялікая перавага ў становішчы служанак акурат у тым, што, кладучыся спаць увечары, служанка не гадае, што ёй давядзецца рабіць назаўтра або што засталося недакончаным сёння. Для служанак такія пытанні не мелі ніякага значэння, а для гаспадыні торпа – гэта аб’ект пастаянных турбот. А вось з нараджэннем дзіцяці ўзнікае зусім іншае становішча. Калі родзіць служанка – гэта паказвае яе распуснасць, а для замужняй жанчыны – з’ява звычайная, якая толькі змяняе жыццёвую прозу кабеты так, што, гледзячы збоку, можна і паспачуваць ёй. А паколькі такая проза – гэта непазбежная жаночая доля, дык служанка заўсёды імкнецца выйсці замуж. Магчыма, і вокрыкі гаспадыні адыгрываюць сваю ролю, выклікаючы ўнутраны супраціў – вось выйду замуж і вырвуся на волю. Але Рыйна не аднойчы горка ўсміхалася, успамінаючы сваё прывольнае жыццё, калі яна была служанкаю. Гэта так прыемна ўспомніць, пакуль старога няма дома, а ты сядзіш каля печы і чакаеш, калі закіпіць кафейнік.
Рыйнаю авалодала бясконцая стома. Пасля апошніх родаў у яе пачалася жаночая хвароба, аб якой яна не наважвалася распавесці ніякай жанчыне – не тое што Юху. Гэтым летам хвароба штосілы ўгрызалася ў яе, знясільвала да поўнай знямогі і галавакружэнняў, асабліва калі ёй даводзілася цягаць цяжкія вязанкі травы. Пра тое яна нічога не хацела казаць, а таму ўзнікалі новыя цяжкасці. Найперш трэба было, каб стары спаў асобна. Рыйна загаварыла пра тое так, нібы ўсё было вырашана загадзя, але ў раздражненні нават не патлумачыла, што да чаго. Стары паглядзеў на яе доўгім уважлівым позіркам, але саступіў, зразумеўшы справу на свой капыл; ён за апошні час таксама моцна змяніўся.
Стома ж усё мацнела, а сілы меншалі. Цяпер пэўныя дробныя рэчы ў гаспадарцы міжволі заставаліся нязробленымі. Часта, калі старога не было дома, Рыйна ў знямозе ўкладвалася на ложак крыху перадыхнуць. Праўда, Хілту была працавітаю дзяўчынкай, нібы ў жылах яе цякла іншая кроў, і ахвотна дапамагала матцы, але не з усім у гаспадарцы яна магла справіцца, хоць і прайшла канфірмацыю. І крычаць на яе не выпадала, бо яна была цярплівая як анёлак, але вельмі слабая. Яе ніколі не каралі, бо варта было толькі пасварыцца, як яна залівалася слязьмі, і гэта ў тым узросце, калі іншыя дзяўчаткі ўжо заглядваліся на хлопцаў. Хілту была гэткая кволая і непрыдатная для жыцця ў такіх умовах, што Рыйна і не ўсхліпнула б, калі б дзяўчынка раптам сканала. Рыйна не давала ёй шмат працы і рабіла ўсё сама, як бы дрэнна ні пачувалася. Таму шмат чаго даводзілася адкладаць на заўтра.